«Ніякіх мудрагелістых формул, занудных дзядзечкаў і сумных тлумачэнняў! Толькі навука, толькі Ньютан і толькі хардкор! Такое нельга прапусціць! Вас чакае хвацкі кактэйль з музеяў навукі, майстар-класаў і навуковых шоу! Насычаная анімацыйная праграма і шмат сюрпрызаў. Шмат эксперыментаў, тлумачэнне складаных рэчаў простай і цікавай мовай. Калі яшчэ вы зможаце баспакарана капаць на тэрыторыі Батанічнага сада? Хай будзе з вамі Мікалай Капернік!» — вось так ярка і нестандартна заклікалі на Фестываль навукі ў Цэнтральны батанічны сад маладыя навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук.
Але такім смелым заявам трэба было адпавядаць. Сумненні, канешне, былі: а ці зможа зацікавіць навуковы ўік-энд гараджан? Для беларускай сталіцы — гэта быў першы падобны вопыт. Аднак хлопцы і дзяўчаты з Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук рызыкнулі — і не прайгралі. Свята атрымалася на славу, а некаторых яго юных удзельнікаў бацькі ўвогуле не маглі «за вушы» выцягнуць з Батанічнага сада...
Рызыкоўны прафесар
— Вадкі азот — вельмі небяспечнае рэчыва, якое захоўваецца ў спецыяльных ёмістасцях. Яго тэмпература складае мінус 196 градусаў. За секунду ён можа ператварыць любы прадмет у лёд. Падніміце рукі тыя, хто глядзеў фільм «Тэрмінатар-2», дзе злога робата аблілі вадкім азотам, той за тры секунды ператварыўся ў лядзяш і рассыпаўся. Як думаеце, гэта праўда ці выдумка? — цікавіўся ў дзіцячай аўдыторыі аніматар музея навукі «Квантум» Дзмітрый ШКАЛЕНАК.
На пляцоўцы, дзе праходзіла «Мега Азот шоу», не было дзе ўпасці яблыку.
— А што будзе з маім указальным пальцам, каля я яго на тры секунды засуну ў вадкі азот? — цікавіўся вядучы шоу ў аўдыторыі.— Так, ён ператворыцца ў лядзяш, і калі па ім шчоўкнуць, ён рассыплецца. Хочаце пакажу? Вы сур'ёзна? Вам мяне зусім не шкада? Ну, калі патрабуеце відовішча, налью паболей вадкага азоту, а слабанервовым лепш заплюшчыць вочы. Раз, два тры... Не, ведаеце, нешта я пагарачыўся, а мы ж з вамі толькі распачалі... Калі зараз пазбаўлюся пальца, больш нічога вам не змагу паказаць.
З залы нясецца: «Слабак!»
— Ну тады давайце замарозім пальцы тым, хто больш за іншых хацеў гэта ўбачыць. Ці ёсць смельчакі? Давайце возьмем тату, якога не шкада. Якой рукой можаце ахвяраваць: правай ці левай? Ну, што скажаце? Цудам выжылі? А як вы думаеце, што будзе, калі вадкі азот трапіць у мой страўнік? Ён пачне награвацца, я пачну раздувацца і, як шарык, лопну. Паказаць? Тады я стану бліжэй, каб лопнуць проста на вас... Можаце паапладзіраваць: было вельмі холадна!
Далей «прафесар» засыпае кукурузныя палачкі ў міску, прыпраўляе «пяшчотным, духмяным» вадкім азотам і запрашае пачаставацца. Пачастунку на ўсіх ахвотных не хапае. Дзеці ў захапленні!
— Для наступнага вопыту мне патрабуюцца дзве чароўныя памочніцы. Ці ведаеце, як з дапамогай вадкага азоту ператварыць кветкі ў пыл? Дастаткова замарозіць у ім бутоны і сціснуць іх. Вы замарожваеце ружы, становіцеся з двух бакоў ад мяне і са словамі «Астудзіся, прафесар» з усяго размаху разбіваеце іх аб маю галаву. І ні ў якім разе мяне не шкадуйце!
