Вы тут

Каму пагражае эмацыянальнае выгаранне і як яго пазбегнуць


У зону рызыкі мы трапляем на рабоце, кантактуючы з вялікай колькасцю людзей, асабліва калі яны нясуць у сабе негатыўныя эмоцыі і перажыванні. Найбольш схільныя да выгарання людзі нераўнадушныя і спачувальныя. Паглыбіўшыся ў чужую бяду, яны проста забываюць, што іх уласная псіхіка можа не вытрымаць. Калі на рабоце атмасфера як на спаборніцтвах («вышэй, хутчэй, мацней»), калі кіраўнік не стамляецца патрабаваць ад работнікаў максімальнай аддачы, — эмацыянальнага выгарання таксама не пазбегнуць. Як своечасова заўважыць праявы гэтага сіндрому, які апошнім часам стаў вельмі распаўсюджаны, ці трэба мяняць работу, калі знайшлі ў сябе ўсе сімптомы, і як супрацьстаяць прафесійным стрэсам, расказала ўрач-псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Наталля ФАЦЕЕВА.


— Наталля Яўгенаўна, што такое эмацыянальнае выгаранне?

— Гэта своеасаблівая рэакцыя нашага арганізма на працяглы ўплыў прафесійных стрэсаў. Яна праяўляецца ў разумовым, фізічным і псіхаэмацыянальным знясіленні. Іншымі словамі, гэта механізм псіхалагічнай абароны ад стрэсаў, якія ўзнікаюць на рабоце. У абсалютна здаровага чалавека, калі ён вымушаны знаходзіцца ў эмацыянальна нагружанай атмасферы, дзе, умоўна кажучы, у яго за плячыма стаяць і патрабуюць поўнай аддачы, хутка страчваецца большая частка фізічнай і эмацыянальнай энергіі. Такі работнік незадаволены сабой і сваёй работай, ён перастае спачуваць людзям, якім аказвае прафесійную дапамогу. Упершыню гэты феномен, дарэчы, быў апісаны ў ЗША ў пачатку 70-х мінулага стагоддзя і атрымаў назву «burnоut».

— Прадстаўнікі якіх прафесій найбольш схільныя да эмацыянальнага выгарання?

— Вялізных эмацыянальных затрат заўсёды патрабуе кантактаванне з людзьмі. Таму да падобнага паталагічнага стану найбольш схільныя педагогі, медыцынскія работнікі, прадаўцы і гандлёвыя прадстаўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, сацыяльныя работнікі. Гэта людзі тых прафесій і сфер, дзе патрабуецца пэўны цуд, які не заўсёды магчымы: калі ўрач, то ён абавязкова павінен выратаваць, калі настаўнік, то з кожнага зрабіць вундэркінда ці выдатніка, калі гандлёвы прадстаўнік, то абавязкова прадаць. Калі атмасфера такая, што ўсё неабходна аддаць рабоце, што кліент заўсёды павінен быць задаволены, чаго б ён ні захацеў, — выгаранне адбудзецца вельмі хутка.

— Але, нягледзячы на тое, што людзі працуюць у адной кампаніі і ў аднолькавых умовах, эмацыянальна выгараюць не ўсе...

— Так, ёсць некаторыя асаблівасці характару і ладу жыцця, якія абумоўліваюць схільнасць да такога стану. Гэта і пэўны прафесійны вопыт, працагалізм, арыентацыя на вынік, жаданне ўсё кантраляваць, ідэалізаваныя чаканні ад работы і жыцця ў цэлым. Таксама такія асаблівасці характару, як трывожнасць, рыгіднасць (няздольнасць мяняць намечаную праграму ва ўмовах, якія аб'ектыўна патрабуюць яе перабудовы), эмацыянальная няўстойлівасць і нізкая самапавага. Акрамя гэтага, празмерны аб'ём работы, яе манатоннасць, адказнасць за вынік, ненармаваны графік, вялікая інфармацыйная нагрузка, міжасабовыя канфлікты ў калектыве, адсутнасць належнага матэрыяльнага і маральнага ўзнагароджання, неабходнасць кантактавання са складаным кантынгентам (пацыенты, падлеткі) і эмацыянальная ўцягненасць у іх праблемы, нездавальняльнае становішча ў калектыве і грамадстве, адсутнасць часу на адпачынак, высокая канкурэнцыя, пастаянная крытыка.

— Як зразумець, што пачынаецца эмацыянальнае выгаранне?

— Яно здараецца не ў адзін дзень, а развіваецца паступова, ад аднаго ўзроўню да наступнага. Першая стадыя — так званы «мядовы месяц», калі першапачатковы энтузіязм работніка пад уплывам пастаянных стрэсавых сітуацый паціху зніжаецца, а работа пачынае здавацца ўсё менш цікавай. Паступова пачынаецца наступная стадыя — «недахоп паліва»: з'яўляюцца першыя прыкметы эмацыянальнага выгарання — апатыя, парушэнні сну, павышаная стамляльнасць. Работнік працуе менш прадукцыйна і пачынае дыстанцыравацца ад сваіх прафесійных абавязкаў. Далей наступае хранічная раздражняльнасць, сіндром хранічнай стомленасці, падаўленасць, адначасова пагаршаецца і фізічны стан — зніжаецца імунітэт, абвастраюцца хранічныя хваробы. Наступны ўзровень — «крызіс». У чалавека да гэтага часу хутчэй за ўсё ўжо развіліся пэўныя хранічныя паталогіі, што вядзе да яшчэ большага зніжэння працаздольнасці. Псіхалагічныя сімптомы таксама ўзмацняюцца. Апошняя стадыя — «прабіванне сцяны», калі праблемы фізічнага і псіхалагічнага плана абвастраюцца настолькі, што магчыма развіццё цяжкіх станаў, якія пагражаюць жыццю. Але трэба адзначыць, што развіццё сіндрому эмацыянальнага выгарання ў кожнага адбываецца індывідуальна.

