Вы тут

Оперупаўнаважаны сабраў калекцыю, годную этнаграфічнага музея


З выгляду Віктар Шыпкоў — звычайны хлопец. Цывільнае адзенне, усмешка, простыя, дружалюбная манеры. Як гаворыцца, нічога асаблівага. Калі б не адна дэталь: кабура з пісталетам на поясе. А пісталет — гэта ўжо сур'ёзна.

Пасада Віктара Уладзіміравіча Шыпкова — оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў Гомельскага райвыканкама. Званне — старшы лейтэнант міліцыі. Узрост — 25 гадоў. Стаж працы ў падраздзяленні — тры гады. Няшмат, скажаце вы. А я вам адкажу: гэта па якіх крытэрыях мераць.

Зрэшты, па парадку.


Прафесія

Вядома, перш за ўсё я спытаў Віктара, чаму ён абраў такую прафесію? Няпростую, скажам прама. Вельмі спецыфічную і складаную. Што падштурхнула яго зрабіць такі выбар?

— Люблю пагоны, — адказвае з усмешкай Віктар. — У мяне і дзед, і прадзед служылі ў войску, былі афіцэрамі. Так што з дзяцінства да формы я прывык. Але танкі, самалёты мяне не вельмі прыцягвалі. Я люблю размаўляць з людзьмі. Таму, напэўна, і прыйшла думка пайсці служыць у міліцыю.

— Зносіны з людзьмі, — кажа оперупаўнаважаны Шыпкоў, — галоўнае ў працы сышчыка. І менавіта сышчыкам, калі спрасціць яго пасаду, ён і з'яўляецца. Вось, напрыклад, адна з самых першых яго спраў. У вёсцы абрабавалі адразу чатыры аўтамабілі. Злачынства здарылася ноччу, слядоў ніякіх няма, паспрабуй, як гаворыцца, знайдзі. Віктар пачаў распытваць сведак. Але апытанне спачатку нічога не дало. Ніякай наводкі або зачэпкі. Але малады сышчык, які толькі тады пачынаў, не здаваўся і працягваў пошукі. І вось у адной з гутарак мільганула слова «матацыкл». Нехта быццам бы бачыў матацыкл, які праехаў па вёсцы ноччу. Віктар пацягнуў за гэтую нітачку — і ўдала. Ён кажа, інтуіцыя дапамагла. Знайшоўся неўзабаве і гэты таямнічы матацыкл, і яго ўладальнікі — два браты і іх сябрук. Спярша яны ўпіраліся і ўсё адмаўлялі, але, злоўленыя на рознагалоссях, «раскалоліся». Крадзеж быў расрыты.

Узнагарода з рук міністра.

— Знайсці падыход да кожнага чалавека — вось што важна, — кажа Віктар. — Заўсёды ёсць той, хто што-небудзь бачыў або чуў. Але не заўсёды патэнцыяльны сведка адразу ўсё раскажа. Вось і трэба ўмець разгаварыць чалавека, схіліць яго да сябе, выклікаць яго давер. Тады будзе і вынік.

У ведамстве Віктара Шыпкова знаходзяцца тры сельскія саветы: Грабаўскі, Чарацянскі, Маркавіцкі. Гэта яго зона абслугоўвання. Тэрыторыя даволі вялікая, ды яшчэ і мяжа з Украінай побач. Па словах Віктара, акрамя звычайных крадзяжоў, асабліва на дачных участках, і разнастайных бытавых канфліктаў, былі ў яго практыцы і разбоі, і забойствы — усяго не раскажаш. І з усім даводзіцца разбірацца — такая работа.

Але старшы лейтэнант на работу не скардзіцца. Наадварот, кажа пра яе з гонарам і азартам — прызванне. Але разумее, што спецыфіка асаблівая, у якой мае месца так званая службовая дэфармацыя. Псіхічная нагрузка высокая, і не кожны без наступстваў для здароўя спраўляецца з ёй.

Спосаб абароны Віктара — сям'я і хобі, якому ён аддае ўвесь свой вольны час.

Сям'я

Ажаніўся Віктар на пятым курсе Акадэміі МУС. Да вяселля сустракаўся са сваёй будучай жонкай Веранікай некалькі гадоў — была магчымасць даведацца адно пра аднаго. І з дзецьмі цягнуць маладыя не сталі. І цяпер іх у сямейства Шыпковых трое. Хлопчык і дзве дзяўчынкі.

— Не шмат дзяцей? — пытаюся я. — Усё-такі вы людзі яшчэ маладыя, трэба ўстаць на ногі...

— Не, не шмат — усміхаецца Віктар. — Я люблю дзяцей, яны мне не перашкаджаюць. Наадварот, калі, бывае, забяруць да сябе старэйшых дзядуля і бабуля, дык вечарам неяк і сумна без іх, заняцца няма чым.

— Дык можа, на трох не спыніцеся? — жартую я.

— Можа, і не спынімся, — смяецца Віктар.

Яго аптымізму толькі пазайздросціць. Жыве пакуль на здымнай кватэры, думаючы, вядома, аб будаўніцтве сваёй уласнай. Але цяжкасці не палохаюць. Наадварот, як мне здалося, ніякіх цяжкасцяў старшы лейтэнант міліцыі не заўважае. Жыве сабе і сваім блізкім у радасць, і іншым падае прыклад. Выдатны, трэба сказаць, прыклад.

І не толькі ў асабістым жыцці, але і ў грамадскім.

Сям'я Шыпковых.

Хобі

Цікавасць да роднай культуры з'явілася ў Віктара яшчэ ў дзяцінстве. Сам ён родам з вёскі, з тых самых Маркавічаў, якія ўваходзяць у зону яго прафесійных абавязкаў. Ад бабулі і прабабулі ён з малых гадоў чуў мноства казак, легендаў, песень. Запамінаў, сёе-тое з узростам і запісваў. Сам спрабаваў спяваць.

