Вы тут

Што новага з'явілася ў абароне правоў спажыўцоў?


23 снежня ўступяць у сілу змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Пра гэта журналістам расказала намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Беларусі Ірына Барышнікава.


Што зменіцца ў законе ў канцы гэтага года?

Пакупнікам будуць даваць больш інфармацыі аб тавары. З'явіцца норма аб тым, што да спажыўца павінна даводзіцца інфармацыя аб краіне паходжання тавару, калі адрас вытворцы і краіна паходжання не супадаюць. Інтэрнэт-крамы абавязаныя будуць паказваць кошт тавару шрыфтам, які робіць інфармацыю чытэльнай, каб знізіць колькасць выпадкаў увядзення спажыўцоў у зман адносна кошту пакупкі.

***

Законам замацоўваецца права ажыццяўлення разлікаў у наяўнай і безнаяўнай форме, на выбар пакупніка. Пры гэтым кошт не павінен залежаць ад формы аплаты.

***

Будзе спрошчаны парадак вяртання дарагіх і складанатэхнічных тавараў неналежнай якасці. Дапусцім, раней, каб вярнуць халадзільнік, неабходна была наяўнасць істотных дэфектаў. Цяпер з'явіцца магчымасць вярнуць яго пры наяўнасці нават неістотных недахопаў, але толькі на працягу 30 дзён з моманту набыцця.

Пры гэтым калі чалавек захоча здаць тавар, грошы за яго будуць вяртацца ў той жа форме, што і была праведзена яго аплата. Так, калі пакупнік заплаціў карткай, значыць, грошы вернуцца на картку, калі гатоўкай — вернуць наяўныя.

Акрамя таго, будуць дапоўнены ўмовы вяртання тавараў належнай якасці: іх трэба будзе здаваць ва ўпакоўцы, аднак яна можа быць адкрытая.

Больш за ўсё скаргаў ад спажыўцоў паступае на якасць паслуг ЖКГ і працу гандлю.

***

Зменяцца тэрміны правядзення праверкі якасці тавараў па заяве спажыўца. Цяпер такая праверка будзе праводзіцца на працягу сямі дзён замест чатырнаццаці. Гарантыйны рамонт не павінен будзе перавышаць 30 дзён. Таксама прадавец (вытворца, рамонтная арганізацыя) атрымае права спагнаць выдаткі на захоўванне тавару са спажыўцоў, якія пасля заканчэння двух месяцаў з моманту правядзення экспертызы або бясплатнага рамонту не з'явіліся па тавар без важных прычын.

***

Будзе прадугледжана права спажыўца на аднабаковую адмову ад дагавора аб выкананні работы (паслугі) пры ўмове аплаты выканаўцу фактычна панесеных выдаткаў.

І пра рамеснікаў і падарункавыя сертыфікаты...

Абмяркоўвалася ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю і пытанне аб абароне правоў спажыўцоў у адносінах з фізічнымі асобамі. Так, ёсць шэраг відаў дзейнасці, якімі людзі могуць займацца без афармлення ІП, а рэгіструючыся як рамеснікі. Адносіны з імі, па словах Ірыны Барышнікавай, таксама рэгулююцца Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў». Ён жа распаўсюджваецца на фізічных асоб, якім дадзена права гандлю на рынках або ў іншых устаноўленых месцах. На іншых асоб, якія маюць права аказваць паслугі, Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» не распаўсюджваецца. Адносіны з імі рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам.

Таксама цяпер Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю распрацоўвае палажэнні аб рэалізацыі тавараў, работ, паслуг па падарачных сертыфікатах ці іншых падобных дакументах. Як расказала Ірына Барышнікава, мяркуецца даць спажыўцу магчымасць вярнуць сертыфікат на працягу тэрміну яго дзеяння, а таксама абавязаць прадаўцоў выдаваць спажыўцу рэшту, калі той набыў тавар на суму, меншую, чым паказана ў сертыфікаце.

Намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай адзначыла, што падарункавы сертыфікат — гэта тыя ж грошы, таму лагічна, што будуць даваць рэшту ў выпадку, калі чалавек не патраціў усю суму. Цяпер многія крамы сапраўды не даюць рэшту, калі чалавек узяў тавару на меншую суму, чым каштаваў падарункавы сертыфікат. У многіх нават прапісана такое правіла на сайтах.

За першае паўгоддзе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю сумесна з мясцовымі выканаўчымі органамі разгледзела больш за 6,5 тысячы пісьмовых зваротаў.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.