— Яго можна не заўважаць?

— Усё залежыць як ад прафесійных умоў, так і ад асабовых рыс. Можа працякаць і непрыкметна для чалавека.

— Калі адчуваеш сімптомы выгарання, трэба мяняць працу?

— У нейкіх выпадках — так. А часам гэта не дапамагае, бо тая ж праблема знаходзіць вас і на новым месцы. Таму ёсць сэнс паспрабаваць спачатку мяняць сябе.

— Як гэта зрабіць, калі на рабоце, як вы трапна сказалі, стаяць за плячыма і патрабуюць выконваць ранейшы аб'ём абавязкаў?

— Трэба ўсведамляць, што работа, умоўна кажучы, доўжыцца толькі з 9 да 18 гадзін, і гэтую мяжу варта дакладна ўстанавіць. Што паспелі за гэты час, тое і зрабілі. Аддаваць рабоце 24 гадзіны ў суткі і ўсю сваю энергію — няправільна. Не трэба заседжвацца да ночы, не варта браць работу дадому, калі гэта не з'яўляецца чымсьці дастаткова абгрунтаваным. Напрыклад, цяпер для асабістага росту мне трэба напружыцца, таму можна нейкі час працаваць больш, а потым, калі гэта не трэба, зноў вярнуцца да звычайнага рытму. Але калі так адбываецца штотыднёва, месяц за месяцам, калі так пабудавана жыццё, вельмі хутка наступае выгаранне.

— У маладых мам, для якіх догляд дзіцяці, па сутнасці, — праца 24 гадзіны ў суткі, здараецца эмацыянальнае выгаранне?

— Гэта іншы стан, больш падобны на трывожна-дэпрэсіўнае расстройства. Так, яны працуюць суткамі і ўсё імкнуцца зрабіць хутка, якасна і па максімуме. Але для маці дзіця — гэта ўсё ж частка яе самой, за якую яна нясе адказнасць. Эмацыянальнае выгаранне характэрна толькі для работы. У выгаранні, дарэчы, ёсць і пазітыўны аспект. Калі мы рабоце аддаём усё жыццё, забываючыся пра дом, сям'ю, адпачынак, то лішні час, які мы ёй прысвячаем, тая лішняя «тэрыторыя» павінна таксама рана ці позна выгараць. Іншае справа, што выгаранне шкодзіць і самой рабоце, што мы ўжо ўвогуле не хочам на яе ісці, з ёй не спраўляемся і на ўсіх кідаемся.

— Што рабіць, каб пазбегнуць эмацыянальнага выгарання?

— Пра дакладныя межы, якія трэба сабе выстаўляць, я сказала. Варта ўсведамляць, што я — не толькі частка маёй работы, што ёсць яшчэ і маё жыццё па-за работай, і яно таксама для мяне не менш важнае. Не трэба саромецца заяўляць пра свае патрэбы і правы, адмаўляцца ад выканання работы, якой няма ў вашых службовых абавязках. І натуральна, наладзіць цікавае жыццё па-за работай. Напрыклад, дадаць у свой расклад спорт. Фізічная актыўнасць —
не толькі прафілактыка захворванняў і лішняй вагі, але і панацэя ад многіх псіхалагічных траўмаў. Таксама трэба памятаць, што эфектыўнасць нашай работы залежыць ад паўнавартаснага расслаблення. На адпачынак, гэтак жа, як і работу, трэба патраціць пэўны час, каб вярнуцца да сваіх абавязкаў з новай порцыяй энергіі. Гэта можа быць і змена абстаноўкі ў сувязі з паездкай, і новыя станоўчыя ўражанні ад сустрэчы з сябрамі, і атрыманне адрэналіну для аматараў экстрыму. Упарадкаваны і распланаваны рэжым дня дапамагае сканцэнтравацца на рабоце і своечасова прывучыць сябе да адпачынку.

Калі ў калектыве не вельмі спрыяльная атмасфера, трэба вучыцца прыёмам псіхалагічнай абароны. Пастаўце ўяўны бар'ер паміж сабой і непрыемным для вас чалавекам, гэта дазволіць кантраляваць свае эмоцыі і не рэагаваць на правакацыі навакольных, што захавае вашы нервовыя клеткі і засцеражэ ад непатрэбнага стрэсу. Добрым сродкам барацьбы з эмацыянальным выгараннем з'яўляецца творчасць, таму, нягледзячы на ўзрост, карысна развіваць свой творчы пачатак.

Лячэнне эмацыянальнага выгарання павінна быць накіравана найперш на ліквідацыю стрэсавага фактару, а таксама на ўстаноўку балансу паміж энергетычнымі затратамі на прафесійную дзейнасць з аднаго боку і ўзнагароджаннем — з іншага. Справіцца са стрэсам можа дапамагчы і псіхатэрапеўт. Сумесна з псіхатэрапіяй звычайна прызначаюцца прэпараты для зняцця паталагічнага стану. Аднак ільвіная доля поспеху ў барацьбе з выгараннем залежыць ад самога пацыента і яго жадання змяніць сітуацыю.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Трымай сябе ў руках!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».