Вы тут

Пра выбар, жаданні і магчымасці


Аповесць Уладізміра Машкова «Як я быў вундэркіндам» была надрукавана ў беларускім выдавецтве «Юнацтва» больш як 35 гадоў таму — а актуальнасць не страчвае і сёння. Гэта якраз той выпадак, калі дарослым пачытаць дзіцячую кніжку не менш карысна, чым дзецям, — асабліва ў пачатку новага навучальнага года, калі ідзе набор у разнастайныя гурткі і секцыі.


Безумоўна, большасць бацькоў разумее, што самастойнасць і ўсебаковае развіццё — гэта выдатна, але ў дзяцінстве добра было б пакінуць час і на само дзяцінства, таму нагрузку на растучы арганізм трэба дазаваць і чаргаваць працу з адпачынкам. Гэта ў тэорыі, а на практыцы — школьныя настаўнікі настойліва раяць падцягнуць матэматыку і беларускую, для спіны карыснае плаванне, а для інтэлекту — шахматы, да таго ж самому дзіцяці падабаецца танцаваць, дый пра будучую прафесію добра было б паклапаціцца загадзя, нездарма робататэхніка сёння ў трэндзе... А гадзін у сутках усяго дваццаць чатыры, і дзён у тыдні — сем, як ты ні ўшчыльняй графік.

І тут аднолькава баішся як таго, што дзіця круцёлкай-страказой будзе некалькі гадоў пераходзіць з гуртка ў гурток, выбіраючы сабе занятак па душы, ды ўсе і кіне, так і таго, што ты, няхай падсвядома, зробіш за яго свой выбар і будзеш дзе подкупам, дзе бацькоўскім аўтарытэтам прымушаць займацца нелюбімай справай (сярод маіх сяброў ёсць выпадак: хлопец уручыў шчаслівай маме дыплом музычнай школы па класе скрыпкі, і з таго часу ўжо 20 гадоў не адкрывае футарал з інструментам).

А яшчэ занадта амбіцыйных бацькоў з завышанымі чаканнямі можа падсцерагаць неспадзяванка ў тым сэнсе, што раптам стан здароўя не дазволіць займацца абраным відам спорту, альбо канфлікт з педагогам адаб'е ўсю ахвоту займацца?.. Аддаць права выбару самому дзіцяці — таксама не найлепшы варыянт: у пяшчотным узросце наўрад ці хто зможа выбраць дадатковую адукацыю свядома, акрамя таго, значную ролю могуць адыграць мода і жаданне быць не горшым за сяброў, а не асабістыя схільнасці. А не рабіць наогул нічога, чакаючы, пакуль вашы нашчадкі «дарастуць» да ўласнага хобі — так, прабачце, можна і да старасці не дачакацца.

На мой глыбока суб'ектыўны погляд, задоўга да выбару секцыі, факультатыву ці гуртка трэба вызначыцца з мэтай: для чаго вам (і дзіцяці!) гэта трэба. Каб палепшыць школьныя адзнакі? Пазнаёміцца з рознымі прафесіямі? Развіць творчыя здольнасці, палепшыць «тэхніка-тактычныя характарыстыкі» арганізма? Вырасціць будучага чэмпіёна ці ўладальніка прэміі Грэмі? Што будзе, калі не атрымаецца? Усё адно лепш паспрабаваць, чым не рабіць нічога. І можа, з дзіцяці не вырасце новы Пласіда Дамінга ці Аляксандр Мядзведзь, аднак разнастайныя веды і ўменні — не той груз, які адцягне плечы.

Знайшла, між іншым, цікавыя лічбы і нагоду для роздуму ў бюлетэні Белстата «Адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь» 2017 года. Калі ў 2010 годзе дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі ў нашай краіне забяспечвалі 383 разнастайныя ўстановы, то ў 2016-м — 297 (амаль на 100 менш!), пры гэтым колькасць навучэнцаў знізілася не так значна — з 415,4 тысячы чалавек да 389 тысяч. А вось дзіцячых школ мастацтваў хоць і стала менш (было 523, засталося 424), але колькасць іх вучняў, наадварот, вырасла са 104,8 тысячы чалавек да 114,6 тысяч.

Сярод гурткоў па інтарэсах вырасла колькасць мастацкіх (з 12,3 да 14 тысяч), зменшылася — тэхнічных і спартыўна-тэхнічных (з 3700 да 3200), турыстычна-краязнаўчых (з 3200 да 2900), фізкультурна-спартыўных (4400 — 4100). Атрымліваецца, што праз 5—10 гадоў у нас будзе «перавытворчасць» спевакоў, мастакоў і музыкантаў, затое зведаем востры недахоп спартсменаў? Або бацькі кіруюцца меркаваннем, што лепш няхай дзіця мае творчае захапленне (якое нават калі не дазволіць уладкавацца ў жыцці, дык і шкоды не прынясе), чым ахвяруе здароўем у турпаходах і на зборах? А можа, усё значна прасцей і празаічней, як сказала мая добрая знаёмая з аддаленага райцэнтра: «Гэта вы там, у Мінску, можаце сабе дазволіць перабіраць, а ў нас які гурток ёсць, туды і аддасі дзіця, каб хоць нечым было занятае, а не па вуліцы бадзялася...» А вы як лічыце — справа ў бацькоўскіх магчымасцях, дзіцячых памкненнях ці наяўнасці выбару?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.