Вы тут

Як рамеснік узводзіць на прысядзібным участку копію архітэктурнага помніка


Сяргей Бандарэнка ўзяўся за справу два гады таму. За гэты час пабудаваны дзве вежы і часткова муры. Пры гэтым захоўваюцца ўсе прапорцыі, а сам макет з'яўляецца копіяй старажытнага замка, зменшанай у дзесяць разоў.


Турысты, якія прыязджаюць паглядзець на руіны Крэўскага замка, часта заязджаюць і ў вёску Чухны. Дарога сюды хоць і кароткая, але дрэнная — адны ямы ды калдобіны. Але гэтая недарэчнасць хутка саступае месца іншым уражанням — здзіўленню і захапленню. Бо сярод вясковай вуліцы раптам вырастае пяціметровая мураваная вежа.

Натхніў майстра на такі праект сам замак — адзін з самых старажытных у Беларусі. Ён быў узведзены яшчэ ў ХІV стагоддзі і з'яўляецца першай мураванай пабудовай на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Замак вядомы і тым, што тут была падпісана Крэўская унія, якая аб'яднала ВКЛ і Польшчу ў адну дзяржаву. Цяпер ад велічнай пабудовы мала што засталося. Каб не страціць і таго, што ёсць, з фонду Прэзідэнта выдзелена каля 900 тысяч рублёў на кансервацыю рэшткаў вежаў і сцяны.

Сяргей Бандарэнка задумаў паказаць у паменшанай копіі былую веліч мураванай крэпасці. Ён мае намер узвесці замак цалкам, з вежамі, крапаснымі мурамі і рвом на плошчы каля 80 квадратных метраў. Вітражы на вокнах будуць падсвечвацца знутры. Адметна, што копія Крэўскага замка будуецца з сапраўдных яго адбіткаў.

— У сцяну майго замка таксама ўкладзена крэўская цэгла, якую некалі вывозілі на сметнік, гэта арачная цэгла, — расказвае майстар. — Гліна па колеры такая ж, як і на старажытным помніку, з таго ж кар'ера, ну і чарапіца. Усё робіцца ў зменшаным варыянце, у тым ліку і цэгла.

На адну толькі сцяну пяціметровай вежы спатрэбілася больш за 200 тысяч цаглінак. Яны ўсяго па некалькі сантыметраў, і для іх вырабу створаны адмысловыя формы.

Перад тым як пачаць работу, быў зроблены макет замка ў 3D-фармаце. Сяргей Бандарэнка мяркуе, што розныя эпохі наклалі адбітак на крэпасць. Магчыма, былі драўляныя вежы на галерэях, аб чым сведчаць перапады ў складзе сцяны, якая цягнецца амаль на 100 метраў. Захаваліся гнёзды ад бэлек баявой галерэі і аўтэнтычная бутавая муроўка, якая таксама будзе закансервавана. Сяргей назірае за гэтымі работамі, бо каля замка знаходзіцца яго гандлёвы павільён. А гліняныя і каваныя рэчы майстар робіць у майстэрні на вясковай сядзібе, дзе будуе свой цагляны макет. Дарэчы, сюды можна прыехаць і нешта зляпіць ці дапамагчы ў пабудове копіі замка. У майстра яшчэ шмат задумак.

— У сярэдзіне будуць макеты іншых замкаў, вакол іх — ваенныя сцэны тэракотавай арміі, цалкам ручная работа. Як і раней, замак павінен адпавядаць свайму абарончаму прызначэнню, будуць кузня, коні, гаспадарчыя будынкі. Думаю, праз два гады завяршыць пабудову, — робіць прагноз Сяргей Бандарэнка.

Вакол замка з'явіцца сярэднявечны мураваны лабірынт, дзе можна будзе не толькі блукаць, але і пасядзець, паразважаць сярод камянёў. Майстар высадзіў для гэтых мэт 200 елак, камяні для агароджы збірае па наваколлі.

Мясцовых жыхароў тут зусім мала — каля дзесяці, і яны ганарацца, што ў вёсцы будзе сапраўдны замак. Майстар пераехаў сюды некалькі гадоў таму, і адразу прыняўся за справу. Зладзіў майстэрню і загарэўся ідэяй адбудаваць копію былой славутасці. Праўда, прыйшлося сутыкнуцца з шэрагам бюракратычных праблем. Напрыклад, не атрымаў дазволу будаваць на ўчастку, які спецыяльна набыў для гэтых мэт. Прыйшлося ўзводзіць замак на сваім агародзе. Праблемы ўзніклі і пры рэгістрацыі незвычайнай пабудовы. Было вырашана назваць аб'ект «назіральнай тэрасай».

— На жаль, не ўдалося атрымаць еўрапейскі грант, бо нас не зарэгістравалі як юрыдычных асоб, — успамінае Бандарэнка. — Але мы не адмовіліся ад рэалізацыі ідэі. Хочацца зрабіць нешта адметнае.

Распачаць справу дапамаглі сродкі, сабраныя праз краўдплатформу «Талака». На будоўлю ідуць грошы ад рамесніцкай дзейнасці сям'і, хоць гандаль не заўсёды ўдалы. Сяргей прызнаецца, што гэты праект надае сэнс яго жыццю. Ён бачыць, што вакол шмат нераўнадушных і зацікаўленых людзей, якія таксама дбаюць аб сваёй гістарычнай спадчыне.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Крэўскі замак на... падворку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».