Вы тут

На чым можна зарабіць у сезон нарыхтовак?


Сёлета ў Мінскай вобласці надзвычай урадзілі яблыкі. Галіны дрэў літаральна гнуцца пад цяжарам гэтых сакавітых пладоў. Што рабіць з небывалым ураджаем, кожны з гаспадароў рашае сам. Хтосьці цісне сок, варыць варэнне, ставіць кампоты на зіму, забяспечвае гарадскіх сваякоў, корміць хатнюю жывёлу. Нехта здае лішкі ў нарыхтоўчыя арганізацыі Мінскага абласнога спажывецкага саюза. Як кажуць, капейка рубель беражэ.


Але не ўсіх уладальнікаў асабістых дапаможных гаспадарак задавальняюць цэны. Здатчык хоча рэалізаваць сваю прадукцыю даражэй, а нарыхтоўшчык набыць яе танней. За здадзеную сельгаспрадукцыю насельніцтву і фермерам спажывецкая кааперацыя вобласці ўжо выплаціла каля 42 мільёнаў рублёў. Зразумела, высокая цана на зыходную сыравіну ўплывае на кошт гатовых прадуктаў. Тым больш што спажыўкааперацыя сама купляе і сама ж перапрацоўвае сельгаспрадукцыю. А гэта цягне за сабой дадатковыя выдаткі. Як сцвярджаюць спецыялісты, напрыклад, невялікая цана на яблыкі таксама абумоўлена аб'ектыўнымі прычынамі: для атрымання літра яблычнага соку неабходна перапрацаваць дзесяць кілаграмаў пладоў. Таму і атрымліваецца, што прадукцыя ў крамах часам даражэй за імпартную.

Тым не менш па стане на 1 кастрычніка жыхары цэнтральнага рэгіёна і фермеры здалі ў нарыхтоўчыя пункты 10 424 тоны яблыкаў, тэмп росту да мінулагодняга аналагічнага перыяду 173,5 %. Прыём яблыкаў працягваецца, канчатковы вынік залежыць ад актыўнасці насельніцтва. Апад прымаюць па пяць капеек за кілаграм, а за якасную таварную прадукцыю можна атрымаць рубель і нават больш.

Нарыхтоўчыя арганізацыі спажывецкай кааперацыі Міншчыны адгружаюць яблыкі на кансервавыя заводы для вытворчасці джэмаў, павідла, сокаў, кампотаў, віна ды іншага.

Мінскі аблспажыўсаюз прымае практычна ўсе віды прадукцыі, што вырошчваецца ў садах і агародах. І з кожным годам аб'ёмы нарыхтовак павялічваюцца. На 1 кастрычніка нарыхтавана 1169,6 тоны капусты (тэмп росту 119,1 % да мінулагодняга перыяду), морквы — 326,8 тоны (тэмп росту 129,2 %), часнаку — 9,8 тоны (тэмп росту 101,9 %). Нашмат больш, чым летась, сёлета назапашана рабіны чарнаплоднай, чорных і чырвоных парэчак, садовых суніц. А чарніц — 542,6 тоны, што ў дванаццаць разоў перавысіла леташнія паказчыкі.

У аблспажыўсаюзе ёсць 43 камеры для замарожвання дзікарослых ягад, адначасовай ёмістасцю каля 800 тон. Яны аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое дазваляе падтрымліваць аптымальную тэмпературу і вільготнасць, стварае належныя ўмовы для захавання прадукцыі ў міжсезонны перыяд.

Масавая нарыхтоўка дароў прыроды наладжана праз гандлёвыя аб'екты, прыёмныя нарыхтоўчыя пункты, у тым ліку перасоўныя. Здаць вырашчанае на прысядзібных участках, сабранае ў лесе можна больш як у 800 крамах, 71 нарыхтоўчым пункце, у тым ліку 59 стацыянарных. Зборам займаюцца больш як 120 нарыхтоўшчыкаў. Калі хтосьці не зможа прывезці прадукцыю па адрасе самастойна, то да яго прыедзе нарыхтоўшчык. Ёсць таксама брыгада па аказанні насельніцтву дапамогі па зборы, упакоўцы ў сеткі, мяшкі, скрыні і пагрузцы ў аўтатранспарт яблыкаў. Асабліва даспадобы такая паслуга пажылым людзям ды інвалідам.

Жыхары цэнтральнага рэгіёна рэгулярна інфармуюцца аб відах прадукцыі, якая прымаецца, месцах, дзе яе можна здаць, закупачных цэнах.

Для стварэння стабілізацыйных фондаў у сістэме аблспажыўсаюза ёсць 32 сховішчы для агародніны, садавіны, якія адначасова могуць змясціць 8053 тоны прадукцыі. Паводле рашэння Мінаблвыканкама на міжсезонны перыяд 2018—2019 гадоў будзе закладзена 1300 тон бульбы, 1000 тон капусты, 345 тон морквы, 400 тон буракоў, 540 тон цыбулі, 230 тон яблыкаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Капейка рубель беражэ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».