Вы тут

Чыгуначныя гісторыі. Самыя цікавыя вагоны Баранавіцкага аддзялення


Музеі бываюць розныя. І некаторыя з іх — нават вельмі арыгінальныя. Так, у Баранавічах ёсць музей... чыгункі! І варта сказаць, што гэта адно з любімых месцаў жыхароў горада. Справа ў тым, што складаецца ён не толькі з традыцыйнага музейнага памяшкання. Найбольш цікавая частка экспазіцыі размешчана пад адкрытым небам. Там можна пабачыць самыя розныя ўзоры чыгуначнай тэхнікі. Прычым не толькі пастаяць побач, але дзесьці нават залезці на падножку вагона, зазірнуць унутр.


Афіцыйна гэта месца называецца «Музей гісторыі Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі». Тут размяшчаецца калекцыя паравозаў як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Ёсць цеплавозы, пасажырскія і грузавыя вагоны розных пакаленняў. Асабліва цікавым для многіх экскурсантаў з'яўляецца дзейны макет Баранавіцкага чыгуначнага вузла, усталяваны ў адным з пасажырскіх вагонаў (не зазірнуць проста немагчыма).

У іншых вагонах таксама ёсць экспазіцыйныя залы. Там прадстаўлены некаторыя інструменты, прыборы і механізмы (напрыклад, ручныя рэйкарэзныя і рэйкасвідравальныя станкі), якімі ў мінулым карысталіся чыгуначнікі. Можна пабачыць і грузавую дрызіну, якую многія ведаюць калі не з асабістага досведу, то па старых кінафільмах. Ёсць тут і дзейны семафор, і гідраўлічная калонка для запраўкі паравозаў вадой.

Гэтыя экспанаты, без сумнення, цікавыя як прафесіяналам (чыгуначнікам, гісторыкам), так і ўсім ахвотным. Дзе яшчэ атрымаецца трапіць у такі цэласны, напоўнены рознымі цікавінкамі тэхнічны свет? Дарэчы, у 2002 годзе ў музеі стварылі экспазіцыю тэхнікі чыгуначных войскаў. Гэта пуцеўкладчык, выправачна-падбівачная машына, машыны для будавання мастоў на палях, зенітна-кулямётныя ўстаноўкі, якія ставілі калісьці на спецыяльных чыгуначных платформах з браніраванымі адсекамі для размяшчэння кулямётных стужак.

Трапляючы ў гэты музей, усведамляеш прыгажосць і значнасць многіх ідэй, рэалізаваных пры стварэнні чыгунак. Тут можна дакрануцца да мінулага і ўбачыць гісторыю развіцця і ўдасканалення чыгуначнай тэхнікі ў розныя часы. Музей перыядычна папаўняецца новымі экспанатамі.

Непадалёк ад экспазіцыі пад адкрытым небам размяшчаецца і музейны будынак. Яго памяшканне даволі старадаўняе, датуецца пачаткам XX стагоддзя і з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. А сам музей быў створаны ў ім у 1984 годзе (аддзел тэхнікі быў уладкаваны ў 1999 годзе).

На цяперашні момант гэта самы вялікі чыгуначны музей у нашай краіне. Як адзначаюць яго куратары, тэхніку для экспазіцый збіралі з розных аддзяленняў. Штосьці прыносілі як чыгуначнікі, так і звычайныя жыхары горада.

У музейным дамку можна пабачыць шмат цікавых экспанатаў, звязаных з працай чыгуначнікаў. Напрыклад, старую таварную пломбу Палескай чыгункі станцыі Лахва (1899 год). Ёсць тут і жэтон работніка паравознага дэпо Аляксандраўскай чыгункі другой паловы XІX стагоддзя. Сярод цікавінак і паравозны ліхтар з газай другой паловы XІX — пачатку XX стагоддзя. Адметнай з'яўляецца і жалезная скрыначка машыністаў цягнікоў: у такой зазвычай вазілі ў ежу, асабістыя рэчы, дакументы. Тэлеграфны апарат морзэ (яго таксама можна пабачыць) паступіў на чыгунку ў 1855—1856 гадах для сувязі паміж дзвюма суседнімі станцыямі, а тэлефон пачалі выкарыстоўваць у канцы XІX стагоддзя.

Важны рыштунак чыгунак яшчэ нядаўняга часу — станцыйны звон. Ударам у яго дзяжурны па станцыі падаваў сігнал-папярэджанне пасажырам пра час адпраўлення цягніка. Адзін удар звона — папярэджанне пра хуткае адпраўленне. Два ўдары — прапанова садзіцца ў цягнік. Тры ўдары — паведамленне аб адпраўленні. Першы ўдар рабіўся на пачатковых станцыях за 20 хвілін да адпраўлення, на прамежкавых станцыях, пры падыходзе цягніка да станцыі. Два ўдары звона рабіліся за дзве хвіліны да адпраўлення. Тры ўдары — на станцыях з прыпынкамі менш чым за дзве хвіліны пры спыненні цягніка.

Ёсць у музеі і шмат іншых невялікіх, але цікавых экспанатаў. Гэта скарасцямер кантролю за дзейнасцю машыніста на лініі, чарнільны прыбор з драўлянай ручкай і шклянымі пёрамі 1940-х гадоў (шкляныя пёры выкарыстоўваліся для запаўнення перавозачных дакументаў пад капірку).

Варта адзначыць, што Палескі вакзал, побач з якім размяшчаецца музей, быў разбураны падчас Другой сусветнай вайны. А ў сваім сучасным выглядзе быў пабудаваны ўжо пасля вызвалення горада.

Баранавічы — вядомы чыгуначны вузел, горад, які ўзнік на станцыі. Пэўна, завітаўшы сюды і маючы хаця б адну вольную гадзінку, варта зазірнуць у музей чыгункі — а найперш у яго аддзяленне пад адкрытым небам.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

г. Баранавічы

Загаловак у газеце: Чыгуначныя гісторыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?