Яшчэ напярэдадні мерапрыемства яго арганізатары казалі, што ім хацелася б, каб чалавек, які выйдзе з фестывалю, потым яшчэ доўга «гугліў» у інтэрнэце інфармацыю, якая яго зацікавіла, і заставаўся прывязаным да таго, што пачуў. Можна не сумнявацца, што ўсе, хто пакінулі зону навуковых шоу, дзе акрамя музея навукі «Квантум» ладзілі доследы таксама студэнты фізічнага факультэта БДУ, а хімічныя доследы — аніматары навукова-пазнавальнага шоу Xіmіkіds, — яшчэ доўга знаходзіліся пад уражаннем і шукалі ўбачанаму тлумачэнне. Эфектыўныя дэманстрацыі доследаў з ператварэннямі, палётамі і выбухамі нікога не пакінулі абыякавымі.
Артэфакт — у падарунак
У створанай штучна археалагічнай зоне ва ўсіх ахвотных была магчымасць стаць датычнымі да раскопак.
— Пытанні, якія найбольш часта мне задавалі дзеці, гэта «Ці цяжка быць археолагам? Ці цікава?», «Што вы адчулі, калі знайшлі свой першы артэфакт?» і «Ці можна мне ўзяць на памяць маю знаходку?», — усміхаецца малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Святлана ВЕЛЕНТ-ШЧЭРБАЧ. — Я сама ўдзельнічаю ў раскопках з 2004 года, гэта значыць, са студэнцкіх гадоў, за гэты час брала ўдзел амаль ва ўсіх экспедыцыях, што праводзіліся на тэрыторыі Заходняй, Паўднёвай і Усходняй Беларусі, выязджала таксама ў рамках абмену ў Расію, Польшчу і Швецыю. І хачу сказаць, што гэта вельмі цікавая, але разам з тым вельмі складаная фізічная праца, бо капаць даводзіцца літаральна па міліметры, часта пры складаных умовах надвор'я. Калі трэба, то працуеш і пад дажджом, і пры мінусавой тэмпературы. Затое калі знаходзіш нешта насамрэч цікавае, то гэта акупляе ўсе твае і фізічныя, і маральныя выдаткі.
Каштоўнасць кожнага знойдзенага гасцямі Фестывалю навукі чарапка і адшчэпа суправаджалася тлумачэннем спецыяліста: да якога перыяду адносіцца знаходка, якое мела прызначэнне і гэтак далей. Побач з зонай раскопак юным археолагам прапаноўвалася сабраць знойдзеныя чарапкі, каб аднавіць прадмет (цэлая форма дае максімум інфармацыі пра посуд, які выкарыстоўваў старажытны чалавек), і школьнікі з задавальненнем збіралі «гістарычныя пазлы».
«Навука не ў сабе»
Не сумавалі і аматары падводных глыбінь. Для іх на фестываль прыехаў сапраўдны музей-акіян. Унутры аўтобуса знайшлося месца акварыумам з марскімі насельнікамі, макетам караблёў і падводных лодак, а таксама зоне, прысвечанай Антарктыдзе, і экспанатам, якія беларускія даследчыкі прывезлі адтуль.
Госці — Усерасійскі фестываль NAUKA 0+ — прывезлі купальны кінатэатр, дзе ўвесь дзень дэманстраваліся фільмы пра навуку і космас, а таксама экспазіцыю «Сунгір», прысвечаную адной з самых старажытных стаянак чалавека.
У Робазоне, якую арганізавалі Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі, адукацыйны цэнтр ПВТ, Школа лічбавых тэхналогій і школа робататэхнікі «Стэмлаб», можна было не толькі сабраць робата, але і паўдзельнічаць у спаборніцтвах па міні-сумо, а таксама ў ралі па зададзенай траекторыі.
