Чыстыя і дагледжаныя вуліцы — першае, на што звяртаюць увагу госці Бабруйска. А шматлікія кантэйнеры для збору смецця, здаецца, гавораць пра тое, што ў гэтым горадзе і работа па абыходжанні з адходамі таксама вядзецца на высокім узроўні. Каб даведацца, ці так гэта, разам з галоўным спецыялістам Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Марынай Абрамавай і начальнікам аддзела кантролю абыходжання з адходамі Магілёўскага абласнога камітэта ПРіАНА Андрэем Сідаруком накіроўваемся на мясцовыя палігоны.
Чалавечы фактар — самы важны
Першы ў нашым спісе — палігон цвёрдых камунальных адходаў «Бабіна» УКВП «Прамадходы» праектнай магутнасцю 1530 тысяч метраў кубічных. Гэты аб'ект працуе больш за 30 гадоў — усяго з пачатку эксплуатацыі тут захавана больш за 1603 тысячы тон адходаў, і сёння яму патрэбная замена. Пакуль ідуць перамовы паміж райвыканкамам і «Аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў» па магчымым будаўніцтве ў раёне смеццеперапрацоўчага завода, сюды звозяцца цвёрдыя камунальныя адходы ад насельніцтва і юрыдычных асоб.
Па словах Марыны Абрамавай, праблемы ўзнікаюць са смеццем усіх гэтых катэгорый. Але калі з недапрацоўкамі юрыдычных асоб змагаюцца метадам штрафных санкцый, то адходы ад насельніцтва — вялікі галаўны боль інспектараў. Некаторыя бабруйчане да сёння кідаюць другасныя рэсурсы разам з іншым смеццем. Крыху палепшыць сітуацыю дапамагае лінія сартавання ААТ «Спецаўтапрадпрыемства», якая працуе на палігоне «Бабіна» з 2015 года і сартуе адходы з жылфонду. Так, за восем месяцаў 2018 года на палігоне захавана каля 38 тыс. тон камунальных адходаў ад насельніцтва і юрыдычных асоб. Пры гэтым на лінію сартавання паступіла больш за 8800 тон змяшаных адходаў, у якіх доля выбраных ДМР (на 12.09.2018) складае 6,8 %.
Майстар палігона «Бабіна» Андрэй Дзяцюк расказвае, што за дзень сюды заязджае каля 70 адзінак транспарту са смеццем. Вось і падчас нашага візіту трактары і смеццявозы амаль па чарзе перасякаюць межы палігона. Большасць з іх — тэхніка ААТ «Спецаўтапрадпрыемства», якая перавозіць змяшаныя адходы з жылфонду на лінію сартавання.
— Чаму ў вас адходы не накрытыя тэнтам? — гэта пытанне Андрэй Сідарук задае многім кіроўцам транспарту, якія заязджаюць на палігон. У адказ чуе амаль адно і тое ж: «пра правілы перавозкі (якія патрабуюць забяспечваць прадухіленне шкоднага ўздзеяння адходаў на наваколле. — Заўв. аўт.) ведаю, але ж... «баюся тэнт парваць», «тут ехаць недалёка», «гэтыя адходы не пыляць». У выніку кожны з такіх кіроўцаў атрымлівае павестку ў гаррайінспекцыю для размовы са спецыялістам наконт свайго парушэння.
На жаль ці на шчасце, падчас рэйду нам не ўдалося сустрэць тых, хто выгрузіў на палігон адходы з ДМР ці паспрабаваў гэта зрабіць. Але, па словах Марыны Абрамавай, такія выпадкі ўсё ж бываюць. Сёлета ў Бабруйскім раёне выяўлена 7 фактаў захавання ДМР і
6 спроб гэта зрабіць. Да адказнасці было прыцягнута 13 парушальнікаў (з іх 12 — службовыя асобы) на суму 1972,25 рубля. Па вобласці за аналагічныя парушэнні было складзена 49 пратаколаў, сума штрафаў — 9,5 тысячы рублёў.
— Калі падчас праверкі ў нас ёсць сумненне, што тая ці іншая машына не вязе ДМР, мы дазваляем ёй выгрузіць смецце непасрэдна на палігоне, але пры гэтым на месцы вывучаем склад адходаў, — адзначае Марына Уладзіміраўна. — І калі другасныя матэрыяльныя рэсурсы ўсё ж выяўляюцца, выпісваем штраф за іх захаванне.
Па словах інспектара, здараюцца выпадкі, калі ДМР трапляюць на палігон не толькі ад пабочных арганізацый, але і з лініі сартавання. Таму спецыялісты цяпер абмяркоўваюць, як узмацніць кантроль за гэтай часткай адходаў.
