Вы тут

Чым адметны касцёл Святога Роха?


Каб зладзіць вандроўку і наталіць прагу ведаў пра нейкі аб'ект, часам не патрабуецца нават транспарт. Дастаткова, адчуўшы напярэдадні ў душы нешта нейкае, здзейсніць паўтысячы крокаў пешкі. Іншымі словамі кажучы — даверыць сябе інтуіцыі.


Я не памятаю, калі даведалася пра існаванне ў нашай слаўнай гісторыі асобы з імем Магдалена па прозвішчы Радзівіл. Так бывае. Калі ўжо напэўна пра некага або нешта ведаеш, то ніколі не можаш сказаць, адкуль тое веданне бярэ свой пачатак. Ведаеш пра гэта як пра сонца і зоркі — ведаеш і ўсё. Магдалену Радзівіл я люблю якраз за сонечнасць і не зорнасць. Здольнасць асвятляць іншым шлях, а самой не блішчэць, не выпячвацца — здольнасць вялікая, уласцівая самым з самых. Я люблю, калі так, паважаю такі парадак.

Значыцца, Магдалена. Я некалі пра яе пісала. Праўда, артыкул прысвячаўся не ёй, а яе свекрыві, Катажыне Радзівіл з Ржавускіх. Мы выдатна ведаем, што іншы герой мінулага часу не варты нават мізэрнай увагі публікі, і цудоўна разумеем, хто ў гісторыі больш каштоўны, хто вялікі, а хто проста ў ёй, так бы мовіць, застаўся — выпадкова або па абсалютна неапраўданай прычыне. І тым не менш мы не адмаўляем сабе ў пераключэнні ўвагі на герояў мінулага часу не тое каб менш слаўных, але такіх, чыя слава — іншага кшталту. Наша гісторыя не такая «цнатлівая», як гэта ўяўляецца даволі значнай колькасці суайчыннікаў. Авантурыстаў, прынамсі, хопіць у ёй хоць на сотню аповедаў. Вось і Катажына такой была... Але вернемся да месца вандроўкі.

Нейкі час таму пачало мяне настойліва адольваць жаданне наведаць Залатагорскі касцёл. Той самы, што належыць прыходу Святой Тройцы і носіць імя ў гонар Святога Роха. Той, што ў Мінску на Залатой Горцы. Ад майго месца працы гэта праз скрыжаванне, праз некалькі соцень метраў, таму наведаць яго — справа працягласцю ў абедзенны перапынак. І што? І нічога. Нічога з тым неадчэпным жаданнем я не рабіла, як гэта ні дзіўна. Быццам клікаў мяне гэты храм, а я, ганарліўка, не слухала, не адгукалася. У гэты ж самы час досыць часта прыходзіў да мяне ў думках, выплываючы з памяці аб прачытаным, вобраз Магдалены, яе жыццёвы прыклад і духоўны арыенцір. Мне, ведаеце, падабаецца мець куміраў.

І вось аднаго дня я выпадкова даведваюся, што кумірка мая Магдалена з Завішаў, рrіmо vоtо Красінская, больш вядомая як Радзівіл, ужо не ў Швейцарыі, дзе была пахавана ў 1945-м, а ў Мінску, у касцёле на Залатой Горцы. Як я прапусціла навіну пра яе перазахаванне, як прайшлі міма мяне ўсе перыпетыі, з гэтай справай звязаныя, — не ведаю. Але важная культурная падзея аказалася прапушчана. Прыкра было яшчэ і з-за таго, што жаданне наведаць касцёл, якое цяпер можна тлумачыць як спробу нябёсаў зладзіць мне кампенсацыю за прапушчанае, цалкам мной ігнаравалася. Бесцырымонна і беспрычынна. Ніякай павагі да інтуіцыі, калі іншымі словамі. Так бывае.

Круг у цэнт­ры — Су­свет, на­кла­дзе­ны на яго крыж — тай­на Ува­саб­лен­ня Бо­га ў ча­ла­ве­ка, пяць га­лу­боў на яго фо­не — пяць кан­ты­нен­таў,  са­лі­дар­насць, адзін­ства.

І вось я іду да касцёла Святога Роха. Калі дакладней, то месца, куды я прыйшла сонечным ранкам, — гэта стары некропаль, даўнія каталіцкія могілкі. «На зваяванай і захопленай зямлі, дзе жыццё як падарожжа па чужыне ў смутку і жальбе, толькі каменні галосяць і вецер вые па-над магіламі». Словы гэтыя апаясваюць па перыметры бронзавы медальён з выявай анёла, які спрабуе падняць, усталяваць над зямлёю вялікі драўляны крыж. Медальён упраўлены ў каменны мур, на які трэба падняцца па прыступках, каб апынуцца на тэрыторыі, дзе раней былі могілкі, а цяпер (па дарозе да храма) стаяць надмагільныя камяні з надпісамі па-польску. Камяні з магіл ХІХ стагоддзя. Адкуль гэтыя словы, што апаясваюць медальён? Адзін чалавек даводзіў мне, што Залатагорскі некропаль часткай сваіх пахаванняў быў звязаны з паўстаннем 1863—1864 гадоў. Быццам прывозілі сюды пакараных, каб пахаваць. Быццам расказвалі пра гэта па сакрэце старыя людзі. І быццам у архітэктуры храма можна пры жаданні знайсці сімволіку дат паўстання — адразу абедзвюх. Атрымліваецца нейкі «дэн браўн». Пры жаданні, ведаеце, усё можна. Але тут я ні ў якія «коды да вінчы» гуляць не хачу: хапае рэальных дзівосаў на нашай зямлі. Да прыкладу, Залатагорскі касцёл, дзе цяпер пахавана наша дабрачынка Магдалена, і касцёл, побач з якім яна была пахавана ў Фрайбургу, на тэрыторыі манастыра сясцёр-дамініканак, — нечым падобныя, і падабенства такое радуе: побач з тым храмам яна правяла апошнія гады жыцця, а побач з касцёлам Святога Роха перад Першай сусветнай набыла дом № 3 у Могільнікавым завулку — гэта на месцы дома з тым жа нумарам на сучаснай Залатой Горцы. Значыць, была прыхаджанкай гэтага храма, і месца яе пахавання выбрана вельмі правільна.