У школу да іх педагогам-арганізатарам прыйшоў Рыгор Ціханавіч Басаў. Гэта быў сапраўдны энтузіяст. Ён захапіў школьнікаў сваёй любоўю да народнай творчасці. Пад яго кіраўніцтвам вучні спявалі беларускія старадаўнія песні, развучвалі танцы, праводзілі абрады, знаёміліся з багатай традыцыяй сваёй зямлі. Віктар успамінае добрым словам свайго Настаўніка. Цяпер, дарэчы, Рыгор Ціханавіч — святар, айцец Феадосій. Служыць у храме.

Там жа, у школе, Віктар пачаў іграць на гармоніку-двухрадцы. Падбіраў мелодыі на слых, самавук. Спачатку не ладзілася — не мог асвоіць басы. Потым усё атрымалася. Віктар стаў збіраць няспраўныя гармонікі і рамантаваць іх. Адзін час у яго калекцыю ўваходзіла аж 17 двухрадак. Потым ён амаль усе раздарыў: прасілі сябры, знаёмыя, сваякі. Сабе пакінуў чатыры «майстравыя» гармонікі. Майстравыя — значыць, зробленыя пад заказ, адзінкава. Эксклюзіўна, як сказалі б цяпер. І выступае Віктар са сваімі эксклюзіўнымі пявучымі інструментамі на розных конкурсах, пачынаючы з вучобы ў Акадэміі, іграе ды спявае. Ды так паспяхова, што мае шэраг узнагарод і не збіраецца на гэтым спыняцца.

Акрамя музыкі, займаецца Віктар збіральніцтвам старажытных найгрышаў, прыпевак, песень. Апытвае старых людзей, запісвае на дыктафон, на відэа, проста ручкай у сшытак. І сам спявае гэтыя песні, якія дзіўным чынам захаваліся да нашых дзён.

Яшчэ Віктар Шыпкоў збірае старадаўняе адзенне і тканіны, бытавыя прылады, ганчарныя вырабы, разьбу па дрэве. Сабралася цэлая калекцыя, годная этнаграфічнага музея. Ён і выстаўляў свае скарбы — хай іншыя палюбуюцца. Так, выстаўкі праходзілі ў выставачнай зале абласнога цэнтра народнай творчасці ў Гомелі, у выставачнай зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, у аграгарадку Урыцкае, на Дні горада ў абласным цэнтры.

Акрамя таго, адзенне з калекцыі актыўна выкарыстоўваецца ў розных мерапрыемствах і святкаваннях. Адно з такіх, старадаўні абрад ваджэння «сулы», заслугоўвае асаблівай увагі, паколькі займае ў жыцці майго героя вельмі важнае месца.

Абрад «Сула»

«Сула» (рух, плынь) — гэта найстаражытнейшы беларускі абрад. Праводзіцца ён у Маркавічах, на другі дзень Вялікадня. Збіраецца ўся вёска, людзі апранаюць старадаўняе адзенне, водзяць карагоды, спяваюць песні. Мэта абраду — абудзіць зямлю для будучага ўраджаю. Яго аднаўленнем займаўся настаўнік Віктара, Рыгор Басаў. Але пасля таго, як ён змяніў род дзейнасці, правядзенне абраду ваджэння «сулы» пачалі з розных прычын адкладаць. І Віктар Шыпкоў вырашыў сваімі сіламі прадоўжыць традыцыю. Летась ён апрануў людзей у адзенне са сваёй калекцыі (сёе-тое жонка з яго сястрой дашывалі самі). Гасцей прыязджае нямала, ёсць і замежнікі. Сіламі маладога энтузіяста абрад не загас. Але Віктар разумее, што ў адзіночку ён доўга змагацца не зможа. Выхад знайшоўся — дапамаглі аптымізм майго героя і яго ўпартасць. Яшчэ з гадоў вучобы ў Мінску Віктар быў членам студэнцкага этнаграфічнага таварыства «СЭТ». З яго дапамогай сабраў дакументы, неабходныя для таго, каб прызнаць абрад «Сула» нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Такіх дакументаў сабрана ўжо таўшчэзная папка — сама па сабе немалая праца. Застаецца толькі аддаць яе ў адпаведныя інстанцыі і дачакацца рашэння. І Віктар перакананы, што цяпер унікальная традыцыя не згасне і навекі захаваецца ў народзе.

Віктар са сваёй калекцыяй.

Час і месца

Я не мог не спытаць у старшага лейтэнанта міліцыі Шыпкова, як начальства ставіцца да яго захапленняў?

— З разуменнем, — адказвае Віктар. — Свае прафесійныя абавязкі я выконваю добрасумленна, маё хобі рабоце не перашкаджае. А як мне здаецца, дык і дапамагае.

Яго словы пацвярджаюцца цэлым наборам падзяк і дыпломаў, якія красуюцца ў рамках на сцяне. І выдатная служба, і ўдзел у конкурсах, і збіранне старадаўніх прадметаў, і сям'я — усё ўваходзіць у распарадак дня старшага лейтэнанта, усяму знаходзіцца час і месца. Такое вось незвычайнае жыццё ў гэтага звычайнага з выгляду хлопца. І шчыра кажучы, я яму ад душы пазайздросціў.

— А навошта, калі не сакрэт, вы ўсё гэта робіце? — пацікавіўся я напрыканцы. — Цяжка ж... Ды і не кожны ацэніць.

— У мяне ёсць дэвіз, — адказаў Віктар, — «хто, як не я». Вось адпаведна гэтаму дэвізу я і жыву.

Сяргей КУЛАКОЎ

Загаловак у газеце: «Хто, як не я»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.