Вы тут

У краіне пачалася масавая вакцынацыя


Сёлета супраць віруса грыпу плануецца прышчапіць каля 3,7 мільёна беларусаў. Кампанія вакцынацыі ў нашай краіне пачалася з кастрычніка.


Каму і дзе варта прышчапляцца?

Атрымаць бясплатную прышчэпку супраць грыпу могуць усе ахвотныя ў паліклініцы па месцы жыхарства. Абавязкова гэта зрабіць медыкі рэкамендуюць так званым групам рызыкі.

— Пад'ём захваральнасці вострымі рэспіраторнымі захворваннямі, у тым ліку і грыпам, у нас пачынаецца звычайна на 40-м тыдні бягучага года і заканчваецца на 20-м тыдні наступнага года — гэта пачатак мая. Таму з 1 кастрычніка мы пачынаем масавую кампанію вакцынацыі супраць грыпу, — расказала намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна КАРАБАН. — Кампанія будзе праводзіцца ў тых жа межах, што і летась — прышчапіць плануецца 40,5 % насельніцтва. Да груп высокай рызыкі адносяцца дзеці ад 6 месяцаў, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, пажылыя людзі ад 65 гадоў, асобы з імунасупрэсіяй (прыгнечаннем імунітэту з тых ці іншых прычын), цяжарныя жанчыны, а таксама групы высокай рызыкі заражэння грыпам — дзеці ад 3 да 6 гадоў, школьнікі, медыцынскія работнікі, асобы з устаноў з кругласутачным знаходжаннем, работнікі сферы бытавога абслугоўвання і ўстаноў адукацыі, гандлю, грамадскага харчавання, транспарту, тыя, хто знаходзіцца ў кантакце з асобамі з імунасупрэсіяй і з дзецьмі да 6 месяцаў.

Бясплатная прышчэпка робіцца з выкарыстаннем трохвалентнай расійскай вакцыны «Грыпол Плюс», якая ўжо закуплена ў дастатковай колькасці. Пры жаданні на платнай аснове робяцца прышчэпкі трохвалентнымі вакцынамі «Ваксігрып» (Францыя), «Інфлювак» (Нідэрланды) і чатырохвалентнай «Ваксігрып Тэтра». Трохвалентныя вакцыны каштуюць 15—20 рублёў, чатырохвалентная — 25. Высокаспецыфічны імунітэт фарміруецца праз 7—14 дзён пасля прышчэпкі і захоўваецца на працягу 6—12 месяцаў.

Трохвалентная або чатырохвалентая?

Як расказала кіраўнік нацыянальнага цэнтра па грыпе РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Наталля ГРЫБКОВА, мінулагодні сезон грыпу ў нашай краіне працякаў гэтак жа, як і ў іншых краінах еўрапейскага рэгіёна. У першай яго палове пераважаў вірус А (H1N1), у другой палове сезона дамінавалі вірусы групы В.

— Мы ўсе прызвычаіліся апасацца вірусаў тыпу А, у той жа час вірусы групы В вельмі небяспечныя для дзяцей і пажылых людзей, — адзначыла Наталля Грыбкова. — У мінулым сезоне вялікая частка ўскладненняў была абумоўлена менавіта вірусамі групы В. Яны падзяляюцца на дзве лініі — Vіctorіa і Yamagata. І калі раней цыркулявалі вірусы адной з гэтых ліній, то з 2003 года мы назіраем іх адначасовае распаўсюджанне. Летась у 90 % выпадкаў мы выяўлялі вірусы лініі Yamagata. Але ў канцы сезона з'явіўся зменены дрэйфавы варыянт Vіctorіa, супраць якога ў чалавека пакуль няма імунітэту. Таму прышчапляцца мэтазгодна кожны год, і пажадана, каб вакцына была чатырохвалентная. У варыянт сёлетняй чатырохвалентай вакцыны ўнесены штамы гэтага новага дрэйфавага віруса.

Чаму варта прышчапляцца пажылым людзям і дзецям?

— Грып — тое захворванне, ад якога не атрымаецца адмахнуцца. Ён выклікае не толькі захворванні верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў, але і шматлікія ўскладненні, якія асабліва небяспечныя ў сталым узросце, — падкрэсліў галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар КАРПАЎ. — Найперш гэта абвастрэнні ішэмічнай хваробы сэрца, бранхіяльнай астмы, хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх, дэкампенсацыя цукровага дыябету. Жыць з гэтымі хваробамі і без таго няпроста, а калі такі пацыент захварэў на грып, давядзецца прымаць сур'ёзныя меры. Акрамя таго, у сталых людзей, якія перанеслі грып, з-за перыяду вымушанага пасцельнага рэжыму значна зніжаюцца іх фізічныя магчымасці.

У дзяцей таксама грып часта не праходзіць бясследна і павышаецца рызыка ўскладненняў. Як расказаў дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай ГАЛАБАРОДЗЬКА, у дзіцяці, якое перанесла грып, нашмат павышаецца рызыка захварэць на пнеўмакокавую пнеўманію і атыт.

— Той надрыўны кашаль, які здараецца падчас грыпу, сведчыць, што ў трахеі цалкам знішчана эпітэліяльная высцілка. Нашы дыхальныя шляхі перастаюць выконваць функцыю бар'ера і адкрыты для розных інфекцый, — расказаў Мікалай Галабародзька.

Чым лячыць?

Як адзначыў Ігар Карпаў, у Беларусі ёсць два сродкі, якія прызначаюцца пры лячэнні ад грыпу. Гэта асельтамівір і занамівір. Ёсць і айчынны іх аналаг — флюстоп. Да такой тэрапіі абавязкова варта дадаваць частае піццё, пры высокай тэмпературы — гарачкапаніжальныя сродкі.

— Самае частае пытанне, якое задаюць пра грып, — «Што рабіць, каб не прышчапляцца і не захварэць?». Няма такіх сродкаў! Народныя метады накшталт часнаку, а таксама імунамадулюючая тэрапія не з'яўляюцца супрацьгрыпознымі. Таму вакцынацыя — пакуль самы надзейны сродак.

Як змагаюцца з ім за мяжой?

У некаторых краінах прышчэпку ад грыпу можна набыць пасля прыбыцця ў аэрапорт. У ЗША яна прадаецца ў некаторых магазінах і каштуе каля 20 долараў. Вакцынацыя там лічыцца эфектыўным і бяспечным сродкам.

Больш шырока праводзіць яе ў Беларусі было вырашана пасля пандэміі грыпу 2009—2010 гадоў. І апошнім часам яна ахоплівае 40 % насельніцтва. Летась гэта дазволіла, паводле інфармацыі Іны Карабан, папярэдзіць 135 тысяч выпадкаў грыпу, у тым ліку больш за 16 тысяч ускладненых формаў. Такой колькасці прышчэпленых дастаткова, каб сфарміраваць калектыўны імунітэт па грыпу.

— Грып не з'яўляецца настолькі заразнай інфекцыяй, як адзёр ці дыфтэрыя, — тлумачыць Мікалай Галабародзька. — Калі адзін хворы на адзёр заражае 15—20 кантактных асоб, то хворы на грып — 1—3 чалавек. Таму, калі для фарміравання калектыўнага імунітэту супраць адру неабходна 95 % прышчэпленага насельніцтва, дыфтэрыі — 85 %, то па грыпе гэта лічба складае 30—70 %. Мы пакуль спыніліся на лічбе ў 40 %, і гэта дае свой эфект.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі чакаць грып?

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.