Вы тут

Якімі былі юнакі і дзяўчаты 1920—1930-х гадоў?


Сёння, гартаючы пажоўклыя падшыўкі «Чырвонкі», мы паспрабуем крыху больш даведацца пра юнакоў і дзяўчат 1920—1930-х гадоў. Час сапраўды быў незвычайны. Уявіце: ёсць толькі прыгожая мара пра «светлую будучыню», але ўсё так незразумела, нявызначана...


«Выхадныя — без мітынгаў!

Перш чым будаваць «новы свет», трэба было прыдумаць, якім ён стане. Актывісты не проста спрабуюць намацаць новыя кірункі, часам яны дзейнічаюць рашуча: на гэты час прыпадае шмат рэформаў. Напрыклад, мянялася сістэма адукацыі, вырашалася, якія прадметы выкладаць і як падаваць веды, былі адменены адзнакі. Распачынаецца так званая барацьба за культурны побыт, і тут за «совецкага чалавека» прадумваецца ўсё да дробязяў: у якіх умовах людзі павінны жыць, як выглядаць, як бавіць вольны час, нават складаецца расклад на дзень.

Жыццё камсамольцаў было даволі насычаным. Працу даводзілася сумяшчаць з вучобай і грамадскімі справамі. Маладыя людзі нават папрасілі праз «Чырвоную змену» ўвесці забарону на сходы і мітынгі па выхадных, бо атрымлівалася, што на тыдні ў іх не было ніводнага вольнага дня.

Зажынкі пад «Інтэрнацыянал»

Сталыя людзі не маглі змірыцца з тым, што моладзь выйшла з-пад уплыву бацькоў і спрабуе дыктаваць свае законы. Асабліва іх не разумелі на вёсках, тым больш што новая ўлада абвясціла вайну рэлігіі, і маладыя людзі аднымі з першых праводзілі дэманстрацыі бязбожнікаў, высмейвалі традыцыі, спрабавалі прывіць новыя. Напрыклад, саюзная моладзь ладзіла «чырвоныя вяселлі», замест «п'яных каляд» прапаноўвала мітынгі са сцягамі і самадзейнасцю. І нават зажынкі замяніла свята першай баразны, калі зямлю пачыналі ўзорваць пад гукі «Інтэрнацыянала».

Вяскоўцы не хацелі, каб іх дзеці ўступалі ў рады камсамола. Асабліва баяліся бацькі за сваіх дачок, запалохвалі, што там збіраецца толькі разбэшчаная моладзь і дзяўчат могуць абняславіць. Таму камсамолкі на вёсцы былі ў дэфіцыце. Хоць насамрэч у маладзёжных радах вялася барацьба за «сумленныя паводзіны». «Распусныя» справы разбіраліся на так званых грамадска-палітычных судах, «дон жуанаў» маглі выключыць з камсамола. Не менш даставалася і дзяўчатам, якія часта мянялі кавалераў. Траплялі пад падобныя суды-разборы маладыя людзі і за брыдкаслоўе, п'янства і нават ляноту. Дзяўчатам даставалася і за прыгажосць: маглі абразіць за карыстанне касметыкай і ўпрыгожаннямі, дагледжаных адразу запісвалі ў «мяшчанкі». Камсамольцам было і не да «танцулек». Якія могуць быць забаўкі, калі яшчэ так многа трэба зрабіць!

Навучыцца і вучыць

На VІІІ з'ездзе камсамола была прынята пастанова аб тым, што кожны пісьменны камсамолец павінен навучыць непісьменнага чалавека. Разглядалася нават пытанне, каб пры залічэнні ў ВНУ ў анкеце быў асобны пункцік пра гэта. «Часта мы зварочваем вельмі шмат увагі на выхаваньне саміх сябе і забываем аб таварышох», — пісала «Чырвоная змена». Калі камсамолец нікому не дапамагае, ці не лепшая гэта праверка? Арганізоўваліся хаты-чытальні і клубы, дзе чыталі ўслых і абмяркоўвалі творы.

На камсамольцах ляжала і арганізацыя розных гурткоў, напрыклад, сельскагаспадарчых. «Два гады таму назад нашы сяляне амаль зусім не сеялі карняплодаў... Зараз становішча зусім іншае. Дзякуючы камсамольцам, газэтам ды кніжкам, сяляне даведаліся аб тым, што сеяць карняплоды вельмі карысна», — расказвала «Чырвонка» ў 1928 годзе.

У процівагазе з кулямётам

А ўжо перад камсамольцамі 30-х гадоў ставіліся іншыя задачы. «З кожным днём шырыцца выдатны рух маладых патрыётаў, рашыўшых азнаменаваць ХХ-годдзе Ленінска-Сталінскага камсамола падарункамі радзіме-мацеры... Совецкая моладзь, стаханаўцы абяцаюць працаваць яшчэ лепш і зрабіць усё, каб к ХХ-годдзю ВЛКСМ яна ўзбагацілася новымі машынамі, дадатковымі тонамі хлеба, расшыранай вытворчасцю тавараў, новымі атрадамі адважных снайпераў, артылерыстаў, парашутыстаў, пілотаў».

Моладзь 30-х гадоў — рашучая і непахісная, хлопцы і дзяўчаты пускаюцца на розныя эксперыменты, спрабуюць даказаць, што яны самыя лепшыя. У гэты час з'яўляюцца свае героі. Сярод такіх — жаночы экіпаж самалёта «Радзіма»: дзяўчаты вырашылі пабіць міжнародны рэкорд і здзейснілі самы доўгі бесперасадачны пералёт.

Хлопцы і дзяўчаты вывучаюць кулямёты, без адрыву ад вытворчасці заканчваюць курсы вучлётаў, скачуць з парашутамі, працуе «кузня варашылаўскіх коннікаў». Моладзь, якая заканчвае курсы варашылаўскіх стралкоў, бярэцца навучаць гэтай справе іншых. Разгарнулася ваенна-фізкультурная работа і ў школах, вучні імкнуцца да юбілею камсамола мець па адзін-два абарончыя значкі «Юны варашылаўскі стралок», «Гатоў да проціпаветранай і проціхімічнай абароны» і іншыя. А яшчэ ў гэты час ладзіцца многа паходаў у процівагазах, прычым у розных умовах — у мароз і спёку, у начны час, на працяглыя адлегласці, у іх сплаўляліся на лодках і ўдзельнічалі ў ваенізаваным мотапрабегу.

Са старонках «Чырвонай змены» не сыходзяць паведамленні аб юнаках і дзяўчатах, якія выканалі планы на 100, 150, 200, 250 працэнтаў. Тут нават заведзена асобная «дошка гонару», і на ёй цытуецца Сталін: «Самае выдатнае ў спаборніцтве заключаецца ў тым, што яно робіць карэнны пераварот у поглядах людзей на працу, бо яно ператварае працу з зазорнага і цяжкага ярма, якім яна лічылася раней, у справу гонару, у справу славы, у справу доблесці і геройства». І ў той час сапраўды ў гэта верылі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Рамантыкі-атэісты, працаўнікі-абаронцы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».