Вы тут

Кніга пра гісторыка-культурныя ландшафты Беларусі прэзентавана ў Мінску


У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі «Маршруты беларускага турызму: гісторыка-культурныя ландшафты Беларусі»

Гістарычная прыгажосць Беларусі шырока вядома ў краіне і за яе межамі. Штогод турысты наведваюць Сафійскі сабор у Полацку, палац Радзівілаў у Нясвіжы, Курган Славы пад Мінскам, Мірскі, Навагрудскі і Лідскі замкі... Ёсць у нашай краіне і мясціны не менш каштоўныя, хоць і не такія папулярныя: шматлікія беларускія вёскі і мястэчкі.


— Гэтая кніга — вынік доўгай працы, якая пачалася яшчэ ў канцы 1970-х, — расказвае аўтар Аляксандр Лакотка, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. — Пасля заканчэння ВНУ я працаваў у майстэрні народнага архітэктара Георгія Заборскага. З тых часоў вельмі шмат вандрую па нашай краіне. Фатаграфую, раблю замалёўкі і чарцяжы. Было некалькі праектаў, з якіх у выніку атрымаліся кнігі.

У 2006 годзе ў акадэміка выйшла кніга «Гісторыка-культурныя ландшафты Беларусі», а ў 2011-м — «Турыстычная мазаіка Беларусі». Але новая кніга Аляксандра Іванавіча вылучаецца тым, што акцэнт у ёй зроблены менавіта на лакальна-рэкрэацыйныя зоны. Гэта значыць, што ў кнізе можна прачытаць гісторыю ўзнікнення той ці іншай вёскі, даведацца, чаму яна мае такую назву і хто жыве там зараз. Да таго ж пералічаны помнікі культуры, архітэктуры, аўтэнтычныя помнікі, звязаныя з ратнымі і працоўнымі подзвігамі нашага народа. Кніга якасна праілюстравана, дваццаць сем лакальных раёнаў маюць свае карты, на якіх можна ўбачыць усе гісторыка-культурныя і прыродныя каштоўнасці, што ўяўляюць цікавасць для турыстаў і жыхароў, якія любяць вандраваць па сваёй краіне і адкрываць штосьці новае.

Асаблівае значэнне ў кнізе Аляксандр Лакотка надае тапаніміцы (навука аб назвах) паселішчаў, урочышчаў, балот і сцежак:

— Ёсць вельмі цікавыя факты. Напрыклад, што мясцовасць паміж Лагойскім, Барысаўскім і Вілейскім раёнамі ў народзе называюць «Паміж Гайнай, Дзвінасой і Віллей» менавіта з-за рэк, якія там працякаюць. А паблізу мястэчка Наносы, дзе сёння размяшчаецца буйны агра-турыстычны комплекс, за польскім часам хацелі пракласці чыгунку, але хутка пачалася Другая сусветная вайна.

Гэтая кніга будзе цікавая не толькі гасцям нашай краіны, але і самім яе жыхарам. Бо, як пісаў нам славуты першадрукар Францыск Скарына, як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць...

Маргарыта ГАЙДАРЖЫ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: У вандроўку — з розумам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?