Вы тут

Ініцыятыўныя і крэатыўныя, адгукніцеся!


«Чырвонка. Чырвоная змена» шукае будучых «зорак» журналістыкі.

З гэтай нагоды мы зноў на пачатку чарговага навучальнага года абвяшчаем аб старце конкурсу сярод юных і маладых пазаштатных аўтараў сезона 2018/2019. Нагадваем, што ён выступае ў якасці своеасаблівай пляцоўкі для самавыяўлення: дае творцам магчымасць расказаць пра сваю пазіцыю, пра стаўленне равеснікаў да тых ці іншых праблем грамадства, у тым ліку найперш — да сферы маладзёжнай палітыкі, расказаць пра іх асабісты ўклад у тую ці іншую справу. Таму не саромейцеся: мы чакаем допісаў ад смелых, ініцыятыўных і крэатыўных удзельнікаў, якія, як той казаў, па слова ў кішэню не лезуць! Адчуваеце ў сабе схільнасці да журналістыкі, хочаце паспрабаваць у ёй свае сілы, набрацца пэўнага вопыту? Гэта ваш шанц выйсці за рамкі школьных сачыненняў і нататак у насценныя газеты і вынесці сваю творчасць на суд чытачоў рэспубліканскага выдання! Ці вы ўжо вызначыліся, што абавязкова будзеце паступаць на журфак? Тады вам таксама да нас! Пры актыўным удзеле і належным старанні патрэбнае «партфоліа» з надрукаваных «проб пяра» вам будзе забяспечана, не сумнявайцеся.


Пе­ра­мож­цы апош­ня­га кон­кур­су (зле­ва на­пра­ва):  Па­лі­на Пракапеня, На­дзея Бобрык, Анас­та­сія Ярахновіч.

Назва конкурсу — «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» — застаецца нязменнай на працягу апошніх гадоў, паколькі яна, на наш погляд, найлепшым чынам адлюстроўвае пазіцыю па-сапраўднаму актыўных сучасных юнакоў і дзяўчат, творчых асоб, лідараў, здольных павесці за сабой іншых.

Па-ранейшаму без змяненняў застаюцца і ўмовы правядзення творчага конкурсу. Уважліва азнаёмцеся з імі, каб мець дакладнае ўяўленне, якімі павінны быць дасланыя работы. Паверце, гэта важна, бо дазволіць вам не змарнаваць дарэмна час і высілкі. На жаль, з-за ігнаравання ўмоў конкурсу штогод пэўная колькасць «проб пяра» не прымаецца да ўдзелу ў нашым адмысловым творчым спаборніцтве...

Зноў жа нагадаем, што конкурс разлічаны найперш на беларускамоўную моладзь, якая збіраецца паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы, каб у далейшым, магчыма, звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. Зрэшты, не трэба думаць, што свае работы не могуць дасылаць тыя, для каго напісанне творчых матэрыялаў — толькі цікавае хобі. Зусім не. Паверце, валоданне друкаваным словам можа спатрэбіцца ў любой сферы жыцця, і мы будзем рады даць вам магчымасць атрымаць пэўны досвед у гэтым.

Заўсёдная просьба: не пішыце матэрыялы агульнымі словамі, не разважайце пра ўсім вядомае і, самае галоўнае, не кампілюйце інфармацыю з інтэрнэту. Лепш за ўсё, калі за кожным матэрыялам будзе стаяць рэальны цікавы герой, ваш равеснік або крыху старэйшы юнак ці дзяўчына. Ваша задача — займальна расказаць, чым жа ён такі адметны, раз паслужыў прычынай цікаўнасці для вас і, адпаведна, для іншых чытачоў.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто налета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўкі матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» можа працягваць друкаваць і надалей. Вынікі плануецца падвесці ДА ПАЧАТКУ ЎСТУПНАЙ КАМПАНІІ.

Матэрыялы на конкурс можна дасылаць на электронны адрас kоnkursсhz@mаіl.ru або на паштовы (рэдакцыя газеты «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск) з абавязковай паметкай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!».

