Вы тут

Што і колькі каштуе на сезонных кірмашах у абласных цэнтрах?


Сёння мы распачынаем новы звяздоўскі праект «Па сутнасці справы». Што за ён? Тлумачым: разам з нашымі карэспандэнтамі ў сталіцы і рэгіёнах мы будзем адсочваць самае важнае і цікавае, што прыцягвае ўвагу ў гэты час большасці нашых чытачоў. І першай тэмай мы абралі сезон асенніх нарыхтовак. Пагадзіцеся, сёлетнія цэны на садавіну і агародніну турбуюць не толькі вясковых бабуль і дзядуль, але нават і сталічную моладзь, што ў адчуванні надыходзячай зімы імкнецца назапасіць вітаміннай ежы.

Усім цікава, што і колькі каштуе, якія прадукты можна купіць танней і, галоўнае, — дзе? Нашы ўласныя карэспандэнты прайшліся па восенькіх кірмашах і высветлілі, на што ёсць попыт і дзе самая танная бульба... Аб гэтым вы даведаецеся з нашай падборкі.

Фота БЕЛТА

Цікава, але факт: на традыцыйных кірмашах у розных рэгіёнах краіны розныя густы. Зразумела, у цэнтры ўвагі пакупнікоў звычайны набор «бульба—капуста—цыбуля», але не толькі па агародніну імкнуцца трапіць на сезонны кірмаш. Тут можна набыць смачную жывую рыбку, якую вытворцы вырошчвалі цэлае лета, духмяны мёд і саджанцы дрэваў і ягадных кустоў. Як мы высветлілі, у мінулыя выхадныя, напрыклад, жывая рыба не вельмі прываблівала пакупнікоў у Гродне, а вось у Віцебску, наадварот, карысталася вялікім попытам! А яшчэ мы даведаліся, што самую танную бульбу можна было купіць у сталіцы і Магілёве, у Барысаве выгадней было купляць моркву, буракі, рыбу і мёд, капусту — у Гродне, цыбулю — у Брэсце, а па памідоры трэба ехаць у Гомель. Карацей кажучы, увесь агляд сезонных коштаў мы падрыхтавалі для вас у зручным выглядзе: з табліцы вы даведаецеся аб мінімальных і максімальных цэнах, што мы сустрэлі на кірмашах, а ў інфаграфіцы — дзе мы знайшлі для вас прадукты па самых прывабных цэнах.


Гродна: восеньскія прысмакі з «Паўднёвага»

Традыцыйную для беларусаў агародніну прывезла на кірмаш Аксана з Мастоўскага раёна.

Яна адзначыла, што ў сезон нарыхтовак добра ідзе бульба і цыбуля. У Аксаны агародніна запакавана па 5 і 10 кілаграмаў, але можна купіць і меншы аб'ём. Многія цікавіліся часнаком, за які жанчына прасіла 4 рублі. Бралі яго па некалькі штук.

Калгасную прадукцыю з ААТ «Васілішкі» Шчучынскага раёна раскупілі бадай што на вачах. Мабыць, таму, што кошт яе быў ніжэйшы на 10—20 капеек. Літаральна за лічаныя хвіліны «пайшлі» цыбуля, капуста, морква, і асабліва бульба. «Другі хлеб» прадалі па 25 капеек за кілаграм яшчэ зранку. Капусту бралі адразу па 10 кг.

З мясцовымі гандлярамі суседнічалі і прыезджыя. У мужчыны з Брэсцкай вобласці нядрэнна куплялі баклажаны па 1,80 і адборныя перцы па 2 рублі. А вось памідоры былі толькі ў аднаго гандляра па 1,30, але попытам амаль не карысталіся. З Брэсцкага рыбгаса «Палессе» прывезлі карасёў, амураў і карпаў. Хоць рыбы больш не было, але і ажыятажу вакол яе таксама. Жанчына-прадавец паскардзілася, што гандаль ідзе марудна. А вось каля мяснога павільёна чарга не знікала. Свіныя тушы рассякалі на месцы і прадавалі па 5,25 рубля за кіло. Людзі адразу бралі па пяць—восем кілаграмаў.

