Вы тут

Паветраны турызм карыстаецца попытам па ўсёй краіне


Новы атракцыён стаў неад'емнай часткай на розных гарадскіх святах. Не так даўно скарысталіся магчымасцю здзейсніць палёт на верталёце каля 1,5 тысячы гродзенцаў і гасцей горада. Ахапіць такую колькасць аматараў адрэналіну пілоты змаглі за тыдзень — менавіта столькі МІ-2 баразніў паветра над горадам. Такі працяглы тэрмін палётаў у Гродне быў здзейснены ўпершыню. Каб убачыць Гродна з вышыні, да МІ-2 збіраліся вялікія чэргі.


Паветраная вандроўка становіцца новым атракцыёнам на гарадскіх святах, расказваюць супрацоўнікі Віцебскага аэраклуба. І калі раней такія экскурсіі праходзілі адзін дзень, то паступова пілоты затрымліваліся ў горадзе, які іх запрашаў, на два альбо тры дні. Палёты падчас святкавання 890-гадовага юбілею Гродна доўжыліся цэлы тыдзень і сталі для пілотаў своеасаблівым рэкордам.

Многія прыходзілі, каб здзейсніць даўнюю мару — убачыць горад з вышыні птушынага палёту. Самымі напружанымі для пілотаў сталі выхадныя падчас свята горада. У адзін з такіх дзён пракацілася каля 350 чалавек. Раз-пораз уздымаліся новыя пасажыры: моладзь, бацькі з дзецьмі, пенсіянеры. Работнікі аэраклуба расказалі, што самаму малому было тры гады, а сярод сталых — 80-гадовая гродзенка, якая прыйшла з унучкай.

Палёт доўжыўся каля пяці хвілін і адбываўся на вышыні 400 метраў. Месца старту размясцілі каля гандлёвага цэнтра.

— У горадзе не так проста знайсці адпаведнае месца для стартаў, — адзначыла начальнік службы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Віцебскага аэраклуба Вольга Бугаева. — Тут шмат абмежаванняў, і мы гэта ўсё ўлічваем, інакш не атрымалі б дазвол.

Каб адправіцца ў паветранае падарожжа, многія чакалі і гадзіну, і дзве. Часам чарга налічвала да ста чалавек. Іх трываласць акупалася новымі незвычайнымі эмоцыямі і ўзрушаным станам.

— Некаторыя сумняваліся: ляцець ці не? Яны прыйшлі са знаёмымі, каб проста паназіраць, але ў апошні момант усё ж такі вырашалі ляцець, — расказвае суразмоўніца.

Дарэчы, палёты, якія падабаюцца аматарам адрэналіну, даюць магчымасць палепшыць матэрыяльную базу аэраклуба, адзначылі арганізатары. А яшчэ садзейнічаюць падрыхтоўцы курсантаў для лётнага факультэта і спартсменаў верталётнага спорту. Аэраклубу ўдалося захаваць сваю базу і методыку работы, што дазваляе і цяпер паказваць добрыя вынікі на чэмпіянатах па верталётным спорце. У той жа час гэта патрабуе значных сродкаў, але аэраклуб абыходзіцца без датацый. Усе нормы эксплуатацыі тэхнікі строга кантралююцца.

— Верталёт, які здзяйсняе палёты, сертыфікаваны, у тым ліку і па шуме. Ён налятаў усяго тры тысячы гадзін, гэта менш чым трэцяя частка агульнага рэсурсу. Верталёт спісваецца, калі яго вылеты складаюць 10,5 тысячы гадзін. Да таго ж ён не выкарыстоўваўся ў агрэсіўным асяроддзі — не быў на хімработах і не падвяргаўся перападам тэмпературы, — адзначыла Вольга Бугаева.

Паветраны шпацыр вядомы ва ўсіх райцэнтрах Віцебшчыны. Уздымаў верталёт аэраклуба паветраных турыстаў у Брэсце, Баранавічах, Салігорску... Некалькі дзён «завісаў» над Лідай і цэлы тыдзень — над Гроднам. У дзень адбывалася і па 50 палётаў. Аднак усіх ахвотных не давялося ахапіць, адзначылі арганізатары, бо з кожным разам аматараў паветранага турызму становіцца ўсё больш.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Палёт над Гроднам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.