Абавязковыя ўмовы, якім павінны адпавядаць конкурсныя работы:

1. «Проба пяра» павінна быць ТОЛЬКІ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ.

2. Тэксты дасылаюцца ў фармаце RTF (калі па пошце, дык у раздрукаваным выглядзе, а фотаздымкі — на дыску).

3. Кожная ілюстрацыя ці фотаздымак да тэксту дасылаецца АСОБНЫМ прымацаваным файлам.

4. Аб'ём конкурсных работ — не больш за 8 тысяч знакаў (з прабеламі).

5. Колькасць «проб пяра» ад аднаго аўтара не абмежаваная, аднак пры вялікай колькасці конкурсных работ кожнаму ўдзельніку (пры ўмове належнай якасці матэрыялаў і адпаведнасці ўмовам конкурсу) даецца па адным шанцы. Астатнія яго матэрыялы будуць надрукаваны (зноў жа пры ўмове належнай іх якасці) як звычайныя журналісцкія — па-за конкурсам.

6. Узрост удзельнікаў таксама не абмежаваны, але найперш конкурс разлічаны на навучэнцаў старшых класаў.

7. Жанр «проб пяра» — любы, але гэта павінна быць толькі проза (нататка, рэпартаж, эсэ, замалёўка, інтэрв'ю).

8. Пажадана, каб матэрыял быў напісаны спецыяльна для конкурсу. Вялікая просьба не дасылаць школьных сачыненняў, рэфератаў (і па форме, і па змесце), асабліва падрыхтаваных пэўны час таму. У пачатку тэксту павінен быць загаловак (назва конкурсу не з'яўляецца такім), напрыканцы — імя і прозвішча аўтара.

9. Аўтар абавязаны пазначыць свае пашпартныя звесткі (нумар і серыя, ідэнтыфікацыйны нумар, кім і калі быў выдадзены дакумент, імя, імя па бацьку, прозвішча) і дамашні паштовы адрас (індэкс, населены пункт, вуліца, дом). Гэтыя звесткі будуць патрэбны для бухгалтэрыі ў выпадку, калі «проба пяра» будзе надрукавана ў газеце. ТОЛЬКІ яны падаюцца аўтарам на БЕЛАРУСКАЙ і РУСКАЙ мовах. У выпадку калі ў маладога ці юнага аўтара яшчэ няма пашпарта, вышэйназваныя звесткі падаюцца на аднаго з бацькоў, настаўніцу, кіраўніка гуртка (звесткі з пасведчання аб нараджэнні для бухгалтэрыі не падыходзяць).

10. Апроч таго, аўтар паведамляе СВОЙ нумар мабільнага або дамашняга тэлефона, каб рэдакцыя ў выпадку неабходнасці магла аператыўна з ім звязацца.

11. Павінна быць пазначана поўная колькасць гадоў аўтара на момант адсылання конкурснай работы, нумар школы і класа.

12. Аўтар павінен паведаміць крыху дадатковай інфармацыі пра сябе (10—15 радкоў) у адвольнай форме. Напрыклад, якія і ў чым мае дасягненні (вучоба, спорт, мастацтва і г. д.), чым захапляецца ў вольны час, кім марыць стаць у будучыні і інш.

13. Калі дасланыя матэрыялы не падыходзяць да друку, яны не рэцэнзуюцца.

14. Пра канчатковую дату падвядзення вынікаў творчага конкурсу рэдакцыя паведаміць дадаткова. Адсочваць публікацыю «проб пяра» павінны самі юныя і маладыя аўтары або іх куратары (бацькі, настаўнікі, кіраўнікі гурткоў).

* * *

А напрыканцы наша заўсёдна-нязменнае: «вастрыце пёры», аўтары! Чакаем вашых «проб пяра», маладыя і няўрымслівыя, і зычым усім творчых поспехаў!

Куратары праекта Надзея НІКАЛАЕВА і Сяргей РАСОЛЬКА

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».