Вы тут

Што паглядзець у Жыровічах?


Як старажытная святыня сустракае паломнікаў і турыстаў напярэдадні свайго 500-годдзя

Нядаўна мне давялося пабываць з групай гродзенскіх паломнікаў у Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры. Паездка была арганізавана ў дзень памяці беларускага святога Серафіма Жыровіцкага. Зранку поўны аўтобус выехаў з Гродна ў напрамку аднаго з самых знакамітых манастырскіх комплексаў краіны, цераз які пралягае не адзін турыстычны маршрут.


З духоўным ухілам

Жыровіцкі манастыр нагадвае дзяржаву ў дзяржаве. Тут свой нетаропкі ўклад. Галоўнае месца займаюць храмы — іх на тэрыторыі манастыра чатыры. Галоўны — Свята-Успенскі сабор са званіцай. Гэта, можна сказаць, сэрца манастыра — тут захоўваецца тая самая цудадзейная ікона Маці Божай Жыровіцкай, якая двойчы з'яўлялася ў гэтых мясцінах. Апошні раз — 500 гадоў таму. Кожны наведвальнік храма абавязкова падыходзіць да яе і запальвае свечку.

Дарэчы, на месцы з'яўлення іконы пабудавана царква, якая так і называецца — Яўленская. Захаваўся і той старажытны камень, на якім з'явілася перад дзецьмі Багародзіца, — ён устаноўлены ў алтары. Па сутнасці з таго часу пачынаецца і гісторыя манастыра, які ў 2020 годзе адзначыць 500-гадовы юбілей. Між іншым, ужо сфарміраваны аргкамітэт падрыхтоўкі свята, які ўзначаліў Патрыяршы Экзарх Павел.

Трэба сказаць, што да гэтай даты Жыровіцкі манастыр падыходзіць адноўлены. Але будаўнічыя работы тут цягнуліся амаль 30 гадоў. Напачатку гэта быў толькі рамонт, але з часам ён перарос у трывалую рэканструкцыю з турыстычным ухілам. Дарэчы, экскурсіі тут арганізуюцца кожную гадзіну з 9 да 16.

Значна адноўленым выглядае будынак Мінскай духоўнай семінарыі. Студэнтаў-семінарыстаў у рызах можна сустрэць і на тэрыторыі манастыра. У іх ёсць свой інтэрнат, так званы брацкі корпус, — цагляны трохпавярховы будынак, таксама з рамонтам. Але яго жыццё схавана ад чужых вачэй. Закрытай з'яўляецца і сама семінарыя.

Хлеб наш надзённы...

А ўсяго Жыровіцкі комплекс налічвае каля двух дзясяткаў аб'ектаў. Многія маюць бытавое прызначэнне. Напрыклад, дамы для паломнікаў і турыстаў. Дарэчы, ім не прыйдзецца клапаціцца аб ежы, бо літаральна ў цэнтры, недалёка ад увахода, месціцца трапезная. Тут прапануюць печыва, салаты, паўнавартасныя абеды, праўда без мяснога. Напрыклад, у дзень нашага прыезду паломнікаў частавалі капустай на рыбным булёне і пловам з гародніны. Быў таксама кампот са свежай ватрушкай.

Вялікі выбар прапануюць царкоўныя лаўкі: іконы, духоўная літаратура. Але ёсць тут і мёд з уласных пасек, і зборы траваў мясцовых паслушніц, і мазі-крэмы ад розных хвароб. Усё гэта варта ўжываць з малітвай.

Усе пабудовы вельмі арганічныя і ствараюць адзіны архітэктурны ансамбль. І гэта прытым, што шэраг аб'ектаў будаваліся нядаўна. Татальная рэканструкцыя значна палепшыла быт манаскай абшчыны. Увайшлі ў строй карпусы, прызначаныя для прыёму і абслугоўвання турыстаў, некалькі трапезных і іншыя гаспадарчыя аб'екты. Ствараюцца ўмовы для пражывання шматдзённых турыстаў і паломнікаў. Усё гэта стала магчымым, дзякуючы прынятай некалькі гадоў таму дзяржаўнай праграме развіцця турызму, у якую ўвайшоў і Жыровіцкі манастыр. Цяпер Жыровічы — не толькі манастырскае падвор'е, але і аб'ект турызму ў Беларусі. Ён — унікальны і як помнік архітэктуры ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў, дзе сышліся класіцызм, барока і ракако.

