Вы тут

На якія ільготы можа разлічваць сям'я, у якой ёсць студэнт?


Пачаўся новы навучальны год, і тысячы маладых людзей запоўнілі студэнцкія аўдыторыі, рыхтуючыся грызці граніт навукі. Атрыманне вышэйшай адукацыі — гэта заўсёды немаленькія выдаткі, і многія сем'і зацягваюць тужэй паясы, каб вывучыць сваіх дзяцей, асабліва калі тыя не прайшлі «на бюджэт» і вырашылі атрымліваць адукацыю на платнай аснове. А якіх ільгот можна чакаць ад дзяржавы, калі ў сям'і ёсць студэнт?


Стыпендыі

Дзяржаўная сістэма стыпендыяльнага забеспячэння ўключае ў сябе навучальныя, сацыяльныя і спецыяльныя стыпендыі.

За высокія дасягненні ў вучобе, навуковай і грамадскай рабоце могуць прызначацца персанальныя стыпендыі савета ВНУ, імянныя, а таксама, пры асаблівых поспехах, стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Студэнтам, аспірантам, навучэнцам устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі могуць устанаўлівацца надбаўкі за асаблівыя поспехі ў вучобе, грамадскай і навуковай рабоце, а таксама аказвацца матэрыяльная дапамога са сродкаў стыпендыяльнага фонду.

Памеры ўсіх відаў дзяржаўных стыпендый пераглядаюцца ў адпаведнасці з ростам тарыфнай стаўкі першага разраду, якая прымяняецца для аплаты працы ў бюджэтных арганізацыях.

Навучэнцам, якія вучацца на ўзроўні атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, аказваецца матэрыяльная дапамога.

Ільготы пры аплаце навучання

Гэтыя льготы прапісаны ва Указе Прэзідэнта ад 17.12.2002 № 616 «Аб выдзяленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдыту на льготных умовах для аплаты першай вышэйшай адукацыі, якая атрымліваецца ў дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, установах вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на платнай аснове».

Гэтым указам гарантавана права на атрыманне крэдыту на льготных умовах для аплаты навучання. Такое права маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія атрымліваюць у дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі, установах вышэйшай адукацыі спажывецкай кааперацыі краіны і ўстановах вышэйшай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі першую вышэйшую адукацыю на платнай аснове (дзённая форма навучання).

Дадзены крэдыт выдзяляецца студэнту альбо аднаму з яго бацькоў ці іншаму законнаму прадстаўніку студэнта пры наяўнасці пастаяннай крыніцы даходу і з улікам сярэднямесячнага сукупнага даходу на кожнага члена сям'і. За карыстанне крэдытам штомесяц выплачваюцца працэнты ў памеры 1/2 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка.

Выдзяленне крэдыту выконваецца ААТ «ААБ Беларусбанк» ва ўстаноўленым парадку часткамі на працягу ўсяго тэрміну атрымання адукацыі ў межах адкрытай крэдытнай лініі.

Вяртанне крэдыту ажыццяўляецца з наступнага месяца пасля заканчэння ВНУ на працягу пяці гадоў.

* * *

Студэнтам і навучэнцам, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і навучаюцца за кошт уласных сродкаў, прапануюцца зніжкі па аплаце навучання ў памеры ад 20 да 60 працэнтаў ад сфарміраванага кошту навучання за навучальны год.

Падстава: пастанова Савета Міністраў ад 26.05.2006 № 665 «Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку забеспячэння зніжак са сфарміраванага кошту навучання студэнтам і навучэнцам, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў дзяржаўных установах адукацыі, і памерах гэтых зніжак».

Пакрыццё расходаў па найме жылля

Калі не ўдалося забяспечыць месцам у інтэрнаце іншагародніх навучэнцаў і студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, ажыццяўляецца пакрыццё расходаў па найме жылля штомесяц у наступных памерах:

у Мінску — тры базавыя велічыні;

у іншых населеных пунктах — дзве базавыя велічыні.

Права на кампенсацыю расходаў па найме жылля маюць студэнты, калі сярэднедушавы даход іх сем'яў не перавышае 200 % бюджэту пражытковага мінімуму.

Забеспячэнне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі

Студэнты, якія асвойваюць змест адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі, на час атрымання адукацыі забяспечваюцца падручнікамі, вучэбнымі дапаможнікамі бясплатна.

Падрыхтавала Святлана Бусько

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.