Вы тут

Якія насякомыя-шкоднікі «ідуць у атаку» на беларускія расліны?


Калі спытаць у беларусаў пра самае шкоднае насякомае, многія напэўна назавуць каларадскага жука. Але спецыялісты запэўніваюць: ёсць яшчэ шмат інвазійных (нежаданых) відаў, здольных выклікаць сур'ёзныя праблемы як для беларускай прыроды, так і лясной, сельскай гаспадаркі. Пра іх і расказваюць у сваёй публікацыі Алег СІНЧУК, супрацоўнік біялагічнага факультэта БДУ, і Кацярына ГРЫШЧУК і Дар'я ЛАЎРЫЕНЯ, студэнткі гэтага факультэта.


Лі­па­вая моль-стра­кат­ка.

Чужыя, але не шкодныя

Пранікненне некантралюемых біялагічных інвазій — адна з галоўных экалагічных праблем сучаснасці. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца інтэнсіфікацыя транспартных патокаў, а таксама змяненне рэгіянальнага клімату, што і з'яўляецца перадумовай пранікнення «чужых» відаў на тэрыторыю нашай краіны.

Самы вядомы прыклад такой экспансіі — каларадскі бульбяны жук (паходзіць з Паўночнай Амерыкі), вядомы кожнаму агародніку як сур'ёзны шкоднік бульбы. Бо, калі не праводзіць ніякіх ахоўных мерапрыемстваў, можна застацца зусім без ураджаю! Гэты від трапіў на тэрыторыю Беларусі яшчэ ў 1956 годзе, і да сёння наступствы яго ўсялення прыводзяць да сур'ёзных фінансавых трат.

Пранікненне «чужых» відаў адбывалася і раней. Так, у перыяд XVІІІ — пачатку XX стагоддзя ў нашу краіну былі выпадкова завезены рыжы таракан (Паўднёвая Азія) і фараонавая мурашка (Усходняя Афрыка), якія не змаглі прыстасавацца да натуральных умоў і жывуць толькі побач з чалавекам (сінантропныя віды). Пры іх з'яўленні ў нашых кватэрах і дамах можна нажыць нямала клопату. Такія віды з'яўляюцца чужароднымі, але не інвазійнымі. Каб прылічыць від да інвазійных, неабходна, каб ён засяліўся ў натуральных умовах, заснаваў устойлівую групу, якая здольная да ўзнаўлення і прыводзіць да сур'ёзных эканамічных, экалагічных і сацыяльных праблем.

Маленькія агрэсары

Сітуацыя змянілася з пранікненнем люцэрнавай тлі (Паўночная Амерыка), лістоўнічнага хермеса (горна-таежны пояс Еўразіі), букавай тлі (Заходняя, Паўднёвая і Цэнтральная Еўропа), ілжэшчытоўкі туевай (Паўночная Амерыка) і каларадскага бульбянога жука, якія пачалі аказваць сур'ёзны ўплыў на зялёныя насаджэнні і сельскагаспадарчыя пасевы.

З канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя працэсы пранікнення «чужых» відаў паскорыліся, што абумоўлена, у першую чаргу, глабалізацыяй эканомікі. На тэрыторыю Беларусі праніклі такія інвазійныя віды, як лістаблошка самшытавая і тля арэхавая вялікая (Міжземнамор'е), тля зялёная цытрусавая і ліпавая моль-стракатка (Усходняя Азія), тля алычовая (Закаўказзе і прылеглыя тэрыторыі Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі), каштанавая мініруючая моль (захад Балкан), белаакацыевыя молі-стракаткі (Паўночная Амерыка), божая кароўка-арлекін (Азія) і іншыя.

Мі­ны лі­па­вай мо­лі-стра­кат­кі.

Каштанавая мініруючая моль прывяла да катастрафічных наступстваў для насаджэнняў каштана конскага звычайнага. З-за яе актыўнасці дрэвы рана страчваюць лісце, змяншаецца выхад насення і нават адбываецца паўторнае цвіценне каштанаў. Ліпавая моль-стракатка прыводзіць да ранняй страты лісця і зніжэння выхаду пчолапрадуктаў у розных відаў ліп. Божая кароўка-арлекін выцясняе мясцовыя віды божых каровак, выкарыстоўваючы іх кармавыя рэсурсы і нават з'ядаючы іх лічынак!

Хто пад каранцінам?

Безумоўна, працэсы пранікнення новых відаў на тэрыторыю Беларусі не спыняюцца. Каранцінныя службы сочаць за пранікненнем найбольш небяспечных з іх. Так, пакуль атрымліваецца стрымліваць папуляцыю заходняга кукурузнага жука (гэты від ужо ахрысцілі каларадскім кукурузным жуком з-за яго паходжання), які асталяваўся ў Брэсцкай вобласці. Сярод такіх відаў можна назваць таксама і паўднёваамерыканскую таматную моль. У нашай краіне яна была ўпершыню выяўлена ў 2011 годзе ў цяпліцах з памідорамі. На гэтыя цяпліцы налажылі каранцін і распрацавалі мерапрыемствы па лакалізацыі і ліквідацыі ачага шкодніка, што паспяхова ўдалося зрабіць.

Акрамя таго, з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі сёлета магчыма пранікненне ясеневай ізумруднай вузкацелай златкі — шкодніка з лясоў Усходняй Азіі і Далёкага Усходу Расіі. Гэты від сур'ёзна пашкоджвае розныя віды ясеняў. Жыццядзейнасць насякомага прыводзіць да катастрафічнага ўсыхання ясеневых насаджэнняў у ЗША і Еўрапейскай частцы Расіі. Па выніках нашых абследаванняў, у 2018 годзе ясеневая златка не выяўлена ў прыгранічных да Беларусі гарадах Рослаўль (Смаленская вобласць) і Сураж (Бранская вобласць).

* * *

Пранікненне «чужых» відаў насякомых можа прыводзіць да сур'ёзных экалагічных, сацыяльных і эканамічных наступстваў. Наша задача — быць уважлівымі пры куплі раслін, развядзенні хатніх шасці- і васьміногіх гадаванцаў (не трэба выпускаць іх у дзікую прыроду!). Пры выяўленні незразумелых відаў жывёл, паважаныя чытачы, дасылайце іх фотаздымкі на электронную пошту студэнцкай навуковай лабараторыі «Структура і дынаміка біяразнастайнасці» кафедры заалогіі біялагічнага факультэта БДУ: bіodіversіty.lab.bsu@maіl.ru, ці на адрас: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 4, біялагічны факультэт, кафедра заалогіі, Сінчуку Алегу Віктаравічу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?