Беларускія святы

У той дзень — 6 верасня — у манастыры аддавалі даніну памяці беларускаму святому Серафіму Жыровіцкаму. Святочны малебен адслужыў Гурый, архіепіскап Навагрудскі і Лідскі. Літургію суправаджаў мужчынскі хор семінарыстаў.

Святы Серафім — асоба, якая тут вельмі шануецца. Менавіта ў Жыровічах у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ён прыняў манаскі сан. І ў першы год вайны пакінуў манастыр, каб падымаць разбураныя прыходы. Актыўную работу ён вёў у раёне Мінска, а ў сталіцы нават адкрыў царкву. Місіянерства прывяло яго ў 1944 годзе ў Гродна. Але тут яго арыштавалі і абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасці супраць савецкай улады. Толькі праз год быў вынесены абвінаваўчы прыгавор, згодна з якім яго на пяць гадоў выслалі ў лагер. Як сведчаць відавочцы, Серафіма чакаў там вельмі жудасны скон. У 1999 годзе ён быў кананізаваны і прылічаны да 23 новых мучанікаў. Памяць аб духоўным падзвіжніку ўшанавалі і паломнікі, якія прыбылі з розных куткоў Беларусі.

«Жывая» вадзіца

Дарэчы, паломнікі, якія прыбываюць у манастыр на некалькі дзён, таксама нясуць пасільны послух. Гэта можа быць дапамога на кухні, праполка агарода, збор ягад, догляд жывёлы. У манастыра вялікая гаспадарка. Ёсць нават свой вадаём, дзе вырошчваюць рыбу. Палі засяваюць збожжавымі культурамі, бульбай, агароднінай. Ёсць свае птушкаферма, свінакомплекс, пародзістыя коні. Плануюць нават арганізаваць для турыстаў верхавыя шпацыры.

Не так даўно манастыру быў перададзены стары сад, яго расчысцілі, арганізавалі сапраўдны заасад. Сюды часта прыводзяць дзяцей, дзе яны могуць убачыць лісу, мядзведзя, страуса, ланяў і іншых жывёл.

Наўрад ці хто-небудзь з турыстаў і паломнікаў абміне і святыя крыніцы. У Жыровічах іх тры. Адна адкрыта толькі для святароў і манахаў, бо знаходзіцца за алтаром Яўленскай царквы. Кажуць, што гэта тая крыніца, якая прабілася з-пад каранёў ігрушы, на якой з'явілася цудадзейная ікона.

Яшчэ адна крыніца знаходзіцца пад высокімі цяністымі дрэвамі. Гэта вельмі старажытны ручай, якому гадоў 200. У народзе яго называюць Дальні і трапіць да яго можна па цэнтральнай вуліцы пасёлка. Па ваду трэба спусціцца з пагорка, дзе стаіць нейкая асаблівая цішыня. Тут абсталявана купальня, але яна адна, таму часта бываюць чэргі. Вось і наш аўтобус накіраваўся да іншай крыніцы — Бліжняй, якая была асвячона ў 2006 годзе. Чаргі амаль няма — на тэрыторыі крыніцы дзве купальні. Праўда, вада тут даволі халодная, але не пранізвае наскрозь, а нібыта агортвае цяплом. Ды і надвор'е гэтаму спрыяе. Кажуць, што трэба пабываць на абедзвюх крыніцах, каб выбраць «сваю». Некаторыя з нашай групы засталіся на дальняй, старажытнай, хоць там і была чарга.

І ўсё ж, каб адчуць спакой і адпачыць душой, трэба ехаць сюды на некалькі дзён. Месца ў манастырскай гасцініцы можна забраніраваць у Паломніцкім цэнтры. А за час знаходжання дапамагчы пасільнай працай. Дарэчы, пры манастыры працуе рэабілітацыйны цэнтр «Анастасіс», у якім дапамагаюць справіцца з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Жыровічы: пах воску і хлеба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.