Вы тут

Што рабіць, калі ў малога гіперактыўнасць?


Яно ўвесь час у руху. Яно «дастала» ўсіх. Яно невыноснае! Вы бачылі такіх дзяцей? Мяркуеце, яны дрэнна выхаваны? На самай справе, гэта асаблівыя дзеці — з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасцю. Як справіцца з такімі «вечнымі рухавікамі» і ўсадзіць іх за ўрокі, што рабіць, каб з часам праявы сіндрому зніклі і ці мае гэты дыягназ наступствы ў дарослым жыцці, расказала псіхолаг Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Галіна СТАНЧЫК.


Дыягназ ці складаны характар?

— Галіна Антонаўна, здаецца, што прыкметы гіперактыўнасці можна знайсці ледзь не ў кожнага дзіцяці...

— Так, асабліва ў пэўным стане, напрыклад, стомленасці. Увогуле, гэта цяпер «модны» дыягназ. На прыёме часта бацькі з гонарам кажуць, што дзіця гіперактыўнае, але на самай справе ў яго няма гэтага дыягназу, і яны не сутыкаюцца з праблемамі, якія ён цягне. Калі дзіця сапраўды гіперактыўнае, бацькі імкнуцца гэта змякчыць, запэўніваюць сябе, што яно павінна быць актыўным, не спяшаюцца ісці да спецыялістаў. І часта звяртаюцца да іх толькі пад уплывам нейкіх абставін. Гіперактыўнасць, як правіла, стварае складанасці ў адаптацыі, асабліва ў школе, ды і ў дзіцячым садку, у гуртках, увогуле ў любой дзейнасці, якая не выклікае цікавасці.

— Якія прыкметы гіперактыўнасці?

— Гэты дыягназ уключаны ў міжнародную класіфікацыю захворванняў і носіць назву сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю. Такое дзіця вельмі прыкметнае. Яно рэактыўнае, імпульсіўнае, не ўмее чакаць, не ўмее канцэнтравацца. Для пастаноўкі дыягназу павінна спалучацца некалькі прыкмет, у адкрытым доступе ёсць адпаведныя анкеты. Але паколькі гэта праяўляецца вельмі індывідуальна, лепш кансультавацца са спецыялістам, каб зразумець: гэта дыягназ, асаблівасці тэмпераменту або наступствы стрэсу ці частых хвароб. Сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю сустракаецца ў трох варыянтах: часцей за ўсё дэфіцыт увагі і гіперактыўнасць спалучаюцца, але бываюць і паасобку.

— Здаецца, што такія дзеці крыху агрэсіўныя...

— Трэба разумець, што гэта не агрэсія. Такіх дзетак часта параўноўваюць з аўтамабілем, у якога перасталі дзейнічаць тармазы. Яны рэактыўныя і імпульсіўныя, і, калі ёсць нейкі раздражняльнік, пачаўшы гульню, якую-небудзь жартаўлівую валтузню, на эмацыянальным узбуджэнні ім цяжка спыніцца. Да таго ж, у іх праблема з прагназаваннем — яны не ведаюць, якія будуць наступствы. Дзеці з ярка выражанай імпульсіўнасцю неасцярожныя, ужо ў дашкольным узросце часта траўміруюцца і апякаюцца, перакуляючы на сябе кубкі ці талеркі. Бацькам з такімі дзецьмі расслабіцца не атрымліваецца.

— У якім узросце звычайна ставіцца такі дыягназ?

— Усё залежыць ад формы захворвання, часцей яно праяўляецца ў школе. Там адразу становіцца відавочнай няўседлівасць, дэфіцыт увагі, але часам у яркай форме гэта бачна яшчэ ў дашкольным узросце, калі выхавальніцы ў садку з цяжкасцю спраўляюцца з дзіцем. На гэта ёсць і неўралагічныя прычыны, бо часта маюцца адпаведныя спадарожныя дыягназы. У такіх дзяцей сустракаюцца, напрыклад, парушэнні мовы. Па структуры яна можа быць добра развіта, але дзіця вельмі хутка размаўляе, і ў сувязі з гэтым парушана маўленне. Мова можа і адсутнічаць нейкі час, але ёсць гукі. Дарэчы, калі ў гіперактыўнага дзіцяці адсутнічае мова, яно можа здавацца агрэсіўным, бо шукае іншыя спосабы прыцягнуць да сябе ўвагу. Часта бываюць цікі, заіканні, энурэз. У такім выпадку дыягназ праяўляецца раней. Калі ж гэтых прыкмет няма, то ў школе ці папулярных сёння развіццёвых цэнтрах, у спартыўных секцыях ці танцавальных гуртках.

