Вы тут

На пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама абмеркавалі цэны на жыллё


Пытанне аб тым, як ідзе выкананне дзяржаўнай праграмы «Будаўніцтва жылля» на 2016—2020 гады, не так даўно разглядалася на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама.


— Вобласць па стане на 1 студзеня 2018 года займае трэцяе месца ў краіне па ўзроўні забеспячэння насельніцтва жыллём, — адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. — У разліку на аднаго жыхара пасля Мінскай вобласці, дзе прыходзіцца 30,2 квадратнага метра на чалавека, Гродзенскай — адпаведна 29,7 метра, у нашай вобласці гэты паказчык складае 28,1 квадратнага метра. Мы традыцыйна займаем першыя месцы ў краіне па агульным уводзе жылля. Але ж нельга сказаць, што ў гэтай галіне не маем праблем, — працягваў кіраўнік вобласці. — І перш за ўсё гаворка ідзе пра выкананне зводных мэтавых паказчыкаў праграмы. Яны не ў поўнай меры выконваюцца. Гэта датычыцца найперш забеспячэння кварталаў жылой забудовы аб'ектамі інфраструктуры, асабліва кварталаў індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Трэба шукаць шляхі выпраўлення недахопаў. Такім выйсцем бачацца, напрыклад, кааператывы, у якія могуць аб'ядноўвацца індывідуальныя забудоўшчыкі. Кааператывы з дапамогай дзяржавы могуць пракладваць сеткі электразабеспячэння, вады, каналізацыі.

Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей ЛАБАДЗІНСКІ зазначыў, што для выканання вызначаных праграмай паказчыкаў неабходна захаваць цяперашнія аб'ёмы будаўніцтва. Зводны мэтавы паказчык выкананы ўсімі раёнамі вобласці. У гарадах ён ніжэйшы за даведзены планам і на пачатак года ў Брэсце складаў 24,3 квадратнага метра на чалавека, у Баранавічах — 24,7, у Пінску — 23,1. Апошняе абгрунтавана канцэнтрацыяй значнай часткі насельніцтва ў гарадах, а таксама працэсам урбанізацыі ў цэлым, — лічыць Сяргей Лабадзінскі.

Старшыня камітэта паведаміў таксама, што за два папярэднія гады вобласць справілася з заданнем уводу ў эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання. Па выніках першага паўгоддзя ўвод жылых памяшканняў склаў 307 тысяч метраў квадратных альбо 48,9 працэнта ад гадавога задання. Адстаюць ад прагнозных паказчыкаў пакуль Брэсцкі гарвыканкам, Жабінкаўскі, Лунінецкі і Ляхавіцкі райвыканкамы.

Сёлета ў рэгіёне плануецца пабудаваць не менш за 292,5 тысячы квадратных метраў шматкватэрнага энергаэфектыўнага жылля класа В. Гэта складае 97,3 працэнта ўсяго запланаванага аб'ёму ўводу шматкватэрных жылых дамоў.

Штогод пастановай Саўміна ў рамках давядзення ключавых паказчыкаў Дзяржпраграмы ўстанаўліваецца гранічны паказчык кошту квадратнага метра агульнай плошчы жылля з дзяржпадтрымкай. У 2017 годзе кошт метра жылля склаў у вобласці 807 рублёў пры даведзеных заданнем 848 рублях. Аднак у Івацэвіцкім, Камянецкім, Пружанскім раёнах гэта лічба перавысіла 1000 рублёў. Для кантролю за названымі паказчыкамі даручана да апублікавання праектнай дакументацыі прадстаўляць яе ў Брэсцкі абласны цэнтр па цэнаўтварэнні ў будаўніцтве.

Падчас абмеркавання пытання Анатоль Ліс заклікаў праекціроўшчыкаў падыходзіць да справы больш творча, улічваць сучасныя тэндэнцыі жыллёвага будаўніцтва. «Час адыходзіць ад тыпавых праектаў, — лічыць губернатар. — У цяперашняй моладзі ёсць попыт на такія кватэры, у якіх вялікая прастора сканцэнтраваная вакол камп'ютарнага стала пры абсалютным мінімуме мэблі. Густы спажыўца неабходна ўлічваць».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Неабходна ўлічваць густы людзей

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».