Мёд можна было купіць за 8 і 11 рублёў. Гандляры з Ваўкавыскага раёна запэўнілі, што гэта яшчэ леташняя цана, а сам мёд — новага сезона. Па іх словах, сёлета салодкага прадукту атрымалі менш. І тут галоўнае не купіць прывазны фальсіфікат, які прадаюць танней. Сапраўдны мёд, кажуць яны, «павінен драць горла».

Многія наведвальнікі засталіся задаволеныя кірмашом. Гродзенцы Інна і Андрэй паведамілі, што закупілі амаль усё, што хацелі, — цыбулю, моркву, бульбу, капусту. Не знайшлі толькі журавін. І сапраўды, гэтых ягад на кірмашы не было, хоць сёлета яна на балотах добра ўрадзіла.


Гомель: стартавалі традыцыйныя кірмашы

Калі запасаў з уласных агарода ці дачы не хопіць на зіму, варта выйсці і дакупіць усё, што зараз аддаюць па вельмі прывабных цэнах.

Удзел у кірмашах у вобласці актыўна прымаюць сельскагаспадарчыя арганізацыі, фермерскія гаспадаркі, прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі і перапрацоўчай галіны, гандлёвыя арганізацыі мяса-малочнай прадукцыі, рыбныя гаспадаркі. Яны прапануюць пакупнікам свежую агародніну, садавіну, ягады, грыбы, саджанцы дрэў і шмат чаго яшчэ. На многіх пляцоўках адначасова ажыццяўляецца і гандаль таварамі лёгкай прамысловасці.

Пакупкі оптам і ў розніцу можна зрабіць у любы кастрычніцкі ці лістападаўскі ўік-энд: кірмашы будуць праходзіць у розных раёнах Гомеля. Кожныя выхадныя пляцоўкі разгортваюцца ў раёне зоны адпачынку «Сажалкі», корпуса № 4 медуніверсітэта, Палаца водных відаў спорту, Палаца культуры «Касцюкоўка», каля крамы «Март Інн», што па вуліцы Барыкіна. Традыцыйна агародніну і садавіну можна набыць і ў самым цэнтры горада над Сожам — на плошчы Паўстання. Менавіта там і быў зроблены маніторынг цэн на асеннюю агародніну.


Віцебск: па жывую рыбу, як заўсёды, былі чэргі

У Віцебску восеньскія кірмашы вельмі папулярныя і, безумоўна, будуць праходзіць далей. І, нават, калі цэны на агародніну ды іншае, нярэдка бывае, аналагічныя, як на рынках, усё роўна народ імкнецца зрабіць восеньскія нарыхтоўкі менавіта на кірмашы.

Традыцыйна галоўным месцам правядзення чарговага кірмашу стала вуліца Леніна — адна з цэнтральных у Віцебску. Гандлявалі праз дарогу ад сімвала старажытнага горада — будынка ратушы. Гандлёвая часовая «зона» была даўжынёй каля дзвюх сотняў метраў. Людзей было шмат, і дожджык, які перыядычна церусіў, не сапсаваў асаблівы кірмашовы настрой.

Наконт цэннікаў. Бульбу можна было купіць за 32—35 капеек за кіло. І толькі ў адным гандлёвым «пункце» за 28 капеек. За моркву прасілі 50—55 капеек, кошт кілаграма буракоў — 40, 43, 45 капеек, цыбуля каштавала 45, 53, 60 капеек, а вось кошт на капусту ва ўсіх гандляроў быў аднолькавы — 44 капейкі.

Памідоры ў адным месцы прадавалі за 1 рубель 8 капеек за кіло, а недалёка — па 1,3 рубля... Салодкі перац можна было назапасіць таксама за 1,3 рубля.

Мёд куплялі ахвотна. У залежнасці ад гатунку літр каштаваў 13 і 15 рублёў, а палова літра адпаведна 7 і 8.

