Вы тут

Гродзеншчына ўцяплілася амаль поўнасцю, Брэстчына пачала


А Гомельшчