Вы тут

Стаць спартыўнай краінай


Другая субота верасня. Сонечна і цёпла, як летам. У дворыках спальных раёнаў сталіцы ціха, нават дзяцей няма, а ў цэнтры, уздоўж набярэжнай ракі Свіслач і праспекта Пераможцаў – шумна і шматлюдна. Здаецца, што ўсе мінчане і госці сталіцы і нават госці краіны сабраліся тут. Разам з малымі дзецьмі і сталымі бацькамі людзі прыйшлі на свята горада, Мінску – 951 год. Гучыць музыка, лунаюць усмешкі, пахне салодкай ватай і шашлыкамі. Але ёсць пэўная асаблівасць у Дня горада Мінска, асаблівасць, якая становіцца традыцыяй, – фізкультурна-спартыўнае свята, якое становіцца сапраўды народным. Бо любы ахвотны можа ўзяць у ім удзел: і малыя дзеці, і тыя, хто прыйшоў проста паглядзець, і спартсмены, і студэнты, і дзяржаўныя служачыя. Дарэчы, менавіта студэнты і дзяржаўныя служачыя задаюць тон, бо ўдзельнічаюць у эстафетных гонках на лыжаролерах і ролікавых каньках, з гэтых эстафет і пачаўся Дзень Мінска — 2018.


Першымі стартавалі студэнты, але яшчэ за паўгадзіны да старту да невялікай групы  спартсменаў падышоў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Трошкі пазней высветлілася, што алімпійская чэмпіёнка Надзея Скардзіна і канькабежцы Марына Зуева і Ігнат Галавацюк, з якімі ён гутарыў,  складалі разам з лідарам краіны каманду, якая выступала ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта. 

Потым беларускі лідар праехаўся па спартыўнай трасе разам з Надзеяй Скардзіна – у якасці размінкі. Яшчэ пазней ён гэтак жа размяўся з малодшым сынам. І напэўна, гэта было найлепшым піярам святочных спаборніцтваў. Усе, хто прыйшоў на Дзень горада, маглі ўбачыць лідара краіны зусім побач, многія здымалі кіраўніка дзяржавы на камеры сваіх смартфонаў. І нягледзячы на бездакорную работу службы бяспекі, а магчыма, дзякуючы менавіта такой яе рабоце, здавалася, што паміж кіраўніцтвам краіны і гараджанамі няма ніякіх нябачных граніц.

Эстафета такое ўражанне толькі ўзмацніла. Але па парадку. Даўжыня трасы, якая праходзіла па праспекце Пераможцаў (рух аўтамабіляў па гарадской магістралі быў перакрыты), склала 2 кіламетры 800 метраў, гэту трасу павінны былі прайсці па чарзе кожны з чатырох удзельнікаў каманды. Стартавалі і фінішавалі спартсмены каля Палаца спорту, разварот рабілі каля перакрыжавання з вуліцай Гвардзейскай. Спачатку спаборнічалі паміж сабой студэнты вышэйшых навучальных устаноў і каманда аматараў. Дарэчы, у складзе апошняй выступіў самы юны ўдзельнік гонкі -- вучань 8 класа Астрашыцкай школы Мікалай Лукашэнка. Трэба сказаць, што малады чалавек паказаў сябе досыць тэхнічным і хуткім бегуном. У склад кожнай каманды ўваходзілі дзве жанчыны і два мужчыны.

Эстафетную гонку сярод камандаў органаў дзяржаўнага кіравання і сілавых ведамстваў завяршалі кіраўнікі гэтых ведамстваў і органаў. Выйграла спаборніцтва паміж ВНУ каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, на другую прыступку п’едэстала падняліся студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, бронзавыя медалі заваявалі студэнты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Узнагароджванне маладых людзей праводзіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава.

У другой гонцы ўдзельнічалі 11 камандаў, у кожнай па чатыры чалавекі. Пры аб’яўленні складаў і стала вядома, што Нацыянальны алімпійскі камітэт прадставяць Надзея Скардзіна, Марына Зуева, Ігнат Галавацюк і Прэзідэнт НАК – Аляксандр Лукашэнка. З імі спаборнічалі каманды, якія прадстаўлялі Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўны пагранічны камітэт, Дзяржаўны мытны камітэт, міністэрствы адукацыі, спорту і турызму, унутраных спраў, аховы здароўя, абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выставіла дзве каманды.

Трэба сказаць, што пасля першага этапу лідзіравала каманда Камітэта дзяржаўнай бяспекі, другім перадаў эстафету прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў, трэцяй фінішавала Надзея Скардзіна. Але ўжо на другім этапе Марына Зуева вывела каманду Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў лідары, а Ігнат Галавацюк і Аляксандр Лукашэнка замацавалі перамогу.

Другой на фініш прыйшла каманда Камітэта дзяржаўнай бяспекі, трэцім фінішаваў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. І менавіта ўдзел кіраўніка міністэрства вывеў каманду на другое месца, бо такія былі правілы спаборніцтваў.

У выніку мэр Мінска Андрэй Шорац уручыў залатыя медалі камандзе Нацыянальнага алімпійскага камітэта, сярэбраныя – камандзе Міністэрства спорту і турызму, бронзавыя – камандзе Камітэта дзяржбяспекі.

Потым былі фотасесіі, абмен уражаннямі, смех і пацісканні рук. Свята прадоўжылася масавым стартам. Адначасова на розных пляцоўках адбываліся іншыя спаборніцтвы. Мінск у гэты дзень не проста гуляў, Мінск у гэты дзень займаўся спортам – весела, па-фестывальнаму.

А эстафета паказала, што ў нашай краіне трэба не толькі ўмець кіраваць, быць прафесіяналам сваёй справы, чалавекам па-добраму амбіцыйным, але і быць у добрай спартыўнай форме. І датычыцца гэта як дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў сілавых структур, так і студэнтаў, усіх і кожнага. Марына Зуева сказала пра ролікі: “Гэта весела!” Але гэта яшчэ і здорава, ад слова здароўе. Мы можам стаць краінай здаровых людзей. Для гэтага трэба заняцца сабой, выдзеліць час для трэніровак. Не дзеля кар’еры. Дзеля сябе. І сваіх дзяцей, для якіх мы прыклад. Каб яны таксама займаліся спортам, і каб мы не сталі для іх цяжарам у будучыні. Для гэтага трэба заставацца маладымі і падцягнутымі. А яны няхай перадаюць эстафету наступнаму пакаленню.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.