Вы тут

Як уратавацца ад тайфуну?


Больш за 60 чалавек загінулі на Філіпінах з-за тайфуну «Мангхут», яшчэ амаль 50 прапалі без вестак. Зараз на астравах падлічваюць значную эканамічную шкоду. Сітуацыя настолькі крытычная для Філіпін, што прэзідэнт краіны Радрыга Дутэртэ выступіў са спецыяльным зваротам да нацыі. «Я смуткую разам з тымі, хто страціў сваіх блізкіх, — сказаў ён. — Але гэты тайфун прыйшоў з нябёсаў. Мы можам толькі дзякаваць Богу за тое, што гэта было не так жудасна, як чакалі». Тайфун Мангхут дабраўся і да мацерыковай часткі Кітая — у правінцыі Гуандун эвакуіравалі 2,5 мільёна жыхароў. У Ганконгу пацярпелі больш за сто чалавек, былі паралізаваныя ўсе віды транспарту. А страшныя кадры, на якіх бачна, як стыхія атакуе легендарны горад хмарачосаў, набралі мільёны праглядаў у сацыяльных сетках. Чаму ва ўсёмагутным тэхнагенным свеце тайфуны дасюль уладараць над кантынентамі?


Смяротнае «ралі»

Штогод, як правіла, у прамежку паміж чэрвенем і кастрычнікам, стужкі навін сусветных інфармагенцтваў паведамляюць пра магутныя тайфуны, што бушуюць на водных прасторах акіянаў і абрынаюцца на ўзбярэжжа паўднёвых астравоў або мацерыкоў. Велізарная разбуральная сіла стыхійных бедстваў нярэдка прыводзіць да гібелі людзей і практычна заўсёды — да сур'ёзных разбурэнняў на ўзбярэжжы.

На думку навукоўцаў, слова «тайфун» было запазычанае маракамі з кітайскай мовы, дзе яно гучыць як «тай фын» і азначае «вялікі вецер». У еўрапейскіх мовах гэты тэрмін з'явіўся адносна нядаўна, некалькі стагоддзяў таму — пасля таго, як марскія падарожжы па паўднёвых шыротах сталі распаўсюджанай з'явай. Ёсць і іншая версія паходжання слова — ад імя старажытнагрэчаскай міфалагічнай істоты Тыфона, якая ўвасабляе моц вулканаў, землятрусаў і разбурэнняў.

Далёка не кожны шторм або ўраган можа называцца тайфунам. Гэтым грозным імем пазначаюць трапічныя цыклоны, якія лютуюць выключна над паверхняй акіяна і характарызуюцца велізарным падзеннем атмасфернага ціску каля марской паверхні. У цэнтры тайфуну зніжэнне ціску з'яўляецца найбольш істотным і дасягае 650 мм ртутнага слупка (пры норме ў 960 мм). Для яго характэрны актыўны рух паветраных мас, якія закручваюцца па спіралі вакол цэнтра, з хуткасцю, што, здараецца, перавышае 400 кіламетраў у гадзіну! Адметна, што тайфуны Паўночнага паўшар'я круцяцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, а Паўднёвага паўшар'я — па гадзіннікавай стрэлцы. Паветраны паток, па словах маракоў, становіцца настолькі шчыльным, што адчуваецца скурай чалавека быццам цвёрдае цела. Рух вакол эпіцэнтра ўзмацняецца і дзейнічае як велізарны віхравы пыласос, уцягваючы ўсё новыя масы паветра. Паднімаючыся ўверх, яны рэзка астуджваюцца, і вадзяныя пары праліваюцца ліўневым дажджом.

Тайфуны збіраюцца часцей, чым трапічныя цыклоны ў любым іншым раёне зямнога шара. У сярэднім у год бывае каля 30 супервіхураў, большая частка якіх развіваецца да стадыі ўрагану (хуткасць ветру больш за 30 метраў у секунду), астатнія дасягаюць стадыі трапічнага шторму. Найбольш часта тайфуны ўтвараюцца ў паўночна-заходняй частцы Ціхага акіяна. Зона іх пераважнай актыўнасці (на якую прыпадае трэцяя частка агульнай колькасці трапічных цыклонаў на Зямлі) размяшчаецца паміж экватарам, усходнеазіяцкім узбярэжжам і загадкавай лініяй перамены даты (умоўная лінія на паверхні зямнога шара, якая праходзіць ад полюса да полюса, па розныя бакі якой мясцовы час адрозніваецца на суткі).

