Вы тут

Сямейная пара на Брэстчыне жыве разам 70 год


— Пойдзем, мая прыгажуня! — пяшчотна звярнуўся Рыгор Сяргеевіч Шабацька да сваёй жонкі Таццяны Мацвееўны, калі мы папрасілі сямейную пару перайсці ў другі пакой, каб сфатаграфаваць юбіляраў сярод вышытых падушак.


Таццяна Мацвееўна толькі крыху ўсміхнулася ў адказ на камплімент. А Рыгор Сяргеевіч падаў ёй руку, як галантны кавалер, лёгка і бадзёра. «Мы з табой, мая прыгажуня, яшчэ і станцуем на наша вяселле — 70 гадоў разам, а мне цябе цалаваць хочацца!..»

Сапраўды, такога важкага юбілею сумеснага жыцця не прыпомню. Вялі-і-і-кая рэдкасць не толькі ў вёсцы Выганашчы Івацэвіцкага раёна — у краіне! Нездарма такі шлюб называюць дабрадатным, багатым, бласлаўлёным Богам.

Шабацька і... Шабацька

— 12 чэрвеня 1948 года, на Тройцу, у нас у вёсцы гулялі чатыры вяселлі. Наша, Паўла Савуціна, Яўстафія Жука і Мікалая Куратніка. Мы і Павел Рыгоравіч са сваёй жонкай вянчаліся ў Целяханскай царкве. Вянчанне каштавала 300 рублёў. А я бацюшку завёз рыбы, дзень касіў траву вакол царквы, таму ўсяго 100 рублёў заплаціў. Мне выйшла танней, — успамінае Рыгор Сяргеевіч сваё вяселле. — Насілі тады што? Штаны і сарочкі сваёй работы, пафарбаваныя ў алешыну. а на вяселлі я быў апрануты ў ваеннае адзенне, у якім бацька прыйшоў з фронту ў 1946 годзе, — у гімнасцёрцы, галіфэ і ботах. А мая прыгажуня — у спадніцы і кофце ў гарошак, на нагах — чорныя паўбацінкі.

— Якія былі ўборы пасля вайны? Нішчымніца на стале і бядота вакол. Вёска была спаленая ў вайну, — дадае Таццяна Мацвееўна. — Што на стале было? Мяса, тварог са смятанай, кансервы, кісель, яблыкі цёртыя...

— Як выбіралі сабе жонку? — цікаўлюся ў Рыгора Сяргеевіча.

— У сям'і нашай было пяцёра дзяцей. Калі я пайшоў у першы клас, то ў той жа год пачаў малаціць жыта з дзедам. Вось і выбіраў дзяўчыну, каб работніца была, як я. Хадзіў да адной — гультаяватая, доўга спіць, маці ёй есці варыць, падае, — не падыходзіць. А ў маёй прыгажуні бацька быў працавіты, маці працавітая і дачка такая ж. Грошай тады ніхто не даваў, таму жонку браў, каб азадак голы не быў, каб прала, ткала... Дарэчы, і прозвішча маёй жонцы не давялося мяняць, яна ў дзявоцтве таксама Шабацька.

Жылі маладыя першы час з бацькамі. Дом Таццяны Мацвееўны быў недалёка, і першы час яна на бліны да сваіх бегала. Не паспелі маладыя намілавацца, як восенню 1948-га забралі Рыгора Сяргеевіча ў так званую працоўную армію — на Украіну ў шахты на тры гады.

— Як забіралі ў армію, калгаса яшчэ не было, а вярнуўся ў 1951 годзе, дык жонка і бацька працавалі ўжо ў калгасе, а дачцэ старэйшай было ўжо больш за два гады, — успамінае Рыгор Сяргеевіч. — Мяне ўзялі працаваць учотчыкам.

«Спаборніцтва» з брыгадзірам

Дзівілася, слухаючы Рыгора Сяргеевіча, — такая памяць! Усіх па імені і прозвішчы памятае, даты — не толькі год, а і дзень, і месяц, усе дэталі, падзеі жыцця...

Расказаў Рыгор Сяргеевіч пра выпадак, як ён паспаборнічаў з брыгадзірам.

— Я з касцамі працаваў, а брыгадзір (не буду называць яго прозвішча) з жанкамі жыта ўбіралі. Вечарам абмералі — а ён толькі два гектары зжаў, а трэба яшчэ 15. Яго выклікалі да начальства, і ён папрасіўся памяняцца са мною. Трэба дык трэба. На наступны дзень раніцай ён ужо пайшоў з касцамі, а я — з жанкамі. Але вечарам напярэдадні я абышоў кожную хату і прасіў нават бабулек выйсці жаць, бо нельга ж марудзіць, пакуль надвор'е. Назаўтра выйшлі ўсе: старыя і малыя. Вечарам абмералі — восем гектараў. Жанкі кажуць: калі паабяцаеш барыш, то заўтра скончым талакою. Я пайшоў да старшыні Няхаева і кажу, што заўтра дажынкі будуць. Ён не паверыў, але барыш паабяцаў... Вось ужо на апошнім снапе кветку зрабілі, жанкі сталі ў чаканні барышу песні спяваць, а старшыні з горада няма і няма. Ахрыплі мае дзяўчаты, сонца заходзіць... Ажно едзе Няхаеў. Я яму далажыў, дык ён пайшоў да суседкі, дзе кватараваў, і пазычыў у яе грошай на барыш. Назаўтра мяне выклікаюць і кажуць, каб я займаў месца брыгадзіра. Я сумеўся: ён парцейны, а я — не. І маё сумленне не дазволіла мне заняць яго месца.

