Вы тут

Чаму кажаны перасталі адлятаць на поўдзень?


Яны жывуць побач з намі. Любяць сяліцца ў шчылінах шматпавярховікаў, бо сучасныя дамы кажанам замяняюць горы. Асаблівай нязручнасці нябачныя суседзі людзям не нясуць, затое карысць ад іх відавочная: яны знішчаюць вялікую колькасць насякомых (за ноч кожная асобіна здольная праглынуць іх на палову сваёй вагі). Калі б не кажаны, то размножаныя шкоднікі з'елі б нашы лясы, паркі і агароды. Амерыканцы нават спрабавалі вылічыць апасродкаваны прыбытак ад кажаноў. Скажам, для аднаго толькі штата Тэхас пражэрлівыя лятучыя мышкі эканомяць мільёны долараў, бо гэта яшчэ і выдатная эканомія на пестыцыдах. У рукакрылых няма канкурэнтаў у барацьбе за «харчовыя рэсурсы», бо палююць яны ўначы, а птушкі ловяць насякомых хіба што вячэрнім прыцемкам ды зрання.


Мышы падкажуць...

Кажаны — адны з самых старажытных млекакормячых жывёл, да таго ж адзіныя здольныя для актыўнага палёту. А калі яны ўзняліся ў неба, то зразумелі, што там ім нічога не пагражае. Нават няма драпежнікаў, якія б мэтанакіравана палявалі на мышак з крыламі, хіба што выпадкова кажаны могуць патрапіць пад кіпці савы, альбо рэдкім разам у дупло да іх залезе куніца. І сёння ў свеце налічваецца каля паўтары тысячы відаў кажаноў. У Беларусі сустракаецца 19, у Мінску — каля 12.

Сёння цэлыя калектывы вучоных у свеце займаюцца генетыкай кажанаў для таго, каб даведацца пра іх механізмы ўстойлівасці да захворванняў, у тым ліку ракавых, а таксама высветліць, што дазваляе звярку жыць даволі доўга. Існуе экалагічнае правіла: чым меншыя лінейныя памеры, тым большы ўзровень метабалізму ў млекакормячых, цеплакроўных жывёл і, адпаведна, тым меншая працягласць жыцця. Кажаны — выключэнне з гэтых правілаў. У маленькіх летуноў максімальны тэрмін жыцця — 43 гады (у пячоры знайшлі акальцаваную мышку і менавіта па пакінутай людзьмі метцы вылічылі яе ўзрост). І нават 15 гадоў (на столькі ў сярэднім «разлічаны» летуны) — тэрмін даволі вялікі. (Напрыклад, звычайныя мышы, як правіла, жывуць каля двух гадоў.)

Паляванне на невідзімак

І тым не менш колькасць рукакрылых скарачаецца, у звяркоў нізкі рэпрадуктыўны патэнцыял: самка кажана нараджае толькі адну-дзве асобіны ў год. Да таго ж і змены клімату і прыродных арыялаў могуць уплываць на жыццё звяркоў...

Каб звярнуць увагу грамадскасці на гэтую праблему, ва ўсім свеце праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя рукакрылым. Ладзілася такое і ў Мінску — ноч кажаноў. Разам з навуковым супрацоўнікам лабараторыі малекулярнай заалогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Алексеям Шпакам мы выправіліся ў «паляванне» на мышэй у Лошыцкім парку. Праўда, пабачыць кажаноў на той экскурсіі (а праводзілася яна ўначы) так і не давялося. Затое мы пачулі, якімі гукамі напоўнена начная мінская прастора, і нават высветлілі, што за невідзімкі ў гэты час над намі лёталі. Вылічыць, дзе хаваюцца кажаны, дапамагаў спецыяльны прыбор — бат-дэтэктар. Ён «перакладае» ўльтрагук і дазваляе ўстанавіць хвалю, на якой крычаць рукакрылыя. Па характары гуку і частаце можна даведацца, які від кажаноў схаваўся ў цемры.

У Лошыцкім парку найперш мы шукаем звяркоў каля вады. Для іх гэта любімае месца палявання, да таго ж яны на ляту пьюць ваду. У дэтэктары чуецца трэск. Такі сухі, дробны гук падказвае, што тут палюе лясны нетапыр.