Дарослых, безумоўна, цікавілі лекцыйныя зоны, дзе адразу на некалькіх сцэнах папулярныя ў Мінску лекторыі — «Навука не ў сабе», «Масаракш», «15х4» і «TEDxYOUTH» — прадстаўлялі ўласныя блокі навукова-папулярных лекцый. Тут можна было даведацца пра тое, што аб'ядноўвае чалавечы мозг і швейцарскі нож, чаму кіты аказаліся парнакапытнымі, як шум кіруе намі і што з гэтым рабіць, пра магічныя ўласцівасці бурштыну, сакрэты з жыцця пчол, ці можа нанесці шкоду шклянка малака, чаму страх абмяжоўвае чалавечае развіццё і іншыя не менш цікавыя рэчы. Пры адборы тэм і выступоўцаў арганізатары стараліся прытрымлівацца двух крытэрыяў: даступнасць выкладання матэрыялу і тэма, якая можа зацікавіць многіх. Адметна, што сярод слухачоў было вельмі шмат маладых людзей, якія актыўна задавалі пытанні «лектарам»...
Нашы сляды на вадзе...
Але бадай што самай папулярнай аказалася Касмічная зона. Тут можна было паглядзець у тэлескоп і паспрабаваць прафесію касманаўта «на смак». Расійскія партнёры даставілі ў Мінск некалькі скрынак сапраўднай касмічнай ежы і спецыяльныя пакеты для яе падагрэву. У асартыменце былі боршч, бульбяное пюрэ з мясам, крэм-суп і тварог у цюбіку. У гэтай жа зоне былі арганізаваны майстар-класы ад Мінскага планетарыя, фотавыстаўка і дэманстрацыя стартапа «Айкумена». Размова ідзе пра распрацоўку супрацоўнікаў Акадэміі навук, якая дазваляе адчуць сябе касмічным падарожнікам. Камп'ютарны сімулятар заснаваны на дакладнай мадэлі Сонечнай сістэмы, дзе ўсе планеты і спадарожнікі рухаюцца па законах нябеснай механікі. Віртуальным касмічным апаратам можна кіраваць: прытарможваць, разганяць яго, пераходзіць на іншую арбіту. Ён прыводзіцца ў рух з дапамогай двух джойсцікаў. Большасць фотавыяў Сусвету — рэальныя, яны былі зроблены касмічнымі апаратамі. Але штосьці, накшталт атмасферных эфектаў, было дамалявана...
Сапраўдныя аншлагі назіраліся падчас выступленняў вядомых папулярызатараў астраноміі Віктара Малышчыца, аўтара фантастычных фотавыяў начнога неба, і Зялёнага ката — расійскага касмаблогера Віталя Ягорава.
А самымі доўгачаканымі гасцямі сталі касманаўты — Герой Расійскай Федэрацыі, лётчык-касманаўт, доктар юрыдычных навук, прафесар Юрый БАТУРЫН і першы венгерскі касманаўт, Герой Савецкага Саюза і Венгерскай Народнай Рэспублікі, кандыдат тэхнічных навук Берталан ФАРКАШ. Іх літаральна засыпалі шматлікімі пытаннямі. Чаму касманаўтаў называюць не па імёнах, а па пазыўных? Якія эксперыменты праводзяцца ў космасе? Што адчувае касманаўт, калі адрываецца ад Зямлі? Ці хварэюць яны? Якія прыродныя з'явы назіралі з космасу? Ці змяняецца ўспрыманне свету пасля вяртання на родную планету? Ці ёсць у гасцей касмічная мара?
— Я ніколі не хацеў быць касманаўтам і нават лётчыкам, — прызнаўся Берталан Фаркаш. — Думаў стаць інжынерам ці футбалістам. Хто любіць футбол? Падніміце рукі... Мяркую, што вы таксама зможаце калі-небудзь стаць касманаўтамі... Калі мне споўнілася 16 гадоў, адзін мой сябар сказаў: «Давай лётаць!» Так я стаў лётчыкам-знішчальнікам, закончыў авіяцыйнае вучылішча ў Савецкім Саюзе, а ў 1978 годзе па праграме «Інтэркосмас» быў адабраны для падрыхтоўкі да пілатуемага палёту. З 40 лётчыкаў узялі толькі дваіх. Мы рыхтаваліся ў Зорным гарадку. Я знаходзіўся ў космасе на станцыі «Салют-6», якая важыла 36 тон, а вага Міжнароднай касмічнай станцыі — больш як 400 тон, яна займае плошчу футбольнага поля. Японцы, кітайцы, карэйцы, немцы стаяць у чарзе ў Зорны гарадок, каб падрыхтавацца і паляцець у космас. Я б так сама хацеў зноў туды адправіцца, параўнаць адчуванні ад палётаў на розных караблях, але, мяркую, што ў 69 гадоў станавіцца ў чаргу ўжо позна...
