Вы тут

На Міншчыне ўпершыню прайшоў форум сельскай моладзі


На Міншчыне ўпершыню прайшоў форум сельскай моладзі, які сабраў больш за 300 маладых спецыялістаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, устаноў адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя, фермераў, прадпрымальнікаў. Большасць удзельнікаў — моладзь Мінскай вобласці. Акрамя таго, на форум былі запрошаны маладыя людзі з усіх абласцей Беларусі, а таксама больш за 200 студэнтаў Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.


— Дабрабыт любога грамадства і яго росквіт у многім залежаць ад моладзі. Маладыя людзі займаюцца навукай, творчасцю, спортам, бізнесам, дабрачыннасцю. Гэтым яны робяць свой унёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці. Форум павінен пасадзейнічаць павышэнню сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці сельскай моладзі, фарміраванню кадравага рэзерву аграпрамысловага комплексу, папулярызацыі прыцягальнасці сельскагаспадарчай працы, — адзначыў на адкрыцці форуму старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Губернатар канстатаваў, што кожны год у Мінскую вобласць размяркоўваецца больш за 6,5 тысячы маладых спецыялістаў, у тым ліку кожны трэці — у сельскую мясцовасць. У цэнтральным рэгіёне стала добрай традыцыяй рэгулярна ладзіць мерапрыемствы з выездам у раёны. Яны сталі своеасаблівымі пляцоўкамі для стасункаў, вывучэння станоўчага вопыту ў маладзёжнай палітыцы, лічыць Анатоль Ісачанка.

Форум невыпадкова адкрыўся на базе Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Гэтая вышэйшая навучальная ўстанова з'яўляецца кузняй кадраў для сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Рэктар БАТУ Іван Шыла адзначыў, што больш за 40 % студэнтаў тут з Мінскай вобласці, у тым ліку 30 % вучацца па мэтавай падрыхтоўцы.

У пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі розных міністэрстваў: аховы здароўя, адукацыі, культуры і эканомікі.

Намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандр Каліноўскі падкрэсліў, што росквіт рэгіёнаў, стварэнне рабочых месцаў, павышэнне дабрабыту насельніцтва немагчымыя без удзелу малога і сярэдняга бізнесу. І тут перш за ўсё ініцыятыва належыць моладзі. У сельскай мясцовасці дзяржава стварыла належныя ўмовы для развіцця рамесніцкай дзейнасці, агратурызму, рознічнага гандлю, грамадскага харчавання, аказання розных відаў паслуг. Аляксандр Каліноўскі паведаміў, што працягваецца работа над стратэгіяй развіцця прадпрымальніцтва да 2030 года. Плануецца, што за гэты перыяд агульная вага малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміцы дасягне 50 %. Сёння гэты паказчык на ўзроўні 30 %. Ён канстатаваў, што рыхтуюцца і іншыя знакавыя дакументы, у тым ліку і па рэфармаванні дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцтва з улікам рэгіёнаў.

Для ўдзельнікаў форуму працавалі секцыі па розных кірунках дзейнасці: сельская гаспадарка, прадпрымальніцтва, культура, фізічная культура, адукацыя, ахова здароўя.

На другі дзень форум працягнуў работу ў нефармальнай абстаноўцы на спартыўна-аздараўленчай базе «Алімпіец» у вёсцы Сёмкава Мінскага раёна. Моладзь атрымала магчымасць задаць пытанні падчас адкрытага дыялогу кіраўніку цэнтральнага рэгіёна, выказаць свае крэатыўныя ідэі, прапановы па далейшым удасканаленні работы аграпрамысловага комплексу.

Да тэмы

Творчым працягам форуму стаў абласны этап Рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», дзе спаборнічалі 22 маладыя сям'і сталічнага рэгіёна.

Кожная з іх прыехала з групай падтрымкі. Конкурс праходзіў ярка, эмацыянальна, творча. Напрыклад, Павел і Кацярына Шуцілы з Капыльскага раёна прывезлі з сабой пеўня — «жывы будзільнік», які падымае вяскоўцаў на работу кожную раніцу. Удзельнікі спаборнічалі ў спрынце: хто лепш пасячэ дровы, змайструе лаўку, запражэ і распражэ каня, прабяжыць спартыўную эстафету, здасць экзамен на веданне сваёй малой радзімы. Членам журы давялося паламаць галаву, каб вызначыць найлепшых. Пераможцамі сталі сем'і: Аляксандра і Кацярыны Бачылаў са Смалявіцкага, Паўла і Кацярыны Шуцілаў, Дзмітрыя і Вольгі Калевічаў з Капыльскага, Аляксандра і Аксаны Гармазаў з Мінскага, Генадзя і Анжалікі Захаравых з Мядзельскага раёнаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Сёння спецыялісты — заўтра кіраўнікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».