Як выхоўваць непаседу?

— Як сябе павінны паводзіць бацькі?

— Ім часта даводзіцца чуць, што іх дзеці нявыхаваныя, бо збоку гэта выглядае менавіта так, і бацькам вельмі складана. Важна вучыцца правільна рэагаваць на заўвагі навакольных і педагогаў. Дзіця трэба абараняць і самому не прымаць заўвагі сур'ёзна. І што вельмі няпроста — не раздражняцца пры гэтым на дзіця. Трэба разумець, што яно пакуль не можа з сабой справіцца. І не ад таго, што дзіця не хоча, ад таго, што яно не ў стане, і гэтыя паняцці варта раздзяляць. Такі дыягназ не знікне за дзень, гэта надоўга. Выспяванне нервовай сістэмы ў кагосьці адбываецца раней, у кагосьці пазней, але ў любым выпадку — не хутка.

Часта бацькі баяцца ісці па сваё дзіця ў школу ці дзіцячы садок, бо іх абступаюць іншыя дзеці і пачынаюць расказваць, што іх нашчадак нарабіў. Важна спыняць гэта ў жартаўлівай форме, бо калі іншыя малыя адчуюць, што бацькі на дзіця раззлаваліся, гэта будзе працягвацца зноў і зноў. Педагогам з такімі дзецьмі няпроста, і сваю незадаволенасць яны будуць таксама выказваць. З настаўнікамі бацькам важна супрацоўнічаць, прыслухоўвацца да іх рэкамендацый, але пры гэтым прасіць пачынаць з таго, што было добрага, бо такія дзеці лепш рэагуюць на пазітыў. Заўвагі выслухоўвайце, але разбірайцеся з імі пасля.

— На што ў выхаванні такіх дзяцей павінны звярнуць увагу бацькі?

— Тыя агульныя рэкамендацыі, якія даюцца ўсім бацькам, у гэтым выпадку проста жыццёва неабходна выконваць. Бо на тых купінах, якія іншыя дзеці паспяхова пераадолеюць, гэтыя малыя могуць спатыкнуцца. Карысна прытрымлівацца звыклых нормаў і традыцый, што ёсць у сям'і. Добра дапамагае рэжым дня, як бы сумна гэта ні гучала: прынялі ванну і кладземся ў ложак. Насамрэч такіх дзяцей вельмі складана ўкласці спаць. Па іх не бачна стомленасці — здаецца, дзіця носіцца і сіл у яго шмат, а на самай справе яно ўжо вельмі стамілася. Прытармазіць самастойна яно не можа, варта паціху рыхтаваць яго да сну і ўкладваць своечасова.

Для сем'яў з гіперактыўнымі дзецьмі школа — той этап, які няпроста прайсці. Што датычыцца дамашніх заданняў, за самастойную падрыхтоўку якіх звычайна выступаюць і псіхолагі, і педагогі, то гіперактыўныя дзеці на працягу пэўнага часу з гэтым не спраўляюцца. Долі галаўнога мозга, якія адказваюць за самакантроль, не дастаткова развіты, у іх праблемы з увагай, яны хутка стамляюцца, таму функцыі кантролю бяруць на сябе бацькі. На пэўным этапе, каб дзіця канцэнтравалася, важна сядзець з ім побач, дзеці нават самі просяць: мама, ты толькі нікуды не сыходзь. І пакуль знешні стымул прысутнічае, малы робіць урокі, як толькі мама адышла, ён і сам не заўважыў, як займаецца чымсьці іншым.

