Роўна 10 гадоў таму плошча Гродна павялічылася больш чым у два разы. У склад горада ўвайшлі тры дзясяткі прыгарадных вёсак і садовых таварыстваў. Далучыліся да горада і ворныя землі... Наш карэспандэнт прайшлася па адным з былых пасёлкаў, каб убачыць змены, якія адбыліся за гэты час.
У красавіку 2008 года выйшаў указ Прэзідэнта, згодна з якім былі зменены межы горада Гродна. Тэрыторыя абласнога цэнтра значна пашырылася. Калі да гэтага часу яго плошча складала каля шасці тысяч га, то пасля ўказа павялічылася да 14 тысяч. У склад горада ўвайшлі 25 вёсак трох сельсаветаў, а таксама больш за 10 дачных таварыстваў.
Начальнік упраўлення землеўпарадкавання гарвыканкама Андрэй КУХЦЮК удакладняе: у 2011 годзе выйшаў яшчэ адзін указ аб пашырэнні межаў горада. Але гэта быў не такі маштабны перадзел — да горада далучылі каля 200 га зямлі з вёскай Альшанкай, побач з якой цяпер вырас новы мікрараён з такой жа назвай.
На новых тэрыторыях паўсюдна ідзе забудова, кажа Андрэй Кухцюк. З дапамогай спутнікавай карты робім спробу ацаніць маштабы таго, што зроблена за 10 гадоў. Вяртаемся ў 2008-ы. Здымкі паказваюць, што некаторых мікрараёнаў не было ўвогуле, у іншых — участкі асвойваліся, можна сказаць, кропкава. Напрыклад, каля былой вёскі Зарыца налічваецца ўжо пяць мікрараёнаў. А ў той час тут толькі пачалі будавацца.
Андрэй Кухцюк раз-пораз паказвае гарадскія «кавалкі», дзе яшчэ нядаўна было пуста. Разам з жылымі дамамі выраслі вытворчыя прадпрыемствы, гандлёвыя і сацыяльныя аб'екты. Пракладзены не проста дарогі, а сапраўдныя магістралі. У выніку будаўніцтва знікла і вёска Дзевятоўка на ўскрайку горада, дзе ішлі здымкі фільма «Белыя Росы». Па сутнасці, яна паўтарыла лёс вёскі папулярнай кінакарціны. Ад «кіношнай» гродзенскай вёскі застаўся толькі калодзеж. Нядаўна тут устанавілі драўляныя постаці галоўных герояў стужкі — Фядоса, Цімафея і яго сабакі Валета. У гонар фільма і былых вёсак адна з вуліц новага мікрараёна носіць назву «Белыя Росы».
Дарэчы, назвы іншых вёсак таксама перайшлі ў вуліцы. Так у горадзе з'явіліся вуліцы Паўднёвая, Солы, Падкрыжацкая, Грандзіцкая, Кульбакі, Новікі і іншыя. Былым вёскам давялося пацясніцца, каб упусціць у сваё асяроддзе горад. Гэты працэс зрушыў з месца развіццё тэрыторый — тут пачалі актыўна фарміраваць участкі пад індывідуальнае будаўніцтва. Напрыклад, у былой вёсцы Вішнявец іх створана каля 80. Праўда, і кошт зашкальвае: за 10 сотак — 18 тысяч долараў у эквіваленце. Таму многія аддаюць первагу кватэрам, тут актыўна вядзецца забудова жылога мікрараёна. Горад усё больш масава засяляе ўскрайкі.
У гарадскім асяроддзі апынуўся і пасёлак Фабрычны з плошчай амаль 232 га. Гэта самая вялікая вясковая тэрыторыя, якая ўвайшла ў склад горада. У свой час пасёлак быў пабудаваны для работнікаў мясцовай птушкафабрыкі. Адсюль нярэдка паступалі скаргі на стан дарог, цеплазабеспячэнне, транспарт. Шмат праблем усплыло падчас пераходу пасёлка на баланс горада — асабліва па стане інжынерных камунікацый.
Што змянілася ў Фабрычным за «гарадскі» перыяд жыцця?
Можна сказаць, што горад узяў былы пасёлак у шчыльнае кола. З аднаго
боку яго «падпірае» прамысловая зона, з другога — новы жылы мікрараён. Побач вырас яшчэ адзін — катэджны. Цяпер гэты працэс актывізаваўся. Па словах аднаго з забудоўшчыкаў, тут узводзіцца каля 20 жылых аб'ектаў. «Раней цяжка было атрымаць участак, — кажа Ігар. — Але потым адмовіліся ад стадыёна і аддалі яго тэрыторыю пад жыллё. Амаль усе ўчасткі добра разышліся. Попыт быў вялікі, хоць і кошт — таксама».
Ігар пералічвае плюсы свайго выбару: дзіцячы садок, Цэнтр культуры, гандлёвае забеспячэнне, добрыя дарогі, камунікацыі. Праўда, узнікла праблема з падключэннем электраэнергіі — жыхары другі месяц чакаюць узгаднення праекта ад энергетыкаў.
А вось жыхарка Раіса Міхайлаўна выказала прэтэнзію да транспартнікаў: маўляў, як толькі зрабілі добрую дарогу, праз пасёлак перастаў хадзіць аўтобус № 12, некалькі прыпынкаў зараслі травой. А пажылым людзям цяпер трэба ісці аж у канец вуліцы.
Знайшлося што сказаць і тром жанчынам-пенсіянеркам з завулка Маладзёжнага. Усе яны жывуць у кватэрах, якія ў свой час атрымалі ад птушкафабрыкі. І хоць дамы даўно знаходзяцца на балансе гарадской ЖКГ, іх абслугоўванне пакідае жадаць лепшага. Па словах жанчын, нярэдка ў падвалах стаіць вада, двор не асвятляецца. Гэтыя праблемы ўзнімаліся перад гарадскімі ўладамі і дэпутатамі падчас сустрэчы ў маі гэтага года. Ёсць надзея на іх вырашэнне.
Сёння Фабрычны цяжка назваць вёскай. Паўгода таму пракладзена дарога, прыведзены ў парадак дамы і сядзібы. Хутчэй, гэта месца нагадвае еўрапейскі прыгарад з зялёнай зонай і спакойным укладам жыцця.
Вядома, стан новых гарадскіх тэрыторый не ўсюды мае такі выгляд. Напрыклад, жыхарка мікрараёна, дзе была вёска Забалаць, паскардзілася на дрэнную цэнтральную дарогу. Дарэчы, такі факт не адзінкавы. Развіццё інфраструктуры не паспявае за асваеннем участкаў. Між тым значная плошча свабодных тэрыторый распрацавана менавіта пад індывідуальнае будаўніцтва. Такіх участкаў на сёння ў гарадскім рэестры каля 250. З іх больш за 200 адведзена для тых, хто стаіць у чарзе, астатнія прададуць з аўкцыёну.
Толькі за мінулы год горад рэалізаваў праз чаргу 200 участкаў. Сёлета ўжо 150. Кожны аўкцыён праходзіць з продажам трох-чатырох участкаў. На думку Андрэя Кухцюка, цяпер галоўная задача — забеспячэнне камунікацыямі і інфраструктурай тых мікрараёнаў, якія вядуць актыўную забудову. Работы ў гэтым кірунку хопіць на найбліжэйшыя 10—15 гадоў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
«Без мінулага не бывае будучыні»
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.