Сезон максімальнай актыўнасці тайфунаў — гэта перыяд паміж маем і лістападам, але яны могуць утварацца і ў іншыя месяцы, хоць і не так часта. Асноўны ўдар стыхіі абрынаецца на ўзбярэжжа Японіі, Кітая і Карэі, да расійскага Далёкага Усходу часцей за ўсё даходзяць толькі значна аслабленыя адгалоскі магутнай стыхіі.

Бура з «вокам»

Зона дзеяння супервіхуры пакрыта шчыльнымі дажджавымі аблокамі, але ў эпіцэнтры воблачнасць практычна адсутнічае, ветру няма — тут пануе вельмі нізкі ціск. Маракі называюць эпіцэнтр «вокам тайфуну», з космасу добра бачная круглая адтуліна пасярод велізарнай хмарнай спіралі.

Тытанічная энергія бушуючых паветраных мас валодае неверагодным разбуральным патэнцыялам. Нават сёння далёка не кожнае судна здольнае вытрымаць напор шалёнага патоку. А сто гадоў таму сустрэча з тайфунам для любога марака была практычна прысудам: драўляныя судны не вытрымлівалі напору ветру і ўдараў хваль.

Але самыя жудасныя наступствы стыхіі здараюцца, калі віхура абрынаецца на берагавую лінію. Жахлівая сіла ветру падхоплівае людзей, аўтамабілі, зрывае з дамоў дахі, з коранем вырывае таўшчэзныя дрэвы. Вялізныя хвалі выкідваюць на бераг марскія судны і змываюць у акіян шматпавярховыя будынкі. Сустрэча з тайфунам надзвычай небяспечная для любога чалавека, які знаходзіцца ў зоне яго ўплыву. На шчасце, над паверхняй сушы паветраны паток хутка губляе сілу і супакойваецца, але перад гэтым ён паспявае нарабіць нямала бед. Нярэдка колькасць загінулых лічыцца ў тысячах, а пасля некаторых асабліва моцных тайфунаў цэлыя астраўныя дзяржавы аказваюцца разбуранымі ледзь не дашчэнту. Самымі грознымі з пачатку ХХ стагоддзя сталі тайфун у Ганконгу 1906 года — 10 тысяч загінулых, у Японіі 1958-га — больш за чатыры тысячы. Тайфун, які 18 лістапада 1970 года абрынуўся на дэльту Ганга, затапіў вялікую яе частку і ўзбярэжжа: загінулі 200 тысяч чалавек, якіх змыла высокай хваляй...

Прадказанні ад суперкамп'ютара

Ці магчыма «вылічыць» тайфуны? У 1956 годзе кітайскі навуковец Лі Сянь Чжы агучыў сваю тэорыю, заснаваную на шматгадовым вывучэнні і абагульненні метэаралагічных зводак. На яго думку, ёсць дзве прычыны для з'яўлення тайфуна. Адна з іх (Лі Сянь Чжы называе яе «ўнутранай») — наяўнасць паветраных мас, насычаных нераўнамерна размеркаванай вільгаццю. Другая, або «знешняя», — рух саміх мас паветра. Асноўнымі крыніцамі энергіі трапічнага цыклону — тайфуну — з'яўляецца вызваленне схаванага цяпла мас вільготнага паветра пры яго кандэнсацыі. Лі Сянь Чжы лічыць, што штуршком да пераходу аднаго віду энергіі ў іншыя служаць халодныя патокі паветра.

Сапраўды, па назіраннях Шанхайскай цэнтральнай метэаралагічнай станцыі ў апошнія гады ўстаноўлена цесная сувязь паміж узнікненнем тайфуну і з'яўленнем халодных паветраных плыняў, якія ўварваліся з паўднёвага паўшар'я. Вядома, гэта з'ява настолькі складаная, што для поўнага высвятлення яе фізічнай сутнасці неабходны далейшыя, вельмі падрабязныя і дэталёвыя назіранні і даследаванні навукоўцаў самых розных спецыяльнасцяў: фізікаў, метэаролагаў, кліматолагаў, гідролагаў і сіноптыкаў.