На жаль, калі я быў на станцыі, ніхто звонку мне ў ілюмінатар не пастукаў са словамі: «Прывітанне, Бэрці! Мы яшчэ не бачыліся з табой, давай пазнаёмімся...»
Юрый Батурын параўнаў адчуванні пры выхадзе на арбіту з моцным выспяткам пад зад, таму што калі адчэпліваецца трэцяя ступень ракеты, спрацоўвае спружынны штурхач, які знаходзіцца пад ложаментам касманаўта, і той адчувае гэта фізічнае ўздзеянне менавіта як удар.
— З космасу можна ўбачыць вецер, які нясе пясок, — запэўнівае Юрый Батурын. — Калі буйны карабель выходзіць з порта, як вы думаеце, колькі часу захоўваецца на вадзе след ад яго? Не паверыце, некалькі дзён. Ты робіш за суткі 16 віткоў вакол Зямлі і бачыш, што карабля ўжо няма, а след на вадзе захоўваецца. Вось такая ўнікальная памяць вады! А навальніцы — увогуле фантастычнае відовішча. Мне давялося назіраць гарызантальныя маланкі, якія развіваюцца над усім кантынентам. Прыгадалася міфалогія, быццам бы багі страляюць маланкамі адзін у аднаго. Назіраў я і паўночнае ззянне «Аўрора»... Увогуле тое, што бачыў, можна назваць касмічным імпрэсіянізмам.
Галоўнае пытанне, якое заўсёды цікавіць, — навошта мы лятаем у космас? Яго задаюць адзін аднаму нават касманаўты. Я лічу, што ў космас трэба лятаць для вырашэння дзвюх задач — абарончых і навуковых, але паколькі Міжнародная касмічная станцыя зараз агульная, і ўсе дамовіліся не праводзіць на ёй ваенных эксперыментаў, то застаецца адно — навука. Толькі ў мікрагравітацыі можна правесці эксперыменты, якія немагчымыя на Зямлі. Але еўрапейскія касманаўты на ўсё глядзяць крыху па-іншаму. Ім важна адкрываць новыя сусветы і прасторы, і яны лічаць гэту задачу не менш важнай за навуку...
Юрый Батурын падкрэслівае, што толькі калі глядзіш на нашу планету зверху, разумееш, наколькі яна безабаронная. І на ёй нельга не толькі ваяваць, а нават сварыцца. Берталан Фаркаш дабаўляе: кожны крок па асваенні Сусвету павінен быць дакладна прадуманы і ўзважаны. Трэба думаць, што можа даць нам ён, а што мы можам прапанаваць яму?
Андрэй ІВАНЕЦ, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі, доктар хімічных навук:
— Папулярызацыя навукі ў сучасным грамадстве ператвараецца ў індустрыю. І мы падтрымліваем гэтую тэндэнцыю. Спадзяюся, нам удалося ўсім даказаць, што навука — гэта і займальна, і перспектыўна. Па афіцыйных звестках, у дзень правядзення фестывалю ў Цэнтральны батанічны сад было прададзена шэсць тысяч білетаў. Але арганізаваныя групы школьнікаў, акадэмічная супольнасць, льготныя катэгорыі грамадзян білеты не набывалі. На будучы год маем намер Фестываль навукі паўтарыць, магчыма, толькі адкарэктуем тэрміны яго правядзення — пасунем на канец мая — пачатак чэрвеня, каб развесці яго ў часе са святам горада. У кастрычніку нашы маладыя навукоўцы адправяцца ў Маскву, на Усерасійскі фестываль NAUKA 0+ (яны былі нашымі гасцямі). Магчыма, што-небудзь падгледзім і пазычым. Усё ж такі ў Маскве гэты фестываль праводзіцца больш як дзесяць гадоў. Спадзяюся, што і мы на месцы стаяць не будзем. Ідэй шмат, будзем думаць, як іх увасобіць...
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота аўтара
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.