Вы тут

Чаму мы можам навучыцца па 400-гадовым «Буквары»


Буквар — важная кніга. Бо менавіта праз яе пачынаецца знаёмства чалавека з іншымі кнігамі, якія ў далейшым ён зможа прачытаць. Аднак у ранейшыя часы такія выданні змяшчалі не толькі алфавіт і спосаб складання літар у сказы, а сказаў у словы. Яго выкарыстоўвалі і для выхавання, і для таго каб зразумець, якое месца чалавек займае ў гэтым свеце, як яму трэба кантактаваць з іншымі людзьмі.


Аказваецца (і гэта надзвычай прыемна), што і ў такой справе беларусы аказаліся аднымі з першых! «Буквар» выйшаў роўна 400 гадоў таму назад — у 1618 годзе ў друкарні віленскага Святадухаўскага брацтва ў Еўі. Гэта быў новы крок у тагачаснай выхаваўчай і адукацыйнай сістэме. Следам пачалі выходзіць многія іншыя буквары. Беларускі аналаг амаль цалкам ці часткова капіравалі і выдавалі пазней украінцы і расіяне.

Такім чынам, у пэўным сэнсе ў яшчэ адной нашай першакнігі сёлета юбілей. Дзякуючы падтрымцы многіх зацікаўленых асоб і арганізацый свет пабачыла яе факсімільнае перавыданне. Пра тое, што ўяўляе сабой гэта важная кніга, якім быў яе арыгінал, мы пагутарылі з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце, старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесем СУШАМ.

— Наш «Буквар» пазіцыянуецца як першы ў сваім родзе. Растлумачце, што маецца на ўвазе.

— «Буквар» сапраўды ўнікальны і непаўторны. Але, натуральна, гэта не першая ў свеце кніга для навучання. Да і пасля таго існавалі іншыя кнігі. У лацінскай традыцыі быў «Абэцэдарый». Існавалі так званыя «Хорнбукі» — літары для навучання запісваліся на васковых ці рогавых таблічках. Былі і іншыя друкаваныя тэксты для навучання.

— Вы казалі, што выданне распачало прынцыпова новую традыцыю асветы.

— Па-першае, гэта традыцыя самога наймення «Буквар». Раней аналагічныя не існавалі ці былі пад зусім іншымі найменнямі. Нават у рукапісных зборніках такое слова нідзе не сустракаецца — мы бачым першае яго ўжыванне. Па-другое, гэта зборнік новага зместу, якога раней не было, — ён з'явіўся дзякуючы працы віленскіх манахаў. Кніга ўнікальная і паводле зместу, бо абагульніла адукацыйныя набыткі папярэднікаў з алфавітам, правіламі навучання (складвання літараў у склады, складоў у словы, слоў у сказы). У далейшым таксама і правілаў граматыкі. Усё гэта дадалося да вялікага комплексу адукацыйна-выхаваўчых тэкстаў, якія на канец ХVІ стагоддзя склаліся ў адно цэлае. Лаўрэнцій і Стафан Зізаніі ўжо падрыхтавалі цэлы шэраг «азбуквальных» тэкстаў, прызначаных для навучання. Гэты «Буквар» абагульніў усе дыдактычныя напрацоўкі розных хрысціянскіх традыцый — і заходніх, і ўсходніх — напрацоўкі розных школ Вялікага Княства Літоўскага (мясцовай традыцыі) і вялікі пласт духоўнай традыцыі, заснаванай на біблійных, у першую чаргу новазапаветных, тэкстах. У выніку нарадзілася гэта кніга — вельмі незвычайная, нетыповая, прызначаная шырокай аўдыторыі. Яна пабачыла свет за год да «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага і фактычна з'яўлялася ўступам да яе, бо была разлічана не толькі на навукоўцаў, якія маглі прафесійна напісаць тэксты на царкоўнаславянскай мове, а нават на пачаткоўца — таго, хто толькі прыступае да вывучэння мовы. Гэта было прынцыпова новым і важным.

— Хто з'яўляецца аўтарам «Буквара»?

— У мяне ёсць толькі гіпотэза наконт гэтага, бо аўтарства не абазначана. На тытульным лісце напісана, што гэта «буквар языка славенского, писанию, читанию, научению хотящих полезное руковождение...» Пазначана таксама, што кнігу рыхтавалі манахі віленскага манастыра. Атрымліваецца, што гэта калектыўная праца. Фактычна віленскі Святадухаўскі манастыр — галоўны цэнтр адукацыі і асветы праваслаўнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім (кажучы сучаснай мовай, метадычны цэнтр). Больш на кнізе мы не бачым ніякіх імёнаў, акрамя змешчанага на тытуле герба Багдана Агінскага, падкаморыя троцкага, аднак ён з'яўляўся спонсарам, а не аўтарам. Таму, мяркую, што кнігу склалі манахі. Аднак былі задзейнічаны найбольш здольныя сярод іх — Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч. Першы да таго часу ўжо вучыўся ў многіх універсітэтах Еўропы, быў актыўным практыкам, бо выкладаў многім шляхецкім родам. А Лявонцій Карповіч, на маю думку, таксама з'яўляецца не менш магчымай асобай, якая магла б стаць аўтарам «Буквара». Ён меў цудоўную адукацыю, займаўся практыкай выкладання — кіраваў брацкай школай пры тым самым манастыры. Да таго ж кіраваў друкарняй, працаваў з братамі Зізаніямі, якія да таго выдавалі «Азбуку», меў вялікі досвед знаёмства з навучальнай літаратурай заходняй традыцыі. Таму ён меў усе падставы стаць аўтарам «Буквара». Абодва гэтыя чалавекі — асобы надзвычай яркія для беларускай культурнай прасторы таго часу.

— Дзе захоўваюцца арыгіналы выдання?

— Адна з кніг знаходзіцца ў бібліятэцы Мідл Тэмпл у Вялікабрытаніі, другая — у Каралеўскай бібліятэцы Даніі. Дацкі экзэмпляр крыху лепш захаваны, у ім добра чытаюцца ўсе тэксты. Але ён няпоўны, там адсутнічаюць апошнія старонкі «о знамении крестном». Таму мы арыентаваліся ўсё-такі на лонданскі экзэмпляр.

— Якім грамадскім саслоўям была адрасавана кніга і наколькі ўплывала на развіццё асветы (быць можа, закранала толькі вышэйшыя слаі)?

— Выхад такой кнігі з'явіўся выключна важнай падзеяй. Ён масава паўплываў на свядомасць людзей, не толькі шляхты, духавенства і дваранства, якія мелі магчымасць адукацыі праз манастырскія бібліятэкі, але і найперш на шырокія колы свецкага грамадства і, што важна, гараджан. Гэтыя кнігі пашыраліся па брацкіх школах — і далей, шырэй. Яны выкарыстоўваліся для прыватнага хатняга навучання. У далейшым, як відаць, многія больш познія выданні, напрыклад выданні Спірыдона Собаля, таксама больш познія кнігі з друкарняў у Магілёве, Куцейне, Вільні, Супраслі перанялі назву, структуру, змест выдання. Яны адно за адным паўтаралі «Буквар», выходзілі амаль кожны год — і гэта стала пэўным культурным выбухам. Фактычна Беларусь зрабілася цэнтрам адукацыйнай дзейнасці ў рэгіёне. У нас у канцы ХVІ — пачатку ХVІІІ стагоддзя выйшла больш «Буквароў», чым на тэрыторыі Украіны і Расіі разам узятых, прычым у некалькі разоў больш. Гэта традыцыя моцна паўплывала і на культуру, адукацыю Расіі і Украіны, бо ў далейшым падобныя кнігі пачалі з'яўляцца там — пад такой жа назвай і падобным зместам.

— Выданне было разлічана на дзяцей ці дарослых?

— Калі сёння па букварах вучацца пераважна дзеці, то ў той час і дарослыя таксама часта не ўмелі чытаць — таму гэта кніга была прызначана і для іх таксама — на ўсіх, хто хоча навучыцца. Аднак у ёй шмат тэкстаў, арыентаваных менавіта на юнакоў, — і гэта сведчыць пра тое, што прызначалася яна найперш ім.

— У кнізе шмат рэлігійных тэкстаў. Гэта прыкмета часу?

— Так, але ў той жа час і свядомая пазіцыя складальнікаў. Задачай «Буквара» было не толькі навучыць складваць літары ў словы і завучыць самі словы, але і засвоіць пэўныя правілы жыцця ў грамадстве. Навучыць чалавека правільна сябе паводзіць, адчуваць і разумець, у чым розніца паміж дабром і злом. Таму сапраўды больш за палову аб'ёму кнігі складаюць малітвы, запаветы, законы, пералікі дабрадзейнасцяў і грахоў. Розныя дабрадзейнасці не толькі пералічваюцца, але і апісваюцца, робяцца спасылкі на Свяшчэннае Пісанне. Дзеці вучылі не «мама мыла раму» — яны даследавалі, хто яны ёсць у гэтым свеце і як сябе трэба паводзіць з іншымі, як быць выхаваным, адукаваным, культурным чалавекам. Мэтай «Буквара» было не проста навучыць чытаць, але навучыць чытаць добрыя тэксты.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Першая чытанка беларусаў і не толькі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.