Вы тут

Як нарыхтоўшчыкі ўтрымліваюць свае пазіцыі


За дзевяць месяцаў Гродзенскім абласным спажывецкім таварыствам выплачана насельніцтву за сельгаспрадукцыю і сыравіну 21 мільён рублёў, што на 8 % больш, чым за такі ж перыяд летась. Але не ўсе пазіцыі вытрымліваюць выпрабаванне часам. Напрыклад, сёлета знізілася закупка яблыкаў. А вось нарыхтоўка ягад — чарніц і клубніц — значна вырасла. Здатчыкі выяўляюць найбольш выгадныя для іх напрамкі.


Танны яблык

Сёлетні год ураджайны на яблыкі. І магчымасць іх здаць таксама ёсць. Да гэтай справы нават падключылі сельскія Саветы, паведамілі ў Гродзенскім аблспажыўтаварыстве. Арганізацыйная работа была праведзена яшчэ на пачатку сезона. Сельскім Саветам была даведзена інфармацыя аб магчымасці закупіць яблыкі і ў вызначаны час іх забраць. З боку сельскіх Саветаў паступілі звесткі аб прыблізнай колькасці здатчыкаў. Гэта дазволіла пазбегнуць стыхійнасці ў нарыхтоўцы.

— Мы, у сваю чаргу, залежым ад патрэб перапрацоўкі, бо ўвесь апад паступае менавіта туды, мы яблыкі не захоўваем, — расказаў начальнік упраўлення нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Андрэй Сцефановіч. — Перад пачаткам сезона мы ўзгадняем аб'ёмы і заключаем пад іх дагаворы. Апад ідзе, як правіла, на вінаробчы камбінат.

І хаця яблыкаў многа, ажыятажнага збыту вакол садавіны не назіралася. Насельніцтва не спяшалася збыць свой апад, які літаральна ўсцілаў падворкі. Чаму? Паўплываў цэнавы фактар. Яблык у гэтым годзе стаў вельмі танным: за кілаграм ападу плацілі пяць капеек. Адпаведна, за мяшок атрымоўваецца паўтара рубля. «Перабіваць» цану таксама няма ахвотных. Акрамя спажыўтаварыства, ніхто яблыкі ў насельніцтва не купляе.

Разам з ападам ідзе нарыхтоўка таварных пладоў, закупачны кошт якіх значна вышэйшы — да 50 капеек за кілаграм. Такія яблыкі нарыхтоўшчыкі гатовы купляць не толькі ў сезон, але і зімой, каб потым рэалізаваць насельніцтву праз рознічны гандаль, на рынках і кірмашах.

Нарыхтоўшчыкі канстатуюць: актыўнасць насельніцтва ў здачы яблыкаў невысокая. Прадпрыемствам сёлета прынята каля 8 тысяч тон. У мінулым годзе было 10 тысяч тон.

Ягадны мікс

Пакуль у грамадстве разважаюць, які лёс чакае вясковыя яблыневыя сады — можа, наогул іх заменяць нейкія іншыя садовыя культуры, — у гэты час на першы план выходзяць ягады. Асабліва шырокае распаўсюджанне апошнім часам атрымалі клубніцы.

Сёлета нарыхтоўшчыкі спажыўтаварыства закупілі ў насельніцтва на 60 тон ягад больш, чым у мінулы сезон. Уся прадукцыя была рэалізавана праз гандлёвую сетку.

Ягаднымі рэкардсменамі сёлета сталі чарніцы. Так выйшла, што і ўраджай на іх быў нядрэнны, і кошт задавальняў. За кілаграм ягад давалі ад чатырох рублёў і вышэй. Па вобласці спажыўтаварыствам закуплена 212 тон лясной ягады. Летась удалося нарыхтаваць толькі 10 тон. Аб'ёмы, можна сказаць, непараўнальныя.

— Па чарніцах на ўнутраным рынку ёсць канкурэнцыя, — заўважыў Андрэй Сцефановіч. — Але мы трымалі цану, таму і нарыхтвалі такія аб'емы. Самыя рэсурсныя раёны — Іўеўскі, Навагрудскі, дзе закупілі па 40 тон ягад. Большасць прададзена за мяжу — у Літву, Расійскую Федэрацыю. Гэта наш экспартны патэнцыял.