Па рыбу, як заўсёды, былі чэргі. І, па-ранейшаму, — да аўтамабіля з жывой рыбай рыбгаса «Навінкі» з Пастаўскага раёна. Дарэчы, і ў рабочыя дні прадстаўнікі гаспадаркі гандлююць на розных вуліцах абласнога цэнтра. У дзень кірмашу карпа элітнага прадавалі па 4 рублі 37 капеек за кілаграм, карпа буйнога — па 3,61 рубля, таўсталобіка адборнага — па 3 рублі.


Магілёў: каб дзеці ведалі, дзе расце бульба

Дзе шукаць восеньскі кірмаш у Магілёве, распісана аж да канца лістапада. Расклад можна знайсці на сайтах аблвыканкама, мясцовых СМІ, а таксама ў выглядзе запрашэнняў на канкрэтныя пляцоўкі — на пунктах прыпынку грамадскага транспарту і ў іншых шматлюдных месцах.

У апошнія вераснёўскія дні кірмашы ў Магілёве працавалі на тэрыторыі дзвюх школ — 13-й у Кастрычніцкім раёне і 45-й — у Ленінскім. Арганізатары паклапаціліся па максімуме наблізіць гандлёвыя пляцоўкі да спальных раёнаў. Не апошнюю ролю мае і выхаваўчы працэс, каб дзеці ведалі, што бульба не ў краме расце.

А ўраджай, мяркуючы па прылаўках, атрымаўся неблагі. І цэны прывабныя. Бульба была нават па 20 капеек за кілаграм, памідоры ад рубля да трох, кіло цыбулі можна было набыць за 60 капеек, морква каштавала ў межах ад 70 капеек да 1,1 рубля, капуста — ад 40 капеек і вышэй. Самыя танныя агуркі прапанавалі па 2 рублі за кілаграм. За грушы прасілі 2,5 рубля, журавіны аддавалі за 3 рублі слоік або за 6 рублёў — кілаграм. Народ не разменьваўся на дробязі, купляў адразу мяхамі.

— У нас сёлета ад дажджу прапала ўся бульба, таму купілі шмат, — прызналася адна з пакупніц. — Да майго дома адсюль рукой падаць. Вельмі добра, што кірмаш да нас на раён завітаў. І выбар вельмі добры. За мех бульбы аддала ўсяго 10 рублёў. А яшчэ купіла два качаны капусты па 50 капеек за кілаграм.

Было з чаго выбраць і аматарам-садаводам. Знаўцы кажуць, што найлепшая пара для пасадкі садовых дрэў і кустоў — да сярэдзіны кастрычніка. Прапаноўвалі ўсё — ад беларускай ігрушы да замежнага персіка. Саджанцы яблыні каштавалі, напрыклад, 10 рублёў, ігрушы — 15.

Гаспадар вялікай калекцыі саджанцаў і ягадных кустоў Міхаіл Уладзіміравіч па адукацыі эканаміст, але вырошчваннем саджанцаў займаецца з 1996 года. Калі жадаеце атрымаць ад пакупкі найбольшую карысць, раіць ён, трэба звяртацца да правераных гандляроў і крыху самому разбірацца ў гэтай справе. Напрыклад, дрэўцы з-пад Брэста або Гродна не заўсёды змогуць парадаваць жыхароў нашых больш паўночных раёнаў.

Восень — гэта і час каштаваць мясцовую рыбу. Летам яна яшчэ расце ў саджалках, а з верасня паступае ў шырокі продаж. І, мяркуючы па чэргах, прадукт запатрабаваны. Лінёў у Магілёве куплялі па 5 рублёў за кіло, карпа — па 4,5 рубля, белага амура — па 6 рублёў. Бралі не па адным кілаграме. Вельмі ж апетытна рыбка выглядала.


Брэст: да такога багацця агародніны яшчэ і кавалак сала

Людзі найбольш цікавіліся агароднінай, выбіралі таго прадаўца, які прапанаваў танней, да яго нават выстройвалася чарга.