На шыльдзе, за якой пахаваны прах Магдалены, партрэт-барэльеф яе, маладой. Прыгожая жанчына. Вельмі прыгожая. Яе прыгажосць кшталту тых прыгажосцяў, што не знікаюць з гадамі. Гляджу на партрэт яе сталай, размешчаны побач: відаць, што асоба дзейная, неўтаймоўная, жвавая, з маладою душой, з задорнай прычоскай. Наша жанчына.

Пытаюся ў супрацоўніцы храма, ці ёсць у яго сценах іншыя пахаванні, як гэтае, за шыльдай і з барэльефам. Аказваецца, няма, гэта першае. Заўважаю на супрацьлеглай сцяне не шыльду, але медальён. «Сhrіstus hеrі hоdіе sеmреr», — чытаю, падышоўшы. «Хрыстос учора, сёння, заўтра». Яшчэ ў 1996 годзе, рыхтуючыся да 2000-годдзя Хрыста, Ватыкан паклапаціўся пра лагатып юбілею. Гэты знак быў прыдуманы італьянскім студэнтам. І тое, што прыдумаў адзін чалавек, разышлося па ўсім свеце. Круг абазначае Сусвет, накладзены на яго крыж — тайну Увасаблення: Бог стаў падобным на людзей. А на фоне крыжа — пяць галубоў. Паасобку яны сімвалізуюць пяць кантынентаў нашай планеты, а разам — салідарнасць, адзінства.

По­бач Маг­да­ле­на Ра­дзі­віл у веч­нас­ці.

Мне адсюль выходзіць не хочацца. Але час пачынаць працоўны дзень, нічога не зробіш. Выходзячы з храма, затрымліваюся ля таблічкі з пералікам нагод для малітвы. «Вазьміце паперку з нумарам з адной ячэйкі і пакладзіце яе ў другую», — прапануе мне надпіс. Бяру. Выпадае 38 — «за нашых дабрачынцаў». Малюся.

Паслядоўнікам

Каб дакрануцца яшчэ да гісторыі жыцця Магдалены з Завішаў, рrіmо vоtо Красінскай, больш вядомай як Радзівіл, варта з'ездзіць у Першамайск, што каля Узды. Там захаваліся рэшткі сядзібы Завішаў — флігелі, млын, гаспадарчыя пабудовы, а таксама былы кальвінскі збор, які потым зрабіўся касцёлам, а пасля ператварыўся ў фамільную крыпту, хоць у наш час ужываецца як склад. Тут, у сядзібе пад назвай Кухцічы (раней называлася Кухціцы і так падае Афтаназы) пасля вянчання ў 1906 годзе ў Лондане і халоднага прыёму лонданскай свецкай публікай (ну яшчэ б — такі мезальянс!) пасяліліся Магдалена і Мікалай Вацлаў. Тут, у крыпце, ён быў пахаваны, загінуўшы ў 1914-м на вайне. Сумеснага жыцця гэтым людзям выпала толькі восем з паловай гадоў.

Рамантыкам

Першы муж Магдалены, Людвік Красінскі, быў старэйшы за яе на паўстагоддзя і вельмі заможны. Другі — маладзейшы на дзевятнаццаць гадоў, небагаты. Мікалай Вацлаў Радзівіл быў праўнукам таго Антонія Радзівіла, які напісаў музыку да «Фауста».
І сынам Катажыны з Ржавускіх, пляменніцы Караліны Сабаньскай, якой прысвячаў вершы Пушкін. А другая цётка Катажыны была жонкай Бальзака. Пра саму Катажыну Андрэ Маруа пісаў, што ўсё ў яе жыцці было «суцэльнай маной і прыдумкай». Гэткая авантурыстка. Дакладна вядома, што з мужам яна развялася, сынам не вельмі цікавілася, у Германіі строіла падкопы пад Бісмарка, у Расіі «мела нячыстыя справы», у Лондане пазнаёмілася з Сесілам Родсам і стала «апошняй жанчынай брыльянтавага магната». Шмат арыстакратычных дамоў у розных краінах яна ўблытала ў свае авантуры. Нават спрабавала фальсіфікаваць існаванне лістоў удавы Бальзака, быццам бы невядомых. Іншымі словамі, штучка. А сын яе, Мікалай Вацлаў, мог знайсці ў Магдалене, старэйшай за яго на дзевятнаццаць гадоў, не толькі жонку і аднадумку, але і клапатлівую, пяшчотную, добрую, мудрую, сумленную, ахвярную жанчыну — архетып маці. Думаецца, што менавіта так і было.

Падарожнічала Святлана ВОЦІНАВА

Загаловак у газеце: Дзівоснае побач

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».