Вы тут

Гутарка з легендай беларускага крымінальнага вышуку


Мой суразмоўнік Анатоль Іванавіч Савіцкі — асоба без перабольшання легендарная. Ён пачаў сваю дзейнасць у 1991 годзе і прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага да начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС.

Але грознага, як чакалася, уражання, Анатоль Іванавіч не выклікае. Наадварот, маладжавы, падцягнуты, што называецца, спартыўны мужчына, з адкрытай усмешкай, вельмі кантактны. І толькі погляд, уважлівы, востры, выдае ў ім чалавека, у якога за плячыма неардынарны жыццёвы вопыт і звычка імгненна ацэньваць чалавека.


— Анатоль Іванавіч, калі вы абралі сваю прафесію?

— Было гэта ў 1984 годзе. Пасля службы ў арміі, у ПДВ, я прыйшоў на работу ў праваахоўныя органы. Тры з паловай гады адпрацаваў у ДАІ, затым паступіў у Вышэйшую школу міліцыі. Дарэчы, за час вучобы давялося пабываць у камандзіроўках у Нагорным Карабаху, у Арменіі. Пасля заканчэння вучобы ў 1991 годзе па размеркаванні пачаў працаваць у аддзеле крымінальнага вышуку Фрунзенскага раёна сталіцы. І потым ужо гэтай прафесіі не здраджваў.

— Раскажыце пра спецыфіку вашай тагачаснай службы.

— У тыя часы занальныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку займаліся расследаваннем усіх відаў злачынстваў. Гэта маглі быць кватэрныя крадзяжы, угон транспарту, махлярства і іншыя. Калі здарэнне адбылося на тваёй «зямлі», будзь добры, унікай, аказвай садзейнічанне або арганізуй раскрыццё. Даводзілася літаральна «вытоптваць» кожны эпізод. Работы было зашмат, таму што яна будавалася ў асноўным на апытанні насельніцтва. Галоўная ўвага, натуральна, удзялялася асобам, якія стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў. Работа з імі была вельмі шчыльная, таму што большая частка злачынстваў раскрывалася менавіта дзякуючы асабістаму кантакту з гэтым няпростым кантынгентам.

Але, вядома, была ў кожнага і свая спецыялізацыя. У аддзеле хтосьці больш прадметна займаўся крадзяжамі, або ўгонам аўтамабіляў, або цяжкімі злачынствамі.

— Якая спецыялізацыя прыцягнула вас?

— У 1993 годзе я перайшоў старшым упаўнаважаным па асабліва важных справах ва ўпраўленне крымінальнага вышуку Мінска па раскрыцці крадзяжоў аўтамотатранспарту. Угонаў аўтамабіляў у тыя гады як у сталіцы, так і ў краіне здзяйснялася велізарная колькасць. Трэба было прафесійна займацца іх раскрыццём. Якраз лінуў паток іншамарак з-за мяжы, і час сам па сабе быў неспакойны. Угонамі аўтамабіляў, адным з самых прыбытковых промыслаў крымінальнага свету, займаліся, як правіла, злачынныя групы. І часта яны былі міжнародныя, вельмі высокага ўзроўню. Напрыклад, прыбывае да нас спецыяліст з Расіі або з Прыбалтыкі.
У яго з сабой усе прыстасаванні для ўскрыцця транспартнага сродку. Дзве-тры хвіліны, ён адчыняе любую машыну, садзіцца ў яе і з'язджае. Далей, па ланцужку, перадае яе наступнаму члену банды. Ролі ў іх былі дакладна размеркаваны. Адзін выглядвае аўтамабіль, другі ўганяе, трэці змяняе нумарныя агрэгаты, чацвёрты рыхтуе дакументы, пяты прадае... Цэлая сістэма. Каб выкрыць падобную групу, праводзілася каласальная работа. Збіралі доказы па крупінках. Часам крадзеныя аўтамабілі затрымліваліся ў Польшчы. Але часцей за ўсё яны «ўсплывалі» ў Расіі. Па родзе сваёй дзейнасці я часта лётаў у Маскву, у Піцер, у Валгаград, у Іашкар-Алу. У канцы 1994 — пачатку 1995 амаль што «прапісаўся» ў Маскве, калі працавалі над расійска-прыбалтыйска-беларускай злачыннай групай.

— Цікавая была ў вас работа!

— Так, ёсць свой інтарэс, ёсць нават азарт. Калі бачыш, што злачынцы нясуць абгрунтаванае пакаранне, што ёсць канчатковы вынік тваіх намаганняў, становіцца зразумела, для чаго працуеш, для чаго ўсё гэта робіцца.

— 90-я былі няпростымі гадамі. Небяспечнымі, часта няўдзячнымі для супрацоўнікаў міліцыі. Не сакрэт, што многія сыходзілі, спалохаўшыся цяжкай працы ці нізкай зарплаты. Што ўтрымлівала вас у абранай прафесіі?

— Сапраўды, выпадковыя людзі ў крымінальным вышуку не затрымліваліся. Калі чалавек чакаў нейкай рамантыкі, то гэта хутка выветрывалася, і ён сыходзіў. Заставаліся людзі, якія аддавалі сябе абранай прафесіі. Трэба ноч працаваць — значыць, працуем ноч. Трэба суткі напралёт — значыць суткі. Дадому прыйшоў, упаў, некалькі гадзін сну — і зноў за работу. Сем'і нас часам не бачылі. Але мы свядома працавалі ў такім рэжыме. Таму што было разуменне: кожнае злачынства павінна быць раскрытае, ад гэтага залежыць, без перабольшання, будучыня нашай краіны.

— Зброю даводзілася выкарыстоўваць?

— Мы зрывалі злачынцам іх буйны «бізнес». Яны ведалі пра тое, дзе мы працуем, дзе жывём. Нападу можна было чакаць па дарозе дадому, на работу. Таму з пісталетам клаліся спаць і падымаліся. І пры затрыманні зброю выкарыстоўвалі. Часта толькі дэманстратыўна, як правіла, гэта спрацоўвала. Але здараліся і перастрэлкі, як гэта было, напрыклад, падчас блакавання злачыннай групы ў раёне вуліцы Кульмана. Усякае бывала! Але мне пашанцавала. Пры маім удзеле падчас затрыманняў ахвяр сярод асабовага складу не было.

— Анатоль Іванавіч, вы з 2005 да 2008 года ўзначальвалі крымінальны вышук краіны. Вопыт у вас каласальны, і аператыўны, і кіраўніцкі. Скажыце, са з'яўленнем новай тэхнікі ці змянілася што-небудзь у рабоце вашага ведамства?

— Так, вядома, змены ёсць. Перш за ўсё, шмат магчымасцяў далі новыя тэхналогіі. Напрыклад, намі з 2000-х сталі актыўна даставацца з архіва і раскрывацца злачынствы мінулых гадоў. Былі створаны нават падраздзяленні па раскрыцці такіх спраў. Стала больш дасканалай і даступнай экспертыза па генетыцы. У 90-х гэта было дарагое і рэдкае абсталяванне, якое прымянялася ў адзінкавых выпадках па цяжкіх здарэннях. Але з надыходам 2000-х падобная тэхніка стала шырока выкарыстоўвацца, што дазволіла выкрыць многіх злачынцаў, на якіх раней не хапала доказнай базы.

Дзякуючы камп'ютару і праграмным прадуктам правапарушэнні пачалі раскрываць больш аператыўна. Тыя ж адбіткі пальцаў сталі ідэнтыфікаваць у разы хутчэй, чым гэта было раней. Так, тэхніка рушыла наперад, і гэта, безумоўна, вялікая дапамога для сышчыка. Ужо маладому пакаленню менш даводзіцца працаваць нагамі, як гэта было ў наш час, а больш займацца аналітыкай каля камп'ютара. Але ўсё роўна звычайную аператыўную работу ніхто не адмяняў. Калі трэба, супрацоўнік крымінальнага вышуку пакідае кабінет, ідзе да людзей і здабывае патрэбную інфармацыю. Так што наш вопыт і вопыт нашых папярэднікаў заўсёды спатрэбіцца.

— Скажыце, якімі вачыма вы глядзіце міліцэйскія фільмы? І ці глядзіце іх наогул?