Вялікую работу па вывучэнні кліматычных з'яў, звязаных з утварэннем і рухам тайфунаў, праводзяць кітайскія навукоўцы. На аснове аналізу сотняў метэазводак ужо ўдаецца дэталёва прасочваць перасоўванне кожнага тайфуну, выяўляць заканамернасці яго развіцця. У Японіі распрацавана сістэма прагназавання, у якой задзейнічаны адзін з самых хуткіх у свеце суперкамп'ютараў Еаrth Sіmulаtоr. Ён вымярае тэмпературу сусветнага акіяна, рух зямной кары і на аснове гэтай інфармацыі прадказвае магчымыя стыхійныя бедствы.

Дрэнныя прагнозы

Сёлетні пік сезона атрымаўся надзвычай актыўны — улетку і на пачатку восені на паўднёвы ўсход Азіі абрынулася некалькі моцных тайфунаў. «Сімарон» прынёс на японскія астравы праліўныя дажджы і моцны вецер, у выніку каля 100 тысяч дамоў засталіся без электрычнасці, пацярпелі 13 чалавек. З-за «Прапіруна» на захадзе Японіі загінула больш за 220 чалавек. З-за самага магутнага за апошнія 25 гадоў тайфуну «Джэб» у «краіне ўзыходзячага сонца» загінула больш за 10 чалавек, яшчэ больш за 300 — прапалі без вестак. Першы за апошнія шэсць гадоў тайфун «Соўлік» накрыў карэйскі паўвостраў. «Румба» нанёс сур'ёзную шкоду шматлікім кітайскім правінцыям.

Вынікі глабальнага даследавання супертайфунаў у заходняй частцы Ціхага акіяна за апошнія паўстагоддзя сведчаць, што гэтыя магутныя трапічныя штормы становяцца ўсё мацнейшымі. Павышэнне глабальнай тэмпературы прыводзіць да ўзрастання колькасці ападкаў, асабліва ў трапічных раёнах акіянаў. Дажджы памяншаюць салёнасць вады, спрыяючы ўзмацненню тайфунаў. Каманда даследчыкаў прааналізавала, які з двух канкуруючых фактараў — салёнасць вады ці яе тэмпературны градыент — адыграе большую ролю ў ступені інтэнсіўнасці супертайфунаў. У выніку высветлілася, што салёнасць вады аказвае на іх моц прыкладна ўдвая большы ўплыў, чым яе тэмпература.

Даследчыкі разгледзелі каля 20 кліматычных мадэляў і прыйшлі да высновы, што ва ўмовах далейшага павышэння глабальнай тэмпературы ападкаў над акіянамі будзе ўсё больш, а значыць, і тайфуны будуць больш маштабнымі і разбуральнымі. Найбольш небяспечныя з іх, паводле прагнозаў, удараць па ціхаакіянскіх астравах, такіх як Філіпіны і Тайвань. Акрамя таго, яны абрынуцца на многія ўсходнеазіяцкія краіны, а ўзровень мора, які стабільна павышаецца, толькі пагоршыць сітуацыю.

«Рубільнік» для магнітнага поля

Спецыялісты заўважаюць: супервіхуры магчыма спыніць. Тэарэтычна. Для прадухілення ўзнікнення тайфуна ў раёне яго меркаванага фарміравання неабходна цалкам ці часткова скампенсаваць магнітнае поле Зямлі або паменшыць вільготнасць і хуткасць узыходзячага патоку паветра.

Варыянт з частковай, а тым больш поўнай кампенсацыяй магнітнага поля Зямлі ў раёне меркаванага з'яўлення тайфуну непрымальны з дзвюх прычын. Па-першае, ён пакуль немагчымы чыста тэхнічна, а па-другое, поўная адсутнасць магнітнага поля над часткай зямнога шара ці хоць бы яго частковае паслабленне можа прывесці да глабальнай катастрофы, параўнальнай з разбурэннямі ад тайфуну, паколькі менавіта магнітнае поле з'яўляецца той натуральнай абаронай, якая не дапускае трапляння зараджаных часціц, што выпраменьваюцца Сонцам і касмічнымі целамі, на Зямлю. Калі прыбраць гэты шчыт, то могуць пацярпець нашы флора і фаўна.

Задача ўскладняецца і тым, што гэтыя мерапрыемствы трэба праводзіць на акваторыі ў тысячы квадратных кіламетраў. Матэрыяльныя затраты пры гэтым могуць перавысіць сотні мільёнаў долараў, што, зрэшты, на парадак менш, чым шкода ад тайфуну, якая лічыцца ў мільярдах долараў.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Ва ўладзе «вялікага ветру»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.