Спажыўтаварыства закупляе яшчэ буякі, якія разводзіць сельская гаспадарка Гродзенскага раёна. Ад насельніцтва прымаюць таксама лясныя буякі, брусніцы, чырвоную і чорную рабіну. Зараз вядзецца нарыхтоўка журавін па 3,5 рубля за кілаграм. Ягады ідуць на рэалізацыю праз гандлёвыя аб'екты. Закупленыя ў насельніцтва журавіны рэалізуюцца на рынку, прычым па даволі прымальным кошце ў межах чатырох рублёў.

Закупілі гарбуз — прыгатавалі фрэш

Апошнім часам назіраецца прыкметны інтарэс да гарбузоў. Дыетолагі разам загаварылі пра карысныя ўласцівасці прадукту, а кулінары прапануюць адмысловыя рэцэпты страў і сокаў. Новымі тэндэнцыямі харчавання скарысталіся і кааператары. Гарбузы і кабачкі нарыхтоўваюць не толькі пад рэалізацыю, але і для сваіх сталовых і кафэ, якіх па вобласці больш за сто.

За адзін кілаграм гарбуза плацяць да 40 капеек. Здатчыкаў хапае, таму ў меню заўсёды ёсць стравы з гарбузоў — аладкі, запяканкі, супы-пюрэ і нават фрэшы. Свежавыціснуты сок гатуецца з гарбуза, яблыка і морквы. Дарэчы, стравы з яблыкамі таксама папулярныя і карыстаюцца попытам у наведвальнікаў кафэ. Асабліва печыва, адзначылі ў спажыўтаварыстве.

А вось бульба — ужо не такі хадавы тавар, як раней. Відаць, «другі хлеб» здае пазіцыі. Яшчэ летась нарыхтоўшчыкі адгружалі значныя аб'ёмы ў Расію, зараз там сваёй бульбы хапае і канкурыраваць вельмі цяжка. На ўнутраным рынку таксама нямала прапаноў, а ўстановы імкнуцца працаваць непасрэдна з вытворцамі, да таго ж па ўсёй лінейцы сельгаспрадукцыі вядуцца тэндары. Нарыхтоўка ад насельніцтва працягваецца, але аб'ёмы зніжаюцца.

Акцэнт на «зялёны» тавар

Як вядома, спажыўтаварыствы садзейнічаюць дадатковаму даходу насельніцтва. У сельскіх жыхароў ёсць магчымасць без асаблівых клопатаў на месцы здаць лішкі сваёй прадукцыі. Паступова спрашчаецца і працэдура здачы. Зараз, напрыклад, не патрэбны даведкі з сельскіх Саветаў аб наяўнасці прысядзібных участкаў, а толькі заключэнне аб якасці прадукцыі ад санітарных службаў. Радыелагічны кантроль таварыства праводзіць самастойна.

І ўсё ж галоўным стымулам застаецца цэнавы фактар. Здатчык шукае магчымасць збыць больш выгадны тавар. Начальнік службы нарыхтовак Навагрудскага філіяла Наталля Дунай звярнула ўвагу на рост прапаноў зялёных культур: кропу, пятрушкі, пяра цыбулі. Напрыклад, сёлета філіялам нарыхтавана ажно 800 кілаграм гэтых культур. Асабліва высокі попыт у пяра цыбулі. Некаторыя вяскоўцы пачалі гэтым займацца, каб зарабіць. Яны вырошчваюць зеляніну ў парніках і атрымліваюць ураджай у студзені — лютым, калі кошт за кілаграм дасягае 5-6 рублёў.

Многія вяскоўцы вырошчваюць агародніну лепшых сартоў, якая мае таварны выгляд, што спрыяе і больш высокаму кошту. Дарэчы, грошы за прадукцыю выплачваюцца адразу.

У многіх населеных пунктах ёсць стацыянарныя нарыхтоўчыя канторы, усяго іх па вобласці больш за сто. Кааператары гандлююць на гарадскіх рынках, маюць свае гандлёвыя аб'екты, удзельнічаюць у кірмашах. Апошнім часам назіраецца інтарэс да грыбоў. Лясныя дары закупляюць у насельніцтва, а шампіньёны — у фермераў з суседняй Брэсцкай вобласці. Напрыклад, сёлета закупілі больш за 22 тоны грыбоў. І гродзенцам выгадна, бо ў рэгіёне пакуль няма канкурэнтаў вытворцам шампіньёнаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ягадны рай кааператараў Як нарыхтоўшчыкі ўтрымліваюць свае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».