Вы тут

Адпачынак на беларускім моры: жэставая мова, лячэбная ежа і шоп-туры


Заслаўскае вадасховішча, якое большасць беларусаў называе Мінскім морам, я заўжды ўспрымала як месца, дзе можна адпачыць: паплаваць, пасмажыць шашлыкоў, згуляць у пляжны валейбол... Усяго і трэба, што на дзесяць кіламетраў ад сталіцы ад'ехаць. А сёлета я даведалася, што на нашым моры можна яшчэ і аздаравіцца. Дастаткова некалькі хвілін прайсціся па яловай алеі ад галоўнага корпуса санаторыя «Прыморскі», каб трапіць на пляж і ад душы наплавацца пасля працэдур ці проста паваляцца пад сонцам на лежаках.


ЛФК на вуліцы, рол-шэйп для рук

Ледзьве мы з Валерыяй Нікіцюк, спецыялістам аддзела інфармацыі тураператара «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму», выйшлі з машыны, як нас адразу павялі на заняткі па лячэбнай фізічнай культуры (ЛФК). Гэтай працэдуры, якую, калі дазваляе надвор'е, стараюцца праводзіць на вуліцы, тут удзяляюць столькі ўвагі, што хочуць зрабіць яе адным з асноўных кірункаў дзейнасці санаторыя. Тым больш што праз запатрабаванасць групы ЛФК займаюцца ў
3-4 змены, каб умясціць усіх ахвотных, а заняткі вядуць прафесійныя ўрачы.

Размяўшы косці, мы з Валерыяй рушылі ў будынак прымаць іншыя працэдуры. Амаль усе яны тут так ці інакш лечаць арганізм. Нездарма ж мы ехалі сюды займацца медыцынскім турызмам.

Мне дастаўся «Рол-шэйп» — агрэгат для вібрамасажу ступняў і кісцей рук. Спачатку было козытна і прыемна, а калі прапанавалі дадаць эфект з антыцэлюлітнай праграмы — падалося, што скура пачала жыць асобным жыццём. Пасля адчувала сябе так, быццам мяне крыху патаўклі.

Валерыя ў гэты час млела на кушэтцы для выцягвання пазваночніка. Нягледзячы на шматабяцальную назву, косці тут не хрусцяць і жылы не цягнуцца. На пазванкі ўздзейнічаюць далікатна і бязбольна, а яшчэ ёй уключылі падагрэў кушэткі і вібрацыю... Поўнае расслабленне. «У мяне быццам шарыкі ўздоўж пазваночніка пабеглі... А цяпер маленькі слонік тапоча ножкамі. Здаецца, станаўлюся лягчэй», — каменціравала свае адчуванні Валерыя.

Басейн без басейна

За незвычайнымі для нас уздзеяннямі на арганізм час незаўважна падышоў да абеду. У «Прыморскім» — толькі лячэбная ежа, каб лепш засвойваўся эфект ад працэдур, запэўнілі нас у сталовай. Ніякага смажанага-вострага — толькі спалучэнне аздараўленчага з карысным. З таго, што нам давялося каштаваць, магу засведчыць, што гэта сапраўды смачна і на выгляд звычайна: боршч, пюрэ, катлета, салата...

Каб не расслабляцца пасля ежы, пайшлі аглядаць спартыўную гаспадарку санаторыя. Бо, як сказаў Сяргей СКУРАНОВІЧ, галоўны ўрач санаторыя «Прыморскі», «лячэнне трэба абавязкова спалучаць з актыўным адпачынкам». Мы накаталіся на роварах, згулялі ў настольны тэніс і нават невялічкі аэрахакей.

Узбадзёрыўшыся, пайшлі купацца. Ну як жа прыехаць на Мінскае мора і не паплаваць... Тым больш што ў санаторыі няма ўласнага басейна.

— Двойчы на тыдзень мы возім сваіх гасцей у басейн «Ракета» і штотыднёва — у аквапарк. І гэтыя наведванні ўваходзяць у цану пуцёўкі, — расказаў галоўны ўрач, як яны выходзяць са становішча. — У пуцёўку, арыентаваную на пашыраную медыцынскую праграму, уключаны таксама паслугі ў медыцынскім цэнтры Кіравання справамі Прэзідэнта, што ў Ждановічах, цэнтры бальнеалячэння і ў 12-й стаматалагічнай паліклініцы. Мы хочам, каб адпачывальнікі атрымалі як мага больш прафесійных лячэбных працэдур.

