Вы тут

Ад якіх хвароб можна пазбавіцца з дапамогай любімага занятку?


Апошнім часам хобі-тэрапія становіцца ўсё больш распаўсюджаным спосабам лячэння многіх немачаў. Падчас заняткаў любімай справай мы на пэўны час абстрагуемся ад паўсядзённай мітусні, праяўляем сваю індывідуальнасць і творчыя задаткі, што зніжае нервовае напружанне, здымае стрэс і паляпшае наш настрой. І гэта далёка не ўсе станоўчыя эфекты хобі.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— Калі казаць пра карыснае для здароўя баўленне вольнага часу, то гэта, канешне, не прагляд тэлевізара ці чытанне апошніх літаратурных бестселераў, — кажа ўрач-псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Іна ЦЕЛЕШ. — Такога роду заняткі хутчэй наадварот выклікаюць пачуццё непаўнацэннасці, трывогі, унутранай спустошанасці і могуць паглыбіць дэпрэсію. Станоўчы ўплыў на стан здароўя аказваюць творчыя хобі, напрыклад рознага роду рукадзеллі.

У чым карысць?

Чаму творчыя заняткі так жыватворна дзейнічаюць на нашу псіхіку?

— Справа ў тым, што ў паўсядзённым жыцці нас часта адольваюць непрыемныя думкі і трывогі. Калі ж мы ўкладваем усю сваю псіхічную энергію ва ўзаемадзеянне — з чалавекам, палатном, музычным інструментам, — мы быццам бы становімся часткай сістэмы, большай за нашу індывідуальнасць. І трывога змяншаецца, — тлумачыць Іна Целеш.

Яна прыводзіць прыклад, як вядомы расійскі псіхіятр, прафесар Марк Бурно лячыў цяжка хворых на шызафрэнію метадам творчага самавыражэння. У выніку яго пацыенты пачыналі адчуваць жыццё, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, імкнуцца расказаць пра сябе праз творчасць.

— Дык вось, калі мастацтва выратоўвае людзей нават у такіх экстрэмальных выпадках, то можна ўявіць, як яно здольнае ўздзейнічаць на звычайнага чалавека ў паўсядзённым жыцці, — дзеліцца псіхатэрапеўт. — Даўно даказана, што рукадзелле здымае стрэс і дапамагае скінуць псіхалагічнае напружанне, садзейнічаючы такім чынам аднаўленню нервовай сістэмы. Заняткі, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўвагі і ўключаюць дробную маторыку, прымушаюць працаваць нервовыя клеткі ў галаўным мозгу і папярэджваюць развіццё старэчай слабасці розуму (хваробы Альцгеймера).

Акрамя гэтага, падчас заняткаў асобнымі відамі рукадзелля стымулююцца акупунктурныя кропкі, якія непасрэдна ўплываюць на стан здароўя. Так, напрыклад, вязанне на прутках дапамагае перажыць цяжкія нервовыя ўзрушэнні і папярэджвае развіццё дэпрэсіі, паляпшае стан пры захворванні нырак і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Вязанне шыдэлкам карыснае для сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм, стымулюе працу печані і нырак. Сталым жанчынам вязанне шыдэлкам дапамагае змагацца з атэрасклерозам. Вышыванне пазбаўляе ад галаўных боляў, здымае нервовае напружанне, жыватворна ўплывае на работу лімфатычных і крывяносных сасудаў. Бісерапляценне дапамагае пазбавіцца ад бяссонніцы, нармалізуе абмен рэчываў і садзейнічае паляпшэнню канцэнтрацыі ўвагі, станоўча ўплывае на дыхальную і нервовую сістэмы. Шыццё карыснае пры артэрыяльнай гіпертэнзіі, хваробах сэрца, парушэннях сну і галаўных болях.

Любы від рукадзелля карысны для здароўя, але асноўнае значэнне мае той факт, што ад заняткаў любімай справай чалавек атрымлівае безліч станоўчых эмоцый, якія падаўжаюць маладосць, паляпшаюць настрой і здароўе.

Як знайсці сваё хобі?

Выбіраць варта з таго, што вам даспадобы, што дастаўляе радасць і задавальненне. Разнастайных заняткаў сёння шмат, і калі традыцыйныя вязаныя шалікі, сурвэткі і пацеркі вас не натхняюць, то можна знайсці і больш сучасныя і менш растыражаваныя заняткі. Вось некалькі прыкладаў цікавых хобі.

Квілінг, ці паперакручэнне — мастацтва стварэння плоскіх і аб'ёмных кампазіцый з дапамогай скручаных у спіралькі вузкіх і доўгіх палосак каляровай паперы. Прыдаючы розную форму спіралькам, вырабляюць асноўныя элементы квілінгу, з якіх ствараюць кампазіцыі. У гэтай тэхніцы выконваюць карціны, паштоўкі, альбомы, рамкі для фотаздымкаў, розныя ўпрыгожанні для інтэр'ера.

Фелтынг, ці валенне з шэрсці — стварэнне ўпрыгожанняў, сумак, дэкарыраванне адзення, шалікаў, галаўных убораў з дапамогай спецыяльнай шэрсці і інструментаў.

Дэкупаж — асаблівая тэхніка дэкарыравання, якая дазваляе ўпрыгожыць любую паверхню: кераміку, дрэва, пластмасу, паперу, шкло. Сутнасць гэтага спосабу — у скрупулёзным выразанні і наклейванні элементаў з папяровых сурвэтак, паколькі багацце розных малюнкаў можа задаволіць любыя запыты. Каб надаць аб'ём, элементы абводзяць спецыяльнымі контурамі, пакрываюць лакамі і інш.

Пэчворк — сшыванне розных па колеры і фактуры кавалачкаў тканіны. Усім вядомая коўдра з абрэзкаў — папярэднік гэтага метаду. Майстэрства сучасных рукадзельніц прыраўноўваецца да твораў мастацтва.

Карвінг — мастацтва фігурнай нарэзкі гародніны і садавіны. З гарбуза, морквы, капусты, кавуна выразаюць кветкі неверагоднай прыгажосці. Апошнім часам стала модна дарыць «букеты» і фруктовыя кошыкі, вырабленыя ў такой тэхніцы.

Асвоіць гэтыя цікавыя заняткі сёння не складана: ёсць мноства кніг, а ў інтэрнэце можна знайсці бясплатныя курсы і майстар-класы. Галоўнае — жаданне і натхненне!

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Хобі, якое выратоўвае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».