Правільна павінна быць арганізавана і знешняя прастора: важна, каб нічога не адцягвала ўвагу. Калі робім заданне па нейкім прадмеце, значыць на стале ляжыць толькі адзін падручнік і сшытак. Вельмі неабходныя перапынкі, бо імпульсіўныя дзеці хутка спустошваюцца. У школе такім дзецям рэкамендуюць, напрыклад, раздаць сшыткі ці падысці да дошкі, вопытныя педагогі гэта ведаюць. Дома таксама: зрабілі адно заданне — пайшлі папіць сок, прыступілі да наступнага. Кожнаму дзіцяці важна падабраць свой рытм, бо ў іх бываюць моманты, калі зусім зніжана працаздольнасць, яны не могуць сабрацца, тады ім варта даць расслабіцца і адпачыць. Сталеючы, дзеці вучацца гэтаму самі.

Вельмі важна такому дзіцяці захаваць самаацэнку. Зразумела, што яму часта робяць заўвагі, ім бываюць незадаволены — спачатку дарослыя, а потым і аднагодкі. Гіперактыўныя дзеці вельмі добразычлівыя, яны хочуць кантактаваць, але ў іх не атрымліваецца прытрымлівацца правілаў, падстройвацца пад іх. Бывае, што равеснікі не хочуць прымаць іх у гульню, і дзіця гэта вельмі расстройвае. Задача бацькоў — вучыць гуляць, кантактаваць і таксама падтрымліваць самаацэнку: «Так, ты актыўны, але пакуль не можаш удзельнічаць у гэтай гульні». Ні ў якім разе бацькам не трэба вымаўляць вядомае «ды табе толькі ў дворнікі» — такое доўгатэрміновае прагназаванне толькі шкодзіць.

Тым часам карысна вучыць дзіця: «Калі ты сёння не пакладзеш у партфель падручнік, то заўтра не зможаш займацца, і табе паставяць дрэнную адзнаку». Гэта сапраўды дзейнічае, бо часам малое проста не думае пра гэта. Варта яму растлумачваць: што будзе, калі ты нешта не зробіш. Паціху, маруднымі крокамі, але дзіця навучыцца бачыць наступствы сваіх дзеянняў.

Яшчэ варта вучыць разбіваць работу на этапы і паступова яе выконваць. Такім дзецям нельга даваць разгорнутыя заданні, яны іх не ўспрымаюць. Калі сказаць: «Збяры партфель», яно нават і не пачне, бо для яго гэта складана і незразумела. Трэба казаць: вазьмі падручнік матэматыкі і пакладзі ў партфель. Тут важна цярпенне. Увогуле для бацькоў гэта шанц уключыцца ў дзяцінства і пагуляць. Для такіх дзяцей карысныя розныя гульні на ўвагу. Напрыклад, хаваем дома нейкі сюрпрыз, а каб яго знайсці, малюем план ці кажам на словах: два крокі наперад, тры направа. У выніку поспеху павінна быць і ўзнагарода.

Самім бацькам патрэбна захоўваць цярпенне і, канешне, клапаціцца пра сябе. На пэўным этапе, як паказвае вопыт, большасць татаў актыўна ўключаецца ў працэс выхавання, бо адна мама не спраўляецца. Варта адпачываць і не саромецца прасіць дапамогу ў блізкіх. Добра, калі ёсць сярод знаёмых сям'я з гіперактыўным дзіцем старэйшага ўзросту, можна ўбачыць, як яно з часам пераадолела большасць праблем. Ёсць форумы — гэта таксама падтрымка для бацькоў, хоць там важна фільтраваць інфармацыю.

Прагноз на будучыню

— З узростам большасць праяў гіперактыўнасці знікае?