— Бывае, — усміхаецца Анатоль Іванавіч, — асабліва калі жонка глядзіць. Але сур'ёзна да іх не стаўлюся. Ёсць там доля праўды, але ўсё гэта больш мастацкая выдумка. Такога, каб у поўнай меры адлюстроўваць працу супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, там, вядома, няма. У кіно злачынствы раскрываюцца папросту, адно за адным. У жыцці ж за раскрыццём кожнай справы стаіць велізарная, карпатлівая работа, і з фільмамі гэта не мае нічога агульнага.


У тэму

Годная прафесія

Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч сустрэўся з найлепшымі маладымі супрацоўнікамі падраздзяленняў крымінальнага вышуку з усёй краіны.

Мерапрыемства праходзіла ў музеі МУС. У Міністэрстве ўнутраных спраў даўно існуе традыцыя праводзіць цёплыя сустрэчы з былымі курсантамі міліцэйскіх ВНУ. Нагода для гэтага мерапрыемства была асаблівая — 100-годдзе з дня ўтварэння службы крымінальнага вышуку.

— Вы выбралі адну з самых годных прафесій, — адзначыў Ігар Шуневіч. — Пра гісторыю гэтага падраздзялення напісана нямала кніг. Таму не палянуйцеся і ў найбліжэйшы час пачынайце збіраць асабістую бібліятэку. Успаміны былых сышчыкаў — сапраўдная скарбніца ведаў, якія не знойдзеш ні ў адным падручніку.

Кіраўнік МУС таксама ўспомніў пра першыя дні сваёй службы і прывёў паказальныя прыклады з уласнай практыкі. Ігар Шуневіч падкрэсліў, што крымінальны вышук моцны традыцыямі і пераемнасцю пакаленняў, і выказаў словы ўдзячнасці ветэранам службы, якія перадаюць маладым калегам бясцэнныя веды і вопыт.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку (ГУКВ) МУС палкоўнік міліцыі Анатоль Саковіч, які таксама прымаў удзел у мерапрыемстве, адзначыў, што месца правядзення сустрэчы выбрана не выпадкова. Багатая экспазіцыя музея дапаможа вартавым парадку азнаёміцца з гісторыяй станаўлення службы, даведацца аб раскрыцці гучных злачынстваў розных гадоў. Анатоль Саковіч пажадаў маладым сышчыкам аператыўнай удачы, пасля чаго ўручыў ім нагрудныя знакі «За прафесійныя поспехі» і нядаўна надрукаваную кнігу, прысвечаную векавому юбілею крымінальнага вышуку.


У сышчыкаў з'явіўся святы заступнік

У Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, уручыў начальніку ГУКВ МУС палкоўніку міліцыі Анатолю Саковічу абраз заступніка службы Феадора Страцілата.

З гэтай нагоды адбыўся малебен, на які сабраліся прадстаўнікі падраздзяленняў крымінальнага вышуку з усёй краіны.

Пасля заканчэння набажэнства прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы ад імя ўсіх вернікаў павіншаваў сышчыкаў з надыходзячым прафесійным святам — векавым юбілеем службы.

— Праваахоўнікі, як і святары, беззапаветна служаць на карысць Айчыны і людзей, прысвячаючы гэтаму ўсе свае сілы і ўменні, — заўважыў мітрапаліт. — У цяжкія хвіліны на дапамогу заўсёды павінна прыходзіць шчырая вера ў Госпада, зварот да яго з малітвай. Я спадзяюся, што абраз святога велікамучаніка Феадора Страцілата, які перамагаў ворагаў, стане для вартавых парадку прыкладам для пераймання.

Анатоль Саковіч, у сваю чаргу, адзначыў, што за ўсю гісторыю службы супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўпершыню атрымалі свайго святога заступніка. З такой ініцыятывай напярэдадні падрыхтоўкі да мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею, выступілі прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы.

— Гэта сведчыць аб тым, — дадаў Анатоль Саковіч, — што грамадства высока ацэньвае нашу працу. Святы заступнік падштурхне сышчыкаў усёй краіны на смелыя ўчынкі і самаадданую службу на карысць народу.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: Легенда крымінальнага вышуку

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.