Напрыклад, Целяханскі філіял Івацэвіцкага спажыўтаварыства прывёз шмат разнастайнай прадукцыі. У іх былі адны з самых танных памідораў, прычым, прывабнага выгляду. Аддавалі па рублі за кіло. Таму прадавец працавала даволі напружана, увесь час падыходзілі людзі. Целяханцы таксама прывезлі на кірмаш насенне кропу ў фасоўцы па сто грамаў, і гэты тавар карыстаўся попытам. Яшчэ людзі назапашвалі журавіны, часнок, сухафрукты.

Грушы на кірмашы можна было набыць у межах ад 80 капеек да 1,8 рубля.Часнок прапаноўвалі па 3,5 рубля за кілаграм. Гэтым разам многія прадавалі фасолю, крыху больш за тры рублі каштаваў кілаграм, а яшчэ баклажаны, гарбузы, кавуны. «Да такога багацця асенняй агародніны яшчэ б кавалак сала», — пажартаваў адзін з наведвальнікаў кірмашу, які старанна выбіраў памідоры. І яму некалькі чалавек паказалі на першы рад ад уваходу. Там сапраўды размясціўся павільён Драгічынскага райспажыўсаюза, кааператары прапанавалі свініну, ялавічыну, а таксама дамашнюю бараніну ды апетытных гусей. Маладыя пакупнікі паглядзелі на жоўтую тлустую гусь і сказалі, што перад новым годам яны абавязкова купілі б гэтую птушку, а цяпер ўсё-такі па 9 рублёў кілаграм... Галоўнае, што выбар быў. Побач Аранчыцкая птушкафабрыка прадавала з машыны яйкі, а рыбгас прывёз карпаў. Так што на кірмашы можна было купіць самыя розныя прадукты харчавання ад вытворцаў і па нізкіх цэнах.


Міншчына: назапасіць «вітаміны» на зіму

Восеньскія кірмашы стартавалі на Міншчыне 16 верасня і прадоўжацца да 4 лістапада. Ветэранам вайны, як заўсёды, набытыя дары восені дапамогуць даставіць на дом бясплатна райвыканкамы і Жодзінскі гарвыканкам спецыяльна выдзеленым для гэтага транспартам.

29 і 30 верасня чарговы рэгіянальны кірмаш прайшоў у Барысаве на пляцоўцы на вуліцы Стаханаўскай, што прылягае да гарадскога Палаца культуры. Цэны на прадукцыю былі даволі прымальныя, але некаторыя пакупнікі ўсё ж такі імкнуліся іх збіць. Кірмаш — гэта своеасаблівы дыялог, дзе можна дамовіцца аб цане. Дзесьці прадаўцы былі згаворлівыя. І пры пакупцы чалавекам некалькіх мяхоў бульбы, напрыклад, крыху саступалі ў цане. Некаторыя прадпрыемствы сапраўды знізілі цэны і надбаўкі на свой тавар. Гэта і зразумела — большы аб'ём пакупак, большы — тавараабарот.

— Я жыву ў шматкватэрным доме, сваю дачу прадала, бо не хапае сіл апрацоўваць зямлю, — кажа пенсіянерка з Барысаўскага раёна Ганна Мікалаеўна. — Таму вось з сынам прыехалі на кірмаш запасціся самым неабходным. Пару мяхоў бульбы не пашкодзіць, нялішнімі будуць капуста, буракі, морква. Тым больш што цэны цалкам задавальняюць, на рынку і ў крамах усё даражэйшае.

— На восеньскіх кірмашах купляю агародніну не першы год, — уступае ў размову маладая жанчына. — Мы прыехалі з мужам з суседняга Смалявіцкага раёна. — Свайго зямельнага ўчастка не маем, няма і сваякоў у вёсцы, бацькі жывуць у Брэсцкай вобласці. Купім бульбы, морквы, буракоў і яблыкаў для дзяцей.

