Вы тут

Чым загарадны дом лепшы за кватэру?


Загарадны дом падыдзе не кожнай сям'і. Галоўнае — з гэтым вызначыцца перад пераездам, а не пасля...

Па меры ўшчыльнення Мінска ўсё больш людзей задумваецца аб змене кватэры ў мегаполісе на загарадны дом. Еўропа ўжо даўно зразумела перавагі жыцця за горадам, а ў нашай краіне гэты кірунак толькі пачынае фарміравацца. Якім павінен быць індывідуальны дом у прыгарадзе, каб не спусціць на яго ўтрыманне ўсе запасы былога гараджаніна? І галоўнае пытанне тут далёка не ў плошчы жылля. А ў чым жа? Паспрабуем разабрацца разам.


Разбор чужых памылак

Пачнём агляд з недалёкіх ад сталіцы невялікіх населеных пунктаў, дзе выдаваліся ўчасткі пад індывідуальную забудову. Там і сёння можна заўважыць досыць шмат закансерваваных недабудаваных катэджаў. Значная частка з іх замерла на стадыі будаўніцтва якраз з прычыны нерацыянальнага выбару праекта дома. Таму ўладальнікі незавершанай нерухомасці вырашылі яе прадаць. Але попыт на падобныя недабудаваныя аб'екты вельмі нізкі — з тых жа прычын, з якіх яны і выстаўлены на продаж. Ускладняе сітуацыю тое, што прадавец рэальна лічыць, быццам вялікая (і не пралічаная) плошча дома з'яўляецца яго патэнцыялам, і ўсё гэта закладвае ў кошт продажу.

Або іншы варыянт. Пабудаваўшы дом, уладальнік разумее, што для яго патрэб ён занадта вялікі і вельмі дарагі ў абслугоўванні. І нават у гэтым выпадку завышаная цана часцяком становіцца краевугольным каменем на шляху продажу дома. Бо сабекошт будаўніцтва хаты, не кажучы ўжо пра іншыя спадарожныя выдаткі, істотна вышэйшы за рынкавы кошт. Гэта значыць той цаны, якая забяспечыць дому канкурэнтаздольнасць сярод іншых аб'ектаў.

Тры паверхі — сёння не модна

— Час вялікіх катэджаў ужо ў мінулым, — расказвае начальнік аддзела агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Алена Акуліч. — Тры паверхі з плоскім дахам, падземны гараж і агульная плошча дома больш за 200 квадратных метраў — гэта прыклад тых рашэнняў, якія пры куплі дома выглядаюць вартасцямі, але ў працэсе эксплуатацыі больш патрабуюць выдаткаў на абслугоўванне, чым прыносяць камфорту. Сучасныя пакупнікі незалежна ад дастатку ўмеюць лічыць грошы, якіх на абслугоўванне прыватнага дома неабходна адчувальна больш, чым на ўтрыманне кватэры.

Па словах экспертаў рынку жыллёвай нерухомасці, найбольш прывабнымі для пакупнікоў выступаюць загарадныя дамы наступнага фармату. Асноўны паказчык — плошча жылля павінна быць у межах ад 130 да 180 квадратных метраў. Гэта аптымальная плошча, можа быць крыху менш, больш — не пажадана.

«На мінімуме» гэта можа быць дом тыпу «шале», «на максімуме» — двухпавярховы катэдж ці таўнхаус з плошчай паверха каля 80 квадратных метраў. Па сутнасці, у выпадку калі дом на двух узроўнях, то гэта дзве трохпакаёвыя кватэры.

Для захоўвання машыны выкарыстоўваецца не гараж, а ўсяго толькі паветка ад снегу і дажджу. Гэта абумоўлена тым, што гараж, як убудаванае ў цокаль або прыбудаванае да дома збудаванне, па-першае, павялічвае сабекошт, па-другое, рэдка выкарыстоўваецца па прызначэнні, але патрабуе абслугоўвання, а па-трэцяе, калі гэта падземны гараж, то яшчэ і павялічвае спажыванне энергарэсурсаў на ацяпленне.

Лепш камень, чым дрэва

Ад матэрыялу сцен залежыць многае. Напрыклад, дамы з драўлянага зруба, якімі б яны капітальнымі ні былі, большасць пакупнікоў разглядае толькі як варыянты для часовага знаходжання.

Ці, напрыклад, зборна-каркасныя дамы. Нягледзячы на іх распаўсюджанасць у краінах Паўднёвай Амерыкі, у нашай краіне з-за больш халоднага і вільготнага клімату для пастаяннага пражывання не карыстаюцца попытам. Нават нягледзячы на адносную бюджэтнасць будаўніцтва. У паўднёвых абласцях Беларусі пакупнікі яшчэ цікавяцца каркаснымі дамамі, а ў ветранай Мінскай вобласці кліенты выбіраюць мураваныя.

Дзве прыбіральні — не раскоша

Планіроўка дома прадугледжвае два пакоі агульнага карыстання — у кватэрах яны звычайна называюцца гасцёўнямі. Пры гэтым адна з іх можа быць, па аналогіі з еўрапланіроўкамі кватэр, сумешчана з кухняй.

Мінімальная колькасць спальняў пачынаецца ад трох. У выпадку, калі сям'я невялікая — адна для бацькоў, другая і трэцяя для дзяцей. Але не рэдкасць і дамы яшчэ з адной спальняй на першым жылым узроўні — для гасцей або пажылых членаў сям'і.

Па адным санвузле на кожным узроўні — як паказвае практыка, большая колькасць не апраўдвае сябе. А вось падагрэў падлогі для санвузлоў — гэта вельмі запатрабаваная опцыя. Як, зрэшты, і для пярэдніх пакояў. Гаспадарчых памяшканняў павінна быць як мінімум два, паколькі ў доме заўсёды знойдуцца рэчы, якім месца толькі ў бакоўцы.

У якасці найбольш запатрабаваных опцый невялікіх катэджаў выступае аўтаномнае газавае ацяпленне і высокая дазволеная магутнасць электрасетак. Кандыцыяніраванне, як правіла, не прымяняецца, калі будынак тэхналагічна правільна ўцяпліць.

Ад 100 тысяч «зялёных»

Зыходзячы з падобных характарыстык, пакупнікі могуць разлічваць на кошт невялікага будынка да 110—150 тысяч долараў, калі дом ужо гатовы да пражывання. Калі ж стадыя будаўнічай гатоўнасці яшчэ прадугледжвае ажыццяўленне аздаблення, то цана зніжаецца да 60—90 тысяч.

Загарадны дом падыдзе не кожнай сям'і. Напрыклад, калі дзеці яшчэ ходзяць у пачатковыя класы, то часцяком бацькі сутыкаюцца са складанасцямі адвезці (забраць) іх са школы, звадзіць на гурткі самадзейнасці і многае іншае. Акрамя таго, некаторыя гарадскія жыхары, пераязджаючы з кватэры ў дом, адчуваюць нейкую адлучанасць ад навакольнага свету. Бо, у адрозненне ад мегаполіса, за горадам няма мітусні, шуму, столькіх людзей у асяроддзі. Камусьці такая абстаноўка падабаецца, а камусьці не. Галоўнае — з гэтым вызначыцца перад пераездам у новае жыллё.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: З кватэры — у прыгарад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».