— Чалавечы фактар прысутнічае на ўсіх этапах абыходжання з адходамі, — упэўнены Андрэй Сідарук. — Таму на 100 % выключыць выпадкі захавання ДМР немагчыма, але старацца не дапускаць гэта неабходна.
Калі пакаранне на карысць
На палігоне прамысловых адходаў «Вішнёўка», які знаходзіцца за 25 км ад Бабруйска, значна цішэй. Па словах кантралёра-прыёмшчыка Валерыя Катлярова, сюды штодзень прыязджаюць усяго каля 17—20 машын. Яны прывозяць адходы ЦЭЦ-1 і іншыя.
Нягледзячы на лепшыя ўмовы для агляду грузаў, часам і на «Вішнёўцы» некаторыя прадпрыемствы спрабуюць захаваць каштоўны рэсурсы. У такім выпадку супрацоўнікі палігона афармляюць зварот грузу і паведамляюць пра факты парушэння заканадаўства ў гаррайінспекцыю. Сумесная праца дае добрыя вынікі — на сёння, па словах Валерыя Катлярова, прысутнасць ДМР у адходах прамысловасці значна знізілася.
Але пры гэтым ёсць і іншыя праблемы — напрыклад, нядобрасумленнае афармленне дакументаў. Так, адна з машын філіяла «Бабруйскі гаррайпалівазбыт» прывозіць на палігон пілавінне і іншыя драўняныя адходы. А ў суправаджальным пашпарце гэта змёт пасля ўборкі тэрыторыі прадпрыемства. У выніку машына з няправільным грузам накіроўваецца назад. За гэта таксама прадугледжваюцца адміністрацыйныя санкцыі.
— Меры адміністрацыйнага ўздзеяння аказваюць станоўчы эфект на дзейнасць прадпрыемстваў, — упэўнена Марына Абрамава. — З іх дапамогай за апошні час значна зменшылася колькасць парушэнняў, у тым ліку і ў вобласці захавання ДМР. Пры гэтым на месцах узмацніўся кантроль па арганізацыі паасобнага збору адходаў.
А з насельніцтвам лепш працуюць іншыя механізмы — устаноўка большай колькасці кантэйнераў для паасобнага збору адходаў, адкрыццё прыёмных пунктаў ДМР, а таксама растлумачальная работа.
У кожнага адходу — свой кошт
Што датычыцца прыёмных пунктаў другаснай сыравіны, то іх у раёне даволі шмат. Адзін з іх знаходзіцца непасрэдна на палігоне «Бабіна», у Бабруйску такія аб'екты працуюць на базе кожнага ЖЭУ, буйных гандлёвых кропак і інш. Каля пяці гадоў дзейнічае і пляцоўка для паасобнага збору другасных бытавых адходаў ад насельніцтва УКВП «Прамадходы».
— Мы прымаем макулатуру, пластык, адпрацаваныя маслы, шкло, старую бытавую тэхніку (халадзільнікі, тэлевізары, газавыя пліты і інш.), а таксама энергазберагальныя лямпы і батарэйкі, — расказвае нарыхтоўшчык Вячаслаў Баранаў. — За здачу ўсіх гэтых відаў адходаў (акрамя элементаў сілкавання) людзі атрымліваюць грошы згодна з прэйскурантам. Сабраная другасная сыравіна накіроўваецца на перапрацоўку як на мясцовыя, так і іншыя прадпрыемствы.
Па словах спецыяліста, апошнім часам значна больш людзей стала здаваць ДМР у прыёмныя пункты. Пры гэтым інтэнсіўнасць іх здачы залежыць не толькі ад сезона, але і канкурэнтаздольнасці саміх прыёмных пунктаў — людзі шукаюць больш выгадныя прапановы.
* * *
Вырашэнне праблемы вымання другасных матэрыяльных рэсурсаў залежыць ад многіх фактараў. І галоўны з іх — адказнасць за свой участак работы кожнага спецыяліста. Бо калі хоць адна ПЭТ-бутэлька трапіць на палігон ці не будзе выкарыстана, поспеху ў гэтай складанай місіі чакаць доўга.
Галоўнымі інспектарамі па ахове навакольнага асяроддзя Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных органаў узмоцнены кантроль за недапушчэннем захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. У жніўні — верасні інспектары праводзяць рэйды па ўсіх палігонах і міні-палігонах ЦКА. Асаблівая ўвага ўдзяляецца недапушчэнню разгрузкі аўтатранспарту, які ўтрымлівае ДМР.
Вераніка КОЛАСАВА
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!