Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Аб мужнай перамозе беларускай веласіпедысткі Алены Амялюсік і іншых самых прыкметных спартыўных навінах раскажам у традыцыйным аглядзе «Звязды».


1. Алена Амялюсік перамагла ў каманднай гонцы з раздзельным стартам на чэмпіянаце свету па веласпорце ў аўстрыйскім Інсбруку. Дыстанцыю ў 54,5 км нямецкая прафесійная велагрупа Саnуоn/Srаm Rасіng у складзе Трыксі Ворак, Лізы Кляйн, Алены К'ечыні Ханны Барнес, Эліс Барнес і Алены Амялюсік пераадолела за 1 гадзіну 1 хвіліну 46 секунд. Другое месца ў Інсбруку заняла Dоlmаns Сусlіng Tеаm з Нідэрландаў. А замкнула тройку прызёраў яшчэ адна каманда з гэтай краіны Sun Wеb.

«У Інсбруку класная атмасфера. Для мяне гэты чэмпіянат свету асаблівы, бо месяц назад я нават не думала, што змагу тут стартаваць — перанесла 7 жніўня артраскапію на плячы. Я тут нават групавую гонку не паеду,таму што не магу падняць руку да пэўнага ўзроўню. Але на камандную гонку была добра настроена. Усяго месяц як пачала трэніравацца на шашы пасля аперацыі. Гэта «золата» для мяне шмат значыць, я шмат болю пераадолела і рада быць з камандай, аддацца гэтай гонцы на 100 %», — адзначыла пасля фінішу Алена.

Раней беларуска станавілася чэмпіёнкай свету ў каманднай гонцы з раздзельным стартам у 2015 годзе ў амерыканскім Рычмандзе. У 2016-м у Досе яна стала сярэбраным прызёрам. Таксама на рахунку Алены Амялюсік перамога ў індывідуальнай гонцы на І Еўрапейскіх гульнях у Баку.


2. Настасся Пракапенка і Ілья Палазкоў перамаглі ў змешанай эстафеце на прэстыжным турніры «Кубак Крамля» ў Маскве, яны набралі 1416 ачкоў. Сярэбранымі прызёрамі сталі расіяне — 1402 балы, бронзавыя ўзнагароды ў каманды з Літвы — 1368 балаў.

Адзначым, што на «Кубак Крамля» дапускаюцца толькі найлепшыя спартсмены свету па персанальным запрашэнні. У спаборніцтвах разыгрываюцца медалі ў змешанай эстафеце сярод камандаў. Прызавы фонд турніру традыцыйна складае 100 тысяч долараў і з'яўляецца самым буйным у гісторыі сучаснага пяцібор'я.


3. Арына Сабаленка абыграла іспанку Карлу Суарэс Навара на старце тэніснага турніру ў кітайскім Ухані. У другім крузе першая ракетка Беларусі згуляе з Элінай Світолінай. Аляксандра Сасновіч таксама ўпэўнена стартавала ва Ухані, абыграўшы бельгійку Элізу Мертэнс. У другім крузе яна сустрэнецца з Монікай Пуіг з Пуэрта-Рыка.

У абноўленым рэйтынгу Сусветнай жаночай тэніснай асацыяцыі Вікторыя Азаранка перамясцілася з 63-га на 54-е месца. Нагадаем, на мінулым тыдні яна прымала ўдзел у прэстыжным турніры ў Токіа і дайшла да чвэрцьфіналу. Беларуска завяршыла матч датэрмінова з-за праблем са здароўем. Арына Сабаленка па-ранейшаму займае 20-ю пазіцыю, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 32-м месцы, Вера Лапко займае 64-ы радок рэйтынга.


4. Гандбалісты БГК імя Мяшкова атрымалі другую перамогу ў Лізе чэмпіёнаў, абыграўшы на сваёй пляцоўцы французскі «Манпелье» з лікам 26:23. У турнірнай табліцы БГК пасля двух матчаў мае чатыры ачкі і дзеліць першае месца з македонскім «Вардарам». 26 верасня ў трэцім туры Лігі чэмпіёнаў брастаўчане згуляюць на выездзе супраць «Райн Левена» з нямецкага Мангейма.


5. Згуляны матчы 22-га тура чэмпіянату краіны па футболе ў элітным дывізіёне.

Футбалісты «Дняпра» на сваёй пляцоўцы саступілі «Смалявічам» — 0:1, а «Шахцёр» — «Іслачы» з такім жа лікам. Футбалісты «Мінска» перайгралі «Слуцк» 1:0, «Дынама-Брэст» было мацнейшым за «Віцебск» — 1:0, «Тарпеда-БелАЗ» з такім жа лікам перайграла «Гомель», мінскія «дынамаўцы» атрымалі перамогу над «Праменем» — 3:2. Матч паміж мінскім «Тарпеда» і БАТЭ перанесены на 26 верасня.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Насуперак болю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».