«Івета, Лізета, Мюзета, Жанета, Жаржэта... Пакуль вы са мной, клянуся, мая песня не спета...» Можа, памятаеце гэтыя словы ў выкананні Андрэя Міронава? Дык вось, што датычыцца «спетай песні» ў алегарычным сэнсе... Выканаўца як у ваду глядзеў шмат гадоў таму: «Але вы, мае ўчарашнія сяброўкі, са мной будзеце заўжды...» Думаю, неўзабаве «ўчарашнія сяброўкі» сапраўды застануцца толькі ў памяці. («— Ало, хто гэта? — Наташа. — Якая Наташа? Я штук сем ведаю... — Як гэта якая? Мы ж пераспалі, у нас быццам адносіны нават... — Ведаеш, ты вось зараз увогуле нічога не ўдакладніла».) І многія будуць спяваць тую ж песню на зусім іншы капыл і з іншымі імёнамі. Як вам, напрыклад, Марго, Жы, Шуду? У першай — еўрапейскія рысы твару, у другой — азіяцкія, трэцяя — цемнаскурая... Але справа не ў гэтым, як і не ў магчымай немілагучнасці імён. Усе яны не рэальныя дзяўчаты, а... віртуальныя мадэлі. І што, спытаеце вы? А тое, што ў мадэльным бізнесе больш непатрэбныя жывыя людзі, іх замяняюць намаляваныя, зробленыя па тэхналогіі дапоўненай рэальнасці...
Памятаеце фільмы эпохі нямога кіно? Асабіста мне яны з-за адсутнасці гуку і спецыфікі здымак нагадваюць марыянетачны тэатр. Быццам не людзі ў кадры, а нейкія лялькі. («Так і не змаглі з жонкай прыдумаць нагоду для скандалу, таму проста пачалі біцца моўчкі».) Кажуць, гісторыя паўтараецца па спіралі. Віртуальныя мадэлі — чым не яе чарговы віток? («Заўсёды ёсць крыху праўды за кожным «я жартую», крыху ведаў за кожным «я не ведаю», крыху эмоцый за кожным «мне без розніцы» і крыху болю за кожным «усё добра».) Не тое, каб я быў фанатам мадэляў, але, як і любы іншы мужчына, змагу назваць колькі імёнаў з гэтай сферы: Сіндзі Кроўфард, Клаўдзія Шыфер, Наомі Кэмпбел... («На секс-бомбах не адзін шлюб падарваўся».) Гэта «зоркі» першай велічыні, а колькі там яшчэ іншых чароўных стварэнняў? («— Дзяўчына, можна вас праводзіць? — Позіркам, малады чалавек, толькі позіркам».) І тут я найперш згодны з тымі, хто кажа, што тыя самыя намаляваныя мадэлі могуць адабраць працу, рабочыя месцы ў жывых людзей. («Табе сумна, адзінока і няма чым заняцца? Прыходзь да мяне, памый, прыгатуй, прыбяры посуд!»)
Наіўным было б думаць, што тэхналогіі не пранікнуць у мадэльны бізнес. Гэта ж усё грошы. Напрыклад, нікога ж ужо не здзіўляюць рэалістычныя лялькі ў секс-індустрыі. Усе гэтыя Фані, Габрыэлы... Ды што там! Ужо стварылі секс-робата і для жанчын. «Знаёмцеся», яго завуць Генры, і ён выконвае не толькі сексуальныя функцыі, але і можа пажартаваць, весці гутарку і гаварыць кампліменты. («Кожная дзяўчына хоча сабе такога мужыка, якому яна можа ў дзве гадзіны ночы сказаць «хачу чаго-небудзь смачненькага», а мужык, нягледзячы на тое, што ён вельмі моцна хоча спаць, мог адказаць: «Ну хаці».) Робат мае шэсць кубікаў прэса, па заказе кліенткі можна змяніць яго рост, колер вачэй і іншыя параметры. Мара адзінокай жанчыны, як сцвярджаюць распрацоўшчыкі Генры. («— Давід Сямёнавіч, адкуль у вас гэты шарм? — ??? — Вы яшчэ нічога не спыталі, а я ўжо згодная».) Кошт новага робата складае ад 11 да 15 тысяч долараў у залежнасці ад камплектацыі. Так і хочацца ўсклікнуць: «О, Генры?!» Мадэльным дамам цяпер, наадварот, не трэба плаціць велізарныя сумы супермадэлям, каб тыя рэкламавалі іх прадукцыю. Патрэбную дзяўчыну намалюе мастак і апране яе ў тое, што патрэбна. («Добра быць жанчынай: ведаеш, што тваё месца на кухні. А як вам, мужыкам? Шукай сябе ў гэтым вялікім і жорсткім свеце...») Для віртуальнай мадэлі тут адзіны дакладны плюс: яе ніяк не напужаеш прывідам прадзюсара Харві Вайнштэйна. («— Ты як з тваімі данымі патрапіў у прафесію? Блат? — Які БЛат?! СястЛа!»)
І вось тут многія гавораць ужо пра больш глабальную праблему, чым магчымая страта рабочых месцаў жывымі мадэлямі пасля з'яўлення лічбавых. («Я вас умаляю, 95 працэнтаў вашай «прыгажосці» я магу прыбраць вільготнымі сурвэткамі».) Паўстае пытанне пра тое, чаго ж насамрэч хочуць ад чалавека? Бо відавочная, скажам так, палітыка двайных стандартаў. («Самыя прыгожыя вочкі зараз чытаюць гэтыя радкі... Ды жартую... Гартай далей».) Пакуль цэлая індустрыя змагаецца за пазітыўнае стаўленне да паўнаты на подыуме, мадэльны дом навязвае іншы трэнд — стройных лічбавых мадэляў. («Прынц на белым кані! Дзе ты, жывёліна? Маруся, 85 гадоў».)
Карыстальнікаў сацыяльных сетак здзівіла, наколькі добразычліва многія прынялі з'яўленне намаляваных мадэляў. Вядома, бо іх знешнасць нясе рысы Майкла Джэксана, Дэвіда Боўі, Ціны Цёрнер і Прынца. («— Я цяпер феміністка! — Света, з тваім памерам грудзей нельга быць феміністкай!») Сталі гаварыць, што індустрыі моды цяжка прыняць той факт, што ўсе людзі — розныя, што прасцей намаляваць, чым апрануць жывога чалавека. («— Софачка, што табе падарыць — смартфон ці завушніцы? — Фіма, такі футра, і каб у адной кішэні быў смартфон, а ў другой — завушніцы».)
Як бы там ні было, не трэба забывацца, што насамрэч Марго, Жы, Шуду і іх «сябровак» не існуе, гэта міражы. А таму... Як там далей? «Івета, Лізета, Мюзета, Жанета, Жаржэта, Калета, Палета, Кларэта, Фларэта, о, Марыета...» За тых, хто побач з намі — Інэс, Ліз, Муз, Жанн, Палін, Клар, Марын. За спраўных і сапраўдных!
Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.