— Калі інтэрвалы паміж гукамі скарачаюцца, значыць, кажан да некага набліжаецца, і можна нават пачуць, як штосьці з'елі на ляту, — тлумачыць Алексей Шпак. — Многія віды збіраюць насякомых з воднай гладзі, з лістоў дрэў. Ёсць і такія, хто здольны збіваць ахвяру ў палёце, — яна трапляе ў растапыраныя заднія лапы (паміж пальцамі там таксама скурная перапонка, і ў выніку атрымліваецца добры «кошык» для лоўлі). Крыкі кажаноў для іх саміх вельмі моцныя — усё роўна як для чалавека гук турбін самалёта, які ўзлятае. Таму на той час, як яны крычаць, у іх блакіруюцца вушы...

Наступны лятун, якога давялося пачуць у Лошыцкім парку, гучаў ужо па-іншаму. Па словах даследчыка, калі дэтэктар выдае гук, падобны да таго, што нехта пальцам правёў па грэбені, вы маеце справу з начніцамі, а калі з прыборчыка чуецца, быццам падаюць кроплі вады, — з вячэрніцамі. Трэба сказаць, што эхалакацыяй кажаны карыстаюцца толькі падчас начных паляванняў — усё ж яна даволі энергазатратная.

Хто ў дамку жыве?

Без спецыяльнага прыбора гукі, якія выдаюць начныя паляўнічыя, для чалавечага вуха недаступныя. Але ўсё ж пачуць кажаноў мы можам. Напрыклад, калі натрапім на старыя дуплістыя дрэвы, якія ператварыліся ў радзільны дом для мышэй. Самкі жывуць асобна. Самцы не дапускаюцца ў мацярынскія радзільныя калоніі. Мы падыходзім да аднаго з такіх дрэў, якое і раней з-за вялікай мышынай валтузні «звінела», але ў гэты час сховішча кажаноў пустуе.

Таксама мы праверылі і домікі, змайстраваныя актывістамі арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» спецыяльна для кажаноў. Мышыныя «шпакоўні» больш плоскія, з вузкімі адтулінамі знізу. Дзіва, што ў кожнай такой скрыначцы можа знайсці прытулак некалькі дзясяткаў кажаноў — гэтыя жывёліны таўшчынёй з палец заўсёды гатовыя пацясніцца.

— Такія домікі могуць служыць добрым прытулкам для адзіночных самцоў ці невялікіх груп, проста для жывёл, якія пералятаюць на поўдзень і ім трэба недзе спыніцца, — расказвае хіраптаролаг.

Так, з даўніх часоў кажаны, як і птушкі, адлятаюць, каб у маразы не змерзнуць. Як правіла, беларускія рукакрылыя выбіраюць такія краіны, як Аўстрыя, Румынія, Балгарыя. Прычым ляцяць яны туды... спаць, бо ў зімовы час і ў гэтых краінах няма корму. Але цяпер у сувязі з пацяпленнем клімату некаторыя рукакрылыя, напрыклад двухколерны кажан, сталі заставацца ў нас і на зіму. Прасунутыя мышкі ўцямілі, што зусім неабявязкова некуды ляцець у пошуках пячор — людзі ж панабудавалі ўсяго і столькі, што знаходзіцца месца і для маленькіх нелегальных насельнікаў. На жаль, такія «навасёлы» часта падвяргаюць свае жыцці небяспецы. Зразумела, людзям не даспадобы такое суседства. Часам кажаноў у Мінску можна чуць аж да самага Новага года. Для звяркоў такая актыўнасць небяспечная, бо расходуецца шмат энергіі, назапашанай раней. І растрывожаная жывёлінка, якую, напрыклад, разбудзілі пасярод зімы, можа ў выніку нават загінуць. Калі кажан залятае ў ваша жытло ў цёплы час, дастаткова расчыніць акно альбо накрыць госця звычайнай скрынкай, вынесці на вуліцу і пасадзіць на дрэва. Калі ж звярок наведаў вас зімой, адпускаць маленькага летуна нельга. Тэлефануйце ў арганізацыю, якая дапамагае рукакрылым, — «Кажанаполіс». Актывісты ўладкуюць нязванага госця, узважаць, накормяць і пакладуць спаць да вясны... у спецыяльны халадзільнік.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».