Вы тут

Алесь Бадак: Галоўнае — праз кнігу прадставіць Беларусь...


У сталіцы Туркменістана 2-3 кастрычніка пройдзе чарговая XІІ Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Беларусь прадстаўляюць шэсць кніжных выдавецтваў і кнігагандлёвая арганізацыя «Белкніга».

З кіраўніком беларускай дэлегацыі дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ гутарыць наш карэспандэнт.


Фота Кастуся Дробава

— Алесь Мікалаевіч, чым цікавы кніжны форум у Ашхабадзе для Беларусі?

— Кніга заўсёды служыла мостам дружбы, мостам для развіцця добрых адносін у самых розных галінах жыццядзейнасці. Так і ў выпадку са стасункамі Беларусі і Туркменістана. Мы надзвычай уважлівыя да таго, што адбываецца ў літаратурным працэсе, у кнігавыданні гэтай краіны. І таму, што ў нашых дзяржаў проста выдатныя знешнегандлёвыя, эканамічныя адносіны. І таму, што ў Беларусі вучацца тысячы туркменскіх студэнтаў. І калі асновы беларускай культуры, беларускага асветніцтва будуць знаёмыя туркменскай моладзі яшчэ дома, у Ашхабадзе, у розных гарадах і аулах вялікай цэнтральнаазіяцкай краіны, то хіба гэта дрэнна?!

— І як вы ўяўляеце развіццё адносін на карысць такіх перакананняў, такіх падыходаў?

— А іх і ўяўляць не трэба. Яны ўжо даўно існуюць. Яны даўно трывала ўманціраваны ў міжнародныя праекты нашых выдавецтваў, некаторых масмедыя. У нас літаральна некалькі гадоў назад была выдадзена кніга вершаў Махтумкулі на беларускай мове. Заўважце: гэта ж зусім нядаўна адбылося, калі, здаецца, ужо няма такой увагі да перакладу літаратур постсавецкіх краін. Між іншым, і адзін з перакладчыкаў Вялікага Фрагі Казімір Камейша, і арганізатар беларускага выдання Ганад Чарказян былі ўзнагароджаны ў Туркменістане ордэнам Махтумкулі. Мы выдалі ў «Звяздзе» кнігу «Сугучча сэрцаў: Беларусь — Туркменістан». Зараз вось вязу з сабою і томік паэзіі «Мая Туркменія», адкуль вершы легендарных туркменскіх класікаў другой паловы XX стагоддзя Керыма Курбанняпесава, Алаберды Хаідава, Бердыназара Худайназарава, Мамеда Сяідава, Ата Атаджанава буду чытаць у Ашхабадзе па-беларуску. Дзякуючы выдатным перакладам Рыгора Барадуліна, Васіля Жуковіча, Любові Філімонавай, Веры Вярбы. Выйшлі апошнім часам у нашай краіне дзіцячыя кнігі Агагельды Аланазарава, Касыма Нурбадава. Шмат літаратурна-мастацкіх публікацый здзейснена ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Быў і адмысловы «туркменскі выпуск» публіцыстычнага часопіса «Беларусь». Шмат для прапаганды туркменскай літаратурнай моладзі робіць часопіс «Маладосць».

— Гэта тут, у нас, у Беларусі...

— І туркменскія пісьменнікі, арганізатары не толькі літаратурна-мастацкай перыёдыкі, але і журналісты туркменскіх масмедыя ўважлівыя да Беларусі, да беларускай тэмы. Сапраўдным паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры, культуры ў Ашхабадзе з'яўляецца супрацоўнік часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») празаік і перакладчык Максат Бяшымаў.

Дзякуючы яму на старонках гэтага надзвычай папулярнага, тыражнага выдання (наклад, калі не памыляюся, недзе каля 20 000 асобнікаў) з'явіліся публікацыі твораў класікаў беларускай літаратуры, сучасных паэтаў і празаікаў. Шмат для прапаганды беларускай літаратуры, культуры робяць такія выданні, як часопіс «Гарагум», газета «Эдэбіят ве сунгат». За гэта мы вельмі ўдзячны Бягуль Анабаевай, іншым туркменскім сябрам. У розны час за апошнія гады Беларусь наведалі і галоўныя рэдактары вядучых туркменскіх грамадска-палітычных выданняў, а яшчэ і пісьменнікі Бягуль Анабаева, Газель Шакуліева (дарэчы, Герой Туркменістана, адна з самых любімых паэтэс туркменскага народа), Агагельды Аланазараў.

— Якія планы ў дачыненні да прадстаўлення беларускай кнігі ў Ашхабадзе?

— Галоўнае — праз кнігу прадставіць Рэспубліку Беларусь увогуле, расказаць пра сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, пра нашы сённяшнія актуаліі. Вельмі хацелася б пашырыць прастору турыстычнага характару паміж Беларуссю і Туркменістанам. Таму і вязём на выстаўку шмат літаратуры, якая прэзентуе турыстычны патэнцыял нашай краіны. Абавязкова раскажам у Туркменістане пра ІІ Еўрапейскія гульні, да правядзення якіх цяпер актыўна рыхтуецца Беларусь. На спартыўных спаборніцтвах мы, безумоўна, чакаем і гасцей з Ашхабада, іншых куточкаў Туркменістана.

Правядзём на выстаўцы прэзентацыю нашага часопіса «Маладосць», які я ўжо згадваў у стасунках з маладой туркменскай прозай, сучасным літаратурным працэсам у Туркменістане. Дамовіліся, што на такую прэзентацыю прыйдзе і шмат туркменскіх юнакоў і дзяўчат. Калі яны зазірнуць на старонкі гэтага выдання, то знойдуць і ў друкаванай яго версіі, і на інтэрнэт-партале часопіса апавяданні сваіх землякоў — Максата Бяшымава, Камека Куліева, знойдуць імёны цэлага шэрагу маладых туркменскіх паэтаў і празаікаў, пра якіх расказала беларускім чытачам «Маладосць».

Збіраемся правесці перамовы пра выданне ў Туркменістане анталогіі беларускай дзіячай літаратуры па-туркменску. У складзе дэлегацыі — кіраўнікі выдавецтваў «Народная асвета», «Пачатковая школа», «Беларусь», Выдавецкі дом «Звязда»... Мяркую, што будуць ісці перамовы і пра выданне ў Беларусі вучэбнай, вучэбна-метадычнай літаратуры для Туркменістана. Хацелася б, каб і наша кніжная галіна, і паліграфічная прыносілі ў Беларусь істотныя інвестыцыі, былі дзеяздольнымі ў засваенні новых прастораў, спрыялі сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай краіны.

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.