Кірмаш — гэта не толькі нагода назапасіць на зіму «вітамінаў», але і магчымасць выбрацца ў людзі ўсёй сям'ёй, паласавацца кандытарскімі вырабамі, марожаным, шашлыкамі, павесяліцца, паслухаць песні ў выкананні самадзейных выканаўцаў. І, вядома, набыць сувеніры, вырабы рамеснікаў.


Мінск: Колькі каштуе «другі хлеб» у сталіцы

Пара сельскагаспадарчых кірмашоў у Мінску пачалася 22 верасня, а завершыцца сезон восеньскіх нарыхтовак 4 лістапада. Усяго ў горадзе плануецца правесці 150 такіх буйных мерапрыемстваў. А ў самым буйным раёне сталіцы — Фрунзенскім — кожную суботу арганізуецца выязны гандаль агароднінай і садавіной перад Лядовым палацам, што каля метро «Пушкінская». Туды накіраваўся па пакупкі і рэпарцёр «Звязды».

Першае, што бачыш каля Лядовага, гэта велізарную чаргу (чалавек 30—40) па жывую рыбу. Традыцыйна, як гарачыя піражкі, разбіралі карпа. Вялікія, элітныя прадаваліся за 4 рублі 30 капеек за кілаграм, а сярэднія наогул — за 3 рублі 69 капеек. Былі ў продажы і шчупак (4 рублі 39 капеек), і карась (2 рублі 66 капеек). Праўда, павышаны попыт да рыбы ствараўся не толькі дзякуючы нізкім цэнам. Рыбгас з Ганцавіч не меў канкурэнтаў. Прычым гандлявала адна машына.

А па бульбу і яблыкі чэргаў не было. Можа таму, што выбар і цэны — на любы густ і кашалёк. Напрыклад, бульба каштавала 30—40 капеек за кіло, а трошкі драбнейшая — за 20 капеек. Яблыкі прадаваліся ад 70 капеек да рубля, але былі варыянты. Напрыклад, вялікія зялёныя яблыкі, якія яшчэ паляжаць, прапаноўвалі за 30 капеек. Шмат на кірмашы было і груш, якія ў залежнасці ад сорту і выгляду каштавалі ад 50 капеек да 2 рублёў.

Адразу выстраіліся чэргі па тое, на што ўжо не сезон, але прапаноўвалася па прывабных цэнах. Напрыклад, па свежыя памідоры і агуркі. Фермерскія памідоры нават на смак «ашаламляльна» адрозніваюцца ад цяплічных. Таму і бяруць іх лепш. Сярэднія цэны на іх — ад 1,5 рубля да 3 рублёў. У каго ўраджай большы, той прадаваў памідоры па рублі. Агуркі былі не ва ўсіх, таму цэны на іх былі рынкавыя — 2—2,5 рубля за кілаграм.

Цыбулю можна было набыць коштам ад 70 капеек да 1 рубля за кілаграм, капусту — за 35—60 капеек, буракі — за 50—70 капеек, моркву — за 40—80 капеек.

Пачаўся ўжо сезон журавін. Ягад хапае па 5—5,5 рубля за кілаграм. Таксама шмат на кірмашы грэцкіх арэхаў. Да нас яны «прыехалі» ад фермераў, якія жывуць на паўднёвым захадзе краіны.

У «меню» кірмашу былі і мясныя паўфабрыкаты, каўбасныя вырабы з мінімальнай гандлёвай нацэнкай. Мабыць, другая па велічыні чарга была па яйкі. Дзясятак яек д-0 прадаваўся ўсяго за 1 рубель 60 капеек. У гэты дзень, мабыць, ніхто не пайшоў без пакупак.

Матэрыялы падрыхтавалі: Вольга Ануфрыева, Маргарыта УШКЕВІЧ, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Святлана ЯСКЕВІЧ,  Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Асаблівасці нарыхтовак: у краіне распачаўся сезон восеньскіх кірмашоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».