Наплаваўшыся ды згуляўшы ў валейбол, мы рушылі адпачыць на тэрасе над першым паверхам санаторыя. Паваляліся на лежаках, пагушкаліся на арэлях-канапе і нават паплёскаліся ў джакузі.

Рай для слабачуючых

Так называюць санаторый, што належыць таварыству глухіх, наведвальнікі, якія маюць праблемы са слыхам. Хоць такіх у «Прыморскім» толькі некалькі працэнтаў, увесь персанал валодае жэставай мовай, якая, як кажуць, вельмі дапамагае, калі трэба «дакрычацца» да калегі на вуліцы.

«Прыморскі» пазіцыянуецца як месца для ціхага сямейнага адпачынку. У адным памяшканні тут і працэдуры, і жылыя пакоі, і сталовая. Аднак гэта не значыць, што адпачывальнікі замыкаюцца ў невялікай прасторы санаторыя. Да Мінска адсюль 20 кіламетраў, таму для гасцей на санаторных маршрутках арганізоўваюць экскурсіі па сталіцы і наваколлі. Днём на чатыры гадзіны можна проста самастойна выехаць паблукаць па гораду ці зладзіць шоп-тур, а ўвечары — наведаць тэатр.

Паколькі выезд з санаторыя на экскурсіі мы не планавалі, пайшлі лячыцца далей. Стоўнтэрапія — масаж цёплымі камянямі — прыемна расслабіў. А спелеапакой, сцены і падлога якога зроблены з гімалайскай солі, замацаваў адчуванне, што мы ўжо, мусіць, нааздараўляліся. Каб лепш надыхацца і насыціцца спецыяльным сухім паветрам пакоя, тут трэба не ціхенька рэлаксаваць пад музыку, а размаўляць. А нам жа толькі дай пагаварыць... Так што выканалі працэдуру на «выдатна».

Аздараўляцца як мага даўжэй

На гэтым лячэнне не скончылася. Валерыю паставілі пад моцныя струмені душа Шарко — як яна пішчала, было чуваць і за дзвярыма. Я ж сабе спакойна сядзела ў сухой вуглякіслай ванне. Гэта ёмістасць, з якой толькі галава тырчыць, а цела ў гэты час насычаецца газам. Кажуць, добра дапамагае тым, у каго вялікія фізічныя і псіхаэмацыянальныя нагрузкі, вось і разгружалася.

— Спецыялісты санаторыяў і курартолагі рэкамендуюць аздараўляцца і адпачываць як мага даўжэй. Раней пуцёўка была 24 дні, пасля стала скарачацца да 21 дня, 18 і нават 12 — гэта ўжо мінімальны тэрмін для лячэння і медыцынскага турызму, — лічыць Вольга ШУППО, начальнік санаторна-куротнага аддзела прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму». — Такія перыяды прыдуманы нездарма, каб не нанесці шкоду арганізму, каб ён паралельна з лячэннем адпачываў. Тым больш што ў санаторыях, як правіла, шыкоўная дыягнастычная база. Многія тут за гадзіны праходзяць даследаванні, на якія дома аддалі б тыдні, асабліва людзі з глыбінкі.

Неўзабаве праляцеў цэлы дзень, насычаны лячэннем і адпачынкам. І прыемна стомленая сяброўка наступным разам вырашыла адправіцца на экскурсію ў Брэст, каб праехацца па гістарычным цэнтры горада і прайсці па Брэсцкай крэпасці, жыхары якой сустрэлі крывавы пачатак вайны.

Інтэрнэт-тэлебачанне для турыстаў

Знайсці месца адпачынку па гусце і выбраць, куды рушыць вандраваць, цяпер можна ў рэжыме анлайн кругласутачна. Беларускі канал пра турызм і адпачынак запрацаваў у краіне ў Міжнародны дзень турызму, 27 верасня.

На партале http://tv.sanatorіі.by/ можна ўбачыць самыя разнастайныя сюжэты: ад маляўнічых айчынных краявідаў да ўнікальных методык лячэння ў санаторыях, ад экскурсій па знакавых і гістарычных месцах краіны да інтэрв'ю з урачамі.

— Нашы супрацоўнікі пабывалі ва ўсіх куточках Беларусі і сабралі дэталёвую інфармацыю пра ўсе аб'екты адпачынку. За больш як тысячу камандзіровак па краіне мы стварылі каля 10 тысяч відэаролікаў, якія можна пабачыць на нашым Youtube-канале https://www.youtube.com/user/sanatorііby, —  расказала Марына ГНЕДАЯ, дырэктар прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму».

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».