Вы тут

Адкрываецца Міжнародным фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся»


Ужо заўтра аграгарадок Ляскавічы Петрыкаўскага раёна ператворыцца ў сталіцу Палескага краю — вялікай тэрыторыі, якая аб'яднае восем раёнаў Гомельшчыны і тры — Брэстчыны, а таксама прадстаўнікоў Чарнігаўскай, Бранскай абласцей і шматлікіх гасцей з розных краін у V Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся».


Паводле слоў кансультанта ўпраўлення культуры і народнай творчасці Мінкультуры Івана Галабурды, фестываль, які ладзіцца з 2010 года, «за гады свайго існавання вызначыўся як адметная, яркая з'ява міжнароднага ўзроўню». Менавіта таму ён змяніў статус з рэгіянальнага спачатку на рэспубліканскі, а потым — і на міжнародны. Напрыклад, сёлета сярод яго ўдзельнікаў не толькі палешукі з Беларусі, Расіі і Украіны, але таксама і творчыя калектывы, якія прадстаўляюць самабытную культуру Польшчы і нават Індыі.

І ўсё ж базай, фундаментам свята быў і застаецца культурны матэрыял Палесся, у збіранні і захаванні якога арганізатарам фестывалю вялікую дапамогу аказваюць этнографы, самадзейныя і прафесійныя творчыя аб'яднанні з розных рэгіёнаў. Так, сёлета, расказвае галоўны рэжысёр фэсту «Кліч Палесся» Аляксандр Бандарэнка, праграма грунтуецца на традыцыйным палескім вяселлі, у карагод якога плануецца ўключыць абсалютна ўсіх — і больш як 1000 артыстаў, і стваральнікаў рэгіянальных падворкаў, і гасцей. Кожны з 11 падворкаў-удзельнікаў, дарэчы, будзе пайменаваны ў гонар канкрэтнай вёскі са свайго рэгіёна, а наведвальнікам прапануе тэатралізаваную версію паходжання гэтых назваў: Якімы, Булаўкі, Каўпак-Гара... Больш за 20 самадзейных калектываў Гомельскай і Брэсцкай абласцей возьмуць удзел у праекце «Сярод вёскі карагод», які прадставіць як мясцовыя, так і шырока вядомыя народныя бытавыя танцы ды гульні. У месцічаў і турыстаў, між іншым, будзе магчымасць развучыць з дапамогай прафесіяналаў папулярны народны танец «Лысы», ён жа «Карапет». А на свяце народных тэатраў «Батлейка.bу» можна будзе не толькі паглядзець прадстаўленні, але і паспрабаваць уласнаручна змайстраваць тэатральныя лялькі ці рэквізіт.

«На адкрыцці фестывалю, як заўжды, адбудзецца ўручэнне сімвалічных статуэтак і званняў «Ганаровы паляшук». Сёлета яго ўладальнікамі стануць адразу два чалавекі», — расказвае першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Інга Заўгародняя. Сярод іншых цікавінак праграмы — рыцарская рэканструкцыя «Бітва эпох», прэзентацыя праекта рэгіянальных брэндаў «З любоўю да Гомельшчыны», работа пляцоўкі «Кіно на траве», свята «Танчым па-даўнейшаму» (летась найстарэйшаму яго ўдзельніку было 76 гадоў, а найменшаму — 6, і гэта, мяркуюць арганізатары, далёка не мяжа).

Цэлы дзень на розных пляцоўках знойдзецца што паглядзець — як на экспазіцыі падворкаў, што расцягнецца больш чым на 1,5 кіламетра ўздоўж Прыпяці, так і на конкурсе дзявочага хараства «Палеская прыгажуня — 2018», паказальных выступленнях па конным спорце, выстаўцы «Фестываль кнігі і прэсы». У амаль дзвюхгадзіннай канцэртнай праграме разам з творчымі калектывамі раёнаў і абласцей выступяць леташнія ўдзельнікі «Еўрабачання», гурт NаvіBаnd, і нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга (дарэчы, таксама ганаровага палешука). Калі дазволіць надвор'е, шаноўную публіку ўразяць відовішчнымі выступленнямі дэльтапланерысты і парашутысты. Завершаць жа фэст, як плануецца, маладзёжная шоу-праграма з удзелам гурта «Дразды», святочны феерверк і танцавальна-забаўляльная праграма.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У найлепшых традыцыях гасціннасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.