Вы тут

Работа, зарплата, жыллё


Гэтымі днямі ў Любані ўрачыста адкрылі новы жылы дом для ўрачоў цэнтральнай раённай бальніцы — агульнай плошчай 345 квадратных метраў. У доме пяць кватэр: трохпакаёвая, па дзве двухпакаёўкі і аднапакаёўкі адпаведна. Пакуль на будынку значыцца лічба 12. Але хутка з'явіцца таблічка з назвай «вуліца Рэспубліканская».


— У будаўніцтва і добраўпарадкаванне ўкладзена 500 тысяч рублёў. Дом з жалезабетонных канструкцый з уцяпленнем, поўнай апрацоўкай. Усе кватэры абсталяваны газавым катлом з аўтаматыкай, — паказвае прадстаўнік субпадрадчыка — дырэктар даччынага ўнітарнага прадпрыемства «ПМК-201» УП «Мінскаблсельбуд» Мікалай Лучыновіч.

Тэрыторыя вакол збудавання цалкам уладкаваная: асфальт, тратуарныя дарожкі, безбар'ернае асяроддзе, стаянка для аўтатранспарту, дзіцячая пляцоўка з гульнявымі атракцыёнамі, кантэйнерная пляцоўка з раздзельным зборам смецця.

Дом узведзены за кошт абласнога бюджэту ў сціслыя тэрміны — менш чым за год. Мясцовыя ўлады і будаўнікі імкнуліся як мага хутчэй увесці жыллё ў эксплуатацыю, паколькі яно прызначалася для маладых спецыялістаў — урачоў вузкага профілю, якіх не хапала ў раёне і якія павінны былі прыехаць на працу па размеркаванні да 1 жніўня.

Андрэй і Ксенія Зелянко закончылі Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Андрэй — неўролаг, яго жонка — гінеколаг. Абодва родам з Брэсцкай вобласці. Як прызналася маладая пара, у Любань ехалі ахвотна, бо ведалі, што ім тут гарантавана першае месца пра-
цы і прасторная кватэра плошчай 77 квадратных метраў. «З перспектывай для папаўнення сям'і», — пажартаваў Андрэй. Пакуль маладая сям'я паціху закупляе мэблю, абжываецца.

Яўген Схаўко атрымаў спецыяльнасць псіхіятра-нарколага ў Віцебскім медуніверсітэце. Праз два гады яго жонка там жа атрымае дыплом псіхатэрапеўта, і маладая сям'я аб'яднаецца. У аднапакаёвыя кватэры засяліліся рэнтгенолаг Вадзім Нікіфарэнка і нарколаг Галіна Грыгарэвіч. Яўгенія і Мікіта Дрэнчыкі ў Любані ўжо два гады. Прыехалі па размеркаванні пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта, ды так і засталіся. За гэты час Мікіта стаў намеснікам галоўнага ўрача бальніцы. Яўгенія ў дэкрэтным водпуску, рыхтуецца стаць мамай. Маладыя атрымалі ключы ад двухпакаёвай кватэры.

— Мая задача — утрымаць маладых спецыялістаў, — кажа галоўны ўрач Любанскай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Амшарук. — А ўтрымаць моладзь можна не толькі дастойнай зарплатай, належнымі ўмовамі працы, але і жыллём. Мяркую, што навічкі замацуюцца на сваіх пасадах, застануцца жыць і працаваць у Любані.

Сёлета ў раённую бальніцу прыбыло 12 медыкаў. Практычна няма праблемы з урачамі — штат укамплектаваны на 86 %. На сёння не хапае спецыялістаў пярвічнай медыка-санітарнай дапамогі і педыятраў. Сёлета ў вышэйшыя медыцынскія ўстановы з райцэнтра паступіла пяць чалавек. Пасля заканчэння вучобы яны вернуцца ў Любань.

— Гэты дом здадзены маладым спецыялістам-урачам, у якіх меў патрэбу горад. Яшчэ на этапе вучобы ў медустановах з імі былі заключаны мэтавыя дагаворы аб тым, што яны прыедуць да нас працаваць, а мы паабяцалі забяспечыць іх добраўпарадкаваным жыллём, — расказаў старшыня Любанскага райвыканкама Сяргей Казецкі. — Гораду неабходны не толькі медыкі, але і трэнеры па плаванні, харэографы, выкладчыкі ва ўстановы адукацыі ды іншыя. Таму ў далейшым будзем будаваць і прапаноўваць жыллё тым спецыялістам, якія запатрабаваныя ў Любані.

— Дом пад нумарам 12 — толькі першая ластаўка. На гэтым зямельным участку ў недалёкай перспектыве з'явяцца яшчэ 24 арэндныя кватэры. Жылая забудова будзе прадстаўлена аднапавярховымі дамамі, максімум — двухпавярховымі. Для гэтага ёсць усе падставы: уладкаваныя інфраструктура, дарогі, пабудаваны магазін, плануецца ўзвядзенне дзіцячага садка.

Цяпер у Любані налічваецца 12 тысяч насельніцтва. На горна-абагачальным камбінаце будзе працаваць 1800—2000 чалавек. Зразумела, што спецыялісты прыедуць сюды з сем'ямі, дзецьмі. Па папярэдніх падліках, райцэнтр прырасце шасцю тысячамі навасёлаў. Да іх прыёму тут карпатліва рыхтуюцца. Ідзе актыўнае будаўніцтва жылля, інфраструктуры, пракладваюцца цеплавыя, кабельныя сеткі, водаправод. Работы вядуцца ў комплексе, распрацаваны перспектыўны план развіцця горада, цалкам падрыхтаваны план дэталёвай забудовы на канкрэтных месцах. Сёлета плануецца ўвесці 7,5 тыс. квадратных метраў жылля. Па меры паступлення новай рабочай сілы будзе набіраць абароты і будаўніцтва. Прадугледжваюцца як малапавярховыя, так і шматпавярховыя будынкі. Мясцовае кіраўніцтва выйшла ў вышэйшыя інстанцыі з прапановай дазволіць узвядзенне 9-павярховікаў.

Новаму камбінату спатрэбяцца спецыялісты горнай справы, якіх у сельскай мясцовасці няма. Таму «Слаўкалій» клапоціцца аб прыцягненні такой катэгорыі работнікаў. У сваю чаргу райвыканкам падбірае тых людзей, якія будуць забяспечваць абслугоўванне і жыццядзейнасць горада. А прыцягнуць і замацаваць кадры можна не толькі жыллём, паколькі не хлебам адзіным жыве чалавек.

— У нас створаны ўмовы, каб людзі змаглі задаволіць свае сацыяльныя, культурныя патрэбы, змястоўна адпачыць, рэалізаваць творчыя магчымасці, раскрыць таленты, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Тамара Дамашэвіч.

Жыхары маюць магчымасць наведаць басейны гарадскога фізкультурна-аздараўленчага цэнтра і спартыўнага комплексу аграгарадка Сарачы. Пры раённым Доме культуры працуе тэатральны калектыў. Два гады таму добраўпарадкавалі гарадскі парк культуры і адпачынку. Можна цікава правесці вольны час, вечарыну ва ўстановах грамадскага харчавання — як райспажыўсаюза, так і ў прыватных. Славіцца Любаншчына і інтэлектуальным турнірам «Што, дзе, калі», фестывалем «Клуб вясёлых і знаходлівых». Тут знойдуць занятак па сваім гусце як малады спецыяліст, так і сталы прафесіянал.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».