Шчасліўчык

Рыгор Сяргеевіч лічыць сябе шчасліўчыкам не беспадстаўна. У гады Вялікай Айчыннай, калі ён быў яшчэ хлапчуком і пасвіў з сябрам у лесе кароў, здарылася ім аднойчы ўцякаць ад немцаў у балота. Гэта было ў 1943 годзе. Вакол свісталі кулі. Сябра тады забілі, а ён застаўся жывы.

І яшчэ адзін выпадак у жыцці лічыць ён невыпадковым. Калі Рыгору Сяргеевічу было ўжо за 70, ён раптам захварэў. Так моцна, што злёг і развітваўся ўжо з жыццём. Урачы не маглі знайсці прычыну, і сіл у яго не было падняцца з ложка амаль два гады. І неяк ноччу ў роспачы мужчына стаў прасіць Бога, каб забраў яго або падняў, каб не мучыліся блізкія, даглядаючы ляжачага.

А пад раніцу сніцца ці мроіцца, не сказаць: жанчына ў чорным падыходзіць да яго і кажа: «Рыгор, табе яшчэ не пара́. Ты не залежвайся, бо будзеш жыць доўга».

Раніцай жонка не паверыла сваім вачам — Рыгор, крыху хістаючыся, падняўся з ложка і даплёўся да канапы. Пасля таго выпадку ён стаў па-сапраўднаму верыць у Бога. Паступова расхадзіўся і да сённяшняга дня на ногі не скардзіцца.

Першага красавіка Рыгору Сяргеевічу Шабацьку споўнілася 90 гадоў, а ў яго жонкі Таццяны Мацвееўны такі юбілей будзе ў наступным годзе.

— Хто б мог падумаць, што пасля той хваробы бацька ўстане, — здзіўляецца дачка Марыя. — А ён малайчына, здолеў, і яшчэ сёлета ўсе дровы перапілаваў!

Сакрэты сямейнага шчасця

— Характарамі падышлі, — кажа гаспадар. — Жонка мяне не надта любіла цалаваць, а я і абдыму яе, і пацалую... Людзі зайздросцілі нам, падцкоўвалі, каб сварыліся, а жонка верыла мне. Яна пайшла на пенсію ў 50 гадоў і яшчэ 22 гады брала ў калгасе дзялку буракоў палоць. Вышывала, ткала, вязала, журавін па два мяхі збірала, прыгажуня мая.

Вядома, не ўсё гладка складвалася ў жыцці. Але Рыгор Сяргеевіч ні з кім не сварыўся. Мо, таму Бог пасылаў яму людзей, якія за яго заступаліся, дапамагалі вырашаць складаныя пытанні, «разрульвалі» сітуацыю. Такім чалавекам, якому назаўсёды ўдзячны Рыгор Сяргеевіч, быў Васіль Сцяпанавіч Шляжка, намеснік старшыні гаспадаркі. Дзякуючы яму Шабацька атрымаў даплату за выслугу гадоў і ў выніку — дастойную пенсію.

— Бацька на нас ніколі не крычаў, нават голасу не павышаў, але ўсе мы, дзеці, яго слухаліся, — кажа дачка Марыя. — Працаваць не прымушалі, але мы бачылі прыклад перад сабой і стараліся рабіць так, як бацькі. І заўваг тата ў твар не выказваў. Мог маме сказаць: «Марыя ногці нафарбавала, нашто гэта?» А тады мама перадае мне бацькавы словы, і я разумею — не падабаецца яму, значыць не трэба.

— Дзеці харошыя выраслі ў нас, працавітыя, — дадае Рыгор Сяргеевіч. — Марыйка ў мяне ўдалася — пасля ўрокаў бегла да маці дапамагаць бульбу капаць, а пасля бульбы яшчэ ў лес забяжыць ды грыбоў на вячэру збярэ! Наталля вось без мужа ўжо каторы год, ногі баляць, а нам есці наварыць і яшчэ штодзень едзе на веласіпедзе ў другі канец вёскі да дзяцей сына (у яго жонка памерла). Сям'я наша сёння такая: шасцёра дзяцей, 11 унукаў і 13 праўнукаў.

На развітанне Рыгор Сяргеевіч сказаў:

— Усім маладым жадаю, каб кахалі адзін аднаго, паважалі, не пілі гарэлку. Каб беларусы маглі перад іншымі краінамі пахваліцца, што ў нас людзі жывуць не тое што да ста, а нашмат больш гадоў!

Можа, і здарыцца калісьці такі цуд доўгажыхарства.

Валянціна БОБРЫК

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа... 

Калейдаскоп

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў

 Куды б вы ні накіроўваліся, пытанне «Што пакласці ў чамадан, а што пакінуць дома?» цяпер актуальнае для многіх.

Культура

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская: Мая работа — гэта творчасць кожны дзень!

«Жанчыну, якая займаецца танцамі, відаць здалёк!»