— Бывае па-рознаму, у дарослых таксама сустракаецца дыягназ «сіндром дэфіцыту ўвагі з гіперактыўнасцю». А здараецца, што ў падлеткавым узросце ён ужо амаль непрыкметны, асабліва калі актыўна выкарыстоўваліся карэкцыйныя метады. Дарэчы, наконт узнікнення сіндрому ёсць некалькі тэорый. Адна з іх — паляўнічага і збіральніка. Дык вось гіперактыўныя людзі — гэта тыя самыя паляўнічыя, якія былі эвалюцыйна неабходны, каб хутка рэагаваць на здабычу. Ёсць версія, што такі сіндром мелі некаторыя знакамітыя людзі, у прыватнасці Леанарда да Вінчы. Зразумела, што ніхто яго ў той час не дыягнаставаў, але можна меркаваць, што сярод вядомых людзей былі гіперактыўныя, бо ў іх ёсць перадумовы вылучацца. Напрыклад, такі дыягназ у дзевяцігадовым узросце быў пастаўлены шматразоваму алімпійскаму чэмпіёну па плаванні Майклу Фэлпсу. Ёсць і генетычныя фактары гэтага сіндрому, і на прыёме таты часам прызнаюцца, што самі былі такімі ж, як цяпер сын. І часта, дарэчы, гэтыя таты станавіліся вельмі паспяховымі ў жыцці.

Камп'ютары — вялікая небяспека для такіх дзяцей. Бацькам часам зручна, калі дзіця гуляе ў тэлефоне ці камп'ютары — можна, нарэшце, адпачыць. Але трэба памятаць, што ў такіх дзяцей вялікая рызыка камп'ютарнай залежнасці. Гэта тая дзейнасць, дзе яны паспяховыя. Там яркія малюнкі, і рэальны свет здаецца менш цікавым. Нельга ім дазваляць «завісаць» у камп'ютары.

— Чым карысным, дарэчы, можна заахвоціць гіперактыўнае дзіця?

— Сапраўды, важна дапамагчы знайсці такое месца, дзе дзіця будзе паспяховым. Добра прыжываюцца такія дзеці ў фальклорных калектывах — там разнастайнасць дзейнасці, усё вельмі ярка, ім там камфортна. Часам у тэатральных студыях, на брэйк-дансе, усходніх адзінаборствах. Многае залежыць ад кіраўніка гуртка і трэнера. Важна ўсведамляць, што такія дзеці няроўна займаюцца: сёння ён можа «выстраліць», а заўтра — зусім дрэнны вынік.

— Гіперактыўнасць мае сур'ёзныя наступствы?

— Гэта вельмі распаўсюджаны дыягназ, амаль у кожным класе ёсць такое дзіця, часам і не адно. Дарэчы, такім дзецям надомнае навучанне зусім не паказана, бо толькі ў калектыве яны могуць сацыялізавацца і навучыцца сябе кантраляваць. Гэта дзеці, як правіла, з нармальным інтэлектам і вучацца ў звычайным класе. Ніякіх сур'ёзных наступстваў такі дыягназ не цягне, асабліва калі своечасова звярнуцца да спецыялістаў і выконваць іх рэкамендацыі. Ён не абмяжоўвае атрыманне вышэйшай адукацыі, правоў кіроўцы. Таму не трэба баяцца ісці да псіхолага ці псіхатэрапеўта. Калі вам адзін спецыяліст не падыходзіць, пашукайце іншага.

Гіперактыўныя дзеці эмацыянальна цёплыя і надзвычай абаяльныя. Многія псіхолагі з задавальненнем з імі працуюць. Гэтыя дзеці адклікаюцца на любую ініцыятыву і хутка ўключаюцца ў яе. Яны шмат радасці могуць прынесці, калі ў бацькоў ёсць правільны настрой. Толькі чакаць, што гэта будзе ціхае паслухмянае дзіця, ісці да ўрача ці псіхолага з надзеяй, што вам з яго зробяць цацу, не варта. Але чым раней бацькі пачнуць прымаць меры, каб згладзіць праявы сіндрому, тым лягчэй будзе пасля.

Самае важнае для гіперактыўных дзяцей — бацькоўская любоў, падтрымка і цярпенне. А жыццё сям'і з такім цудоўным, хай і нязручным, дзіцем можа стаць яркім, нечаканым і вельмі цікавым.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Выпрабаванне... гіперактыўнасцю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».