Вы тут

Чаму я аперыравалася ў Мінску


12 верасня ў «Звяздзе» быў надрукаваны артыкул «Ахвяруйце, людзі добрыя, на лячэнне дзіцяці», у якім гаворка ішла пра людзей з працягнутай рукой, што збіраюць, альбо кажуць, што збіраюць грошы на лячэнне ці аперацыю за мяжой. Адна з нашых чытачак, Алена Ерашэўская, у адказ на гэтую публікацыю даслала нам электронны ліст, у якім падзялілася гісторыяй свайго лячэння.


«Калі людзі збіраюць грошы на аперацыю за мяжой... Разумею, што калі гаворка заходзіць пра здароўе, а тым больш пра жыццё, мы гатовыя аддаць апошняе, каб нам, альбо нашаму дзіцяці ці блізкаму чалавеку дапамаглі. Вядома, выпадкі бываюць розныя, і раз на раз не прыходзіцца, але часам мы спадзяёмся на замежжа, у той час як і ў нас праводзяцца тыя ж самыя аперацыі. Таму заўсёды трэба вельмі добра ўсё ўзважыць, прымаючы рашэнне.

Ведаеце, наша медыцына — не самая дрэнная ў свеце. У мяне была сітуацыя, калі мне патрэбна была складаная і тэрміновая аперацыя. І я баялася рабіць яе тут, у Беларусі, і хацела аперыравацца за мяжой. Я напісала ліст у Міністэрства аховы здароўя і мне адтуль прыслалі адказ, прычым вельмі дэталёвы. У ім былі пералічаныя сусветныя клінікі, якія робяць такія аперацыі, і напісана, што ў нас яны таксама праводзяцца, і што наш пратакол вядзення аперацыі не адрозніваецца ад прызнаных у свеце.

Але я ўсё ж вырашыла паспрабаваць шчасця за мяжой і паехала ў Маскву (гэта была самая даступная клініка для мяне). Там на кансультацыі мне агучылі кошт аперацыі — гэта была цана маёй кватэры. Мне стала не па сабе, і я сказала, што падумаю. Выйшла на калідор, дзе мяне чакаў муж... Ён сказаў, што калі я прыму такое рашэнне, то ён згодны на продаж кватэры.

Пагадзілася на аперацыю. Мне сталі падрабязна расказваць пратакол лячэння і ў тым ліку сказалі, што выпішуць на пяты дзень. Аперацыя, паўтаруся, складаная і вельмі траўматычная, і я ўжо тады засумнявалася, як гэта я на пяты дзень змагу даехаць дадому, у Мінск, хоць доктар і запэўніваў мяне, што гэта магчыма.

...У рэшце рэшт атрымалася так, што аперыравалася я ўсё ж такі ў Мінску, і пасля аперацыі ў мяне паўгода быў пасцельны рэжым. З жахам думала: як бы гэта я ехала дадому з Масквы на пяты дзень? Таму што пасля той аперацыі пры кожным глыбокім удыху ці чханні мае разрэзаныя рэбры заскоквалі адно за другое, і гэта было вельмі балюча...

І я зразумела, што гэтым замежным дактарам абсалютна ўсё роўна, як вы сябе будзеце адчуваць пасля. Так, яны зробяць сваю работу, і калі вы належныя дзве гадзіны пасля аперацыі пражылі — значыць, аперацыя прайшла ўдала. А як вы далей будзеце праходзіць рэабілітацыю ў сябе дома, доктара ўжо не хвалюе... Ён дасць вам эпікрыз, і далей вы ўсё роўна будзеце лячыцца дома. Але нашы дактары пры гэтым не будуць ведаць ні пратакола, па якім вам рабілі аперацыю, ні таго, якія лекі пры гэтым выкарыстоўваліся. І гэта можа не самым лепшым чынам адбіцца на далейшым ходзе лячэння...»

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».