Вы тут

Што хаваецца за назвамі новых прафесій?


Падрыхтоўка па пяці новых спецыяльнасцях распачалася ў бягучым навучальным годзе ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.


Так, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы сталі рыхтаваць спецыялістаў па захоўванні і перапрацоўцы збожжа. Як расказала начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА, увядзенне гэтай спецыяльнасці было ініцыяванае арганізацыямі камітэта хлебапрадуктаў Мінсельгасхарча. Выпускнікі дадзенай спецыяльнасці будуць эксплуатаваць высокатэхналагічнае абсталяванне, якім аснашчаюцца сучасныя прадпрыемствы.

— У 2014 годзе Беларусь стала 68-м членам міжнароднай арганізацыі WorldSkіlls Іnternatіonal. Асноўнай яе задачай з'яўляецца правядзенне міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства. Прымаючы ўдзел у чэмпіянатах, наша каманда не толькі набывае новыя веды пра змест прафесійных стандартаў, але і вывучае кампетэнцыі, якія пакуль адсутнічаюць у нашых установах адукацыі, — падкрэслівае Аляксандра Пятрова. — Так, пасля аналізу зместу кампетэнцыі «Візуальны мерчандайзінг», якую прадстаўляюць на чэмпіянаце ўдзельнікі з розных краін, мы разам з уладальнікамі гандлёвых аб'ектаў распрацавалі адукацыйную праграму для падрыхтоўкі спецыялістаў, здольных распрацаваць візуальную канцэпцыю магазіна, салона ці іншага аб'екта, якая б заваблівала пакупнікоў і рабіла працэс куплі максімальна камфортным. Прычым яны павінны ахопліваць увесь працэс: ад стварэння эскіза да рэалізацыі канцэпцыі. Пры распрацоўцы новай спецыяльнасці ўлічваўся вопыт падрыхтоўкі па аналагічных спецыяльнасцях у замежных каледжах. У верасні спецыялістаў па візуальным мерчандайзінгу пачалі рыхтаваць у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М. Кедышкі. Калі мы адчуем попыт з боку заказчыкаў кадраў, то будзем пашыраць «геаграфію» новай спецыяльнасці, укараняючы яе і ў іншых установах прафесійнай адукацыі.

Прыкладам паспяховага супрацоўніцтва сістэмы адукацыі, вытворчага сектара і бізнесу стала з'яўленне ў навучальных установах прафесіі «мантажнік каркасна-абшывачных канструкцый сухога будаўніцтва». Пры распрацоўцы праграмы ўлічваліся патрабаванні ў кампетэнцыі «Сухое будаўніцтва» WorldSkіlls Іnternatіonal. Вялікую дапамогу ў яе распрацоўцы і падрыхтоўцы майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў аказалі спецыялісты кампаній Knauf і «Белгіпс». Адпаведных спецыялістаў цяпер рыхтуюць на базе Мінскага дзяржаўнага ПТК будаўніцтва, Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 і Мінскага прафесійнага ліцэя № 12.

Удала прайшоў сёлета прыём па такіх новых спецыяльнасцях, як «сацыяльная работа» ў Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання і «ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» у Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы. Увогуле на новыя спецыяльнасці абітурыенты, як правіла, паступаюць вельмі ахвотна, дзякуючы вялікай піяр-кампаніі, якую праводзяць навучальныя ўстановы і СМІ.

Сёння разглядаецца магчымасць па ўключэнні ў пералік прафесійнай адукацыі спецыяльнасцяў, звязаных з эксплуатацыяй прамысловых робатаў, адытыўнымі тэхналогіямі, вытворчасцю і абслугоўваннем электрамабіляў, выкарыстаннем сучасных дарожных пакрыццяў і іншых. «Мы імкнёмся да таго, каб у нейкай меры апярэджваць эканамічны сектар, каб не было збояў пры камплектаванні калектываў спецыялістамі, якія б хутка адаптаваліся да сучаснай вытворчасці», — падкрэслівае Аляксандра Пятрова.

Напрыклад, спецыяльнасць «мехатроніка» была ўведзена на апярэджанне. Па сваёй сутнасці гэта дастаткова складаная прафесія, якая аб'ядноўвае веданне механікі, электронікі, гідраўлікі і пнеўматыкі ў абслугоўванні высокатэхналагічнага абсталявання. Такія спецыялісты сёння востра запатрабаваныя ў машынабудаванні, радыётэхніцы, харчовай прамысловасці. З улікам паўсюднага ўкаранення ў вытворчасць мехатронных сістэм гэта прафесія патрабуе далейшага развіцця і ўдасканалення.

У Мінскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы імя акадэміка М. Высоцкага ў кастрычніку адкрыецца вучэбная лабараторыя па вывучэнні будовы электрамабіляў. Яшчэ ў 2014 годзе ў каледжы быў створаны рэсурсны цэнтр па напрамку «тэхнічная эксплуатацыя і аўтасэрвіс», які ўключае пяць навучальных аб'ектаў: кабінет для тэарэтычнага навучання і практычныя лабараторыі.

— Сам электрамабіль у падоўжным разрэзе ў нас ужо ёсць, а тэхнікі для яго вывучэння не хапала, — канстатуе дырэктар каледжа Валерый КІРЫЛЕНКА. — Аднак ужо ў кастрычніку ў каледж прыбудзе адпаведнае абсталяванне, якім аснасцяць навучальную лабараторыю.

Таксама ў планах кіраўніцтва каледжа палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу для вывучэння будовы, эксплуатацыі і рамонту грузавых аўтамабіляў.

— З гэтай мэтай мы пачалі супрацоўнічаць з рэзідэнтамі індустрыяльнага парка «Вялікі камень», — кажа Валерый Кірыленка. — У прыватнасці, з кампаніяй Weіchaі, якая ў лістападзе мае намер адкрыць у парку завод па вытворчасці дызельных рухавікоў. У сакавіку паміж Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і Weіchaі было падпісана пагадненне аб стварэнні вучэбнага цэнтра на базе нашага каледжа. Цэнтр будзе ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем, вучэбнымі нагляднымі дапаможнікамі і ўзорамі рухавікоў, якія адпавядаюць экастандартам Еўра-5 і Еўра-6. Плануем, што ён адкрыецца таксама ў лістападзе.

Цяпер у каледжы атрымліваюць прафесію на дзённай і завочнай форме каля 1700 навучэнцаў. Што цікава: большасць з іх не разглядае атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі толькі як прамежкавую ступень да атрымання вышэйшай. Так, працягваюць навучанне ў вышэйшай школе 40 % выпускнікоў каледжа. Валерый Кірыленка падкрэслівае: «Гэта не азначае, што сярэдняй спецыяльнай адукацыі недастаткова для таго, каб паспяхова працаваць і будаваць кар'еру. Вышэйшая адукацыя застаецца справай асабістага выбару, а не неабходнасцю. Я ведаю, што сапраўдныя майстры могуць сваімі рукамі зарабіць нават больш, чым уладальнікі дыпломаў аб вышэйшай адукацыі. Не толькі могуць, але і зарабляюць».

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Візуальны мерчандайзінг і сухое будаўніцтва

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.