Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Арына Сабаленка перамагла ў намінацыі «Прарыў месяца» ў жніўні па версіі Сусветнай тэніснай асацыяцыі. У галасаванні першая ракетка Беларусі апярэдзіла Настассю Севаставу з Латвіі і ўкраінку Лесю Цурэнка.

Нагадаем, у мінулым месяцы Сабаленка дамаглася перамогі на прадстаўнічым турніры ў Нью-Хейвене, абыграўшы гульцоў першай дзясяткі рэйтынга, а на адкрытым чэмпіянаце ЗША дайшла да 1/8 фіналу, дзе прайграла Наомі Осацы.

Цяпер Арына Сабаленка займае 20-е месца ў рэйтынгу Сусветнай тэніснай асацыяцыі.


2. Зборная Беларусі саступіла расіянам у матчы І групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса. Да пятай гульні на корце Малой спартыўнай арэны «Лужнікі» каманды падышлі з роўным лікам — 2:2. Перамогу беларусам прынёс у першы дзень Ілья Івашка, абыграўшы Данііла Мядзведзева, і тандэм — Максім Мірны і Андрэй Васілеўскі ў парнай сустрэчы. У заключнай гульні Ягор Герасімаў саступіў Даніілу Мядзведзеву.

Такім чынам, расійскія тэнісісты захавалі месца ў І групе Еўра-Афрыканскай зоны і пачнуць сезон 2019 года з першага раўнда. Беларуская каманда ў кастрычніку 2018 года будзе змагацца са зборнай Славакіі за захаванне прапіскі ў групе.


3. Восем узнагарод заваявалі беларускія атлеты на міжнародным турніры па вольнай барацьбе на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. У мінскім Палацы спорту больш за 300 спартсменаў разыгралі медалі ў дзесяці вагавых катэгорыях у мужчын і жанчын. Першыя месцы занялі беларусы Азамат Нурыкаў (74 кг), Хаджы Раджабаў (86 кг) і Аляксандр Гуштын (97 кг). Сярэбраныя ўзнагароды ў актыве Уладзіслава Андрэева (57 кг) і Марыі Мамашук (68 кг). Трэцяе месца ў зборнай Беларусі занялі Нургун Скрабін (65 кг), Амаргаджы Магамедаў (92 кг) і Ібрагім Саідаў (125 кг).


4. Гоншчык «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч перамог у заліку грузавікоў ралі-рэйду Turkmеn Dеsеrt Rасе «Амуль-Хазар 2018». У генеральнай класіфікацыі ўслед за Сяргеем Вязовічам на другім і трэцім месцы размясціліся расійскія экіпажы Айрата Мардзеева і Дзмітрыя Сотнікава адпаведна.

Нагадаем, сёлета Сяргей Вязовіч упершыню ў гісторыі беларускага аўтаспорту заняў другое месца ў самай прэстыжнай гонцы «Дакар 2018».


5. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова ў першым матчы новага сезона Лігі чэмпіёнаў перамог шведскі «Крысціянстад» 32:30 і паклаў у скарбонку першыя два ачкі. У групе А нямецкі «Райн Левен» на сваёй арэне мінімальна абыграў іспанскую «Барселону» (35:34), французскі «Манпелье» нечакана саступіў македонскаму «Вардару» (24:27), венгерскі «Веспрэм» адолеў польскі «Віве» (29:27).

Наступны паядынак у Лізе чэмпіёнаў БГК правядзе дома супраць дзеючага чэмпіёна турніру — «Манпелье». Гульня адбудзецца 22 верасня.


6. Завяршыліся ўсе матчы 21-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Брэсцкае «Дынама» перайграла «Тарпеда-БелАЗ» — 2:0, «Слуцк» адолеў у гасцях «Смалявічы» — 2:1, гродзенскі «Нёман» разграміў «Іслач» — 6:0, БАТЭ ўпэўнена перайграў «Дняпро» — 3:1, футбалісты мінскага «Дынама» і «Шахцёра» згулялі ўнічыю — 0:0, «Віцебск» быў мацнейшы за «Мінск» — 3:1. Завяршыўся тур матчам «Гомеля» і «Гарадзеі» ў панядзелак увечары.

Становішча камандаў: 1. БАТЭ (Барысаў) — 51 ачко (20 матчаў), 2. «Віцебск» — 44 (20), 3. «Шахцёр» (Салігорск) — 42 (20), 4. «Дынама» (Мінск) — 42 (20).

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Тэніс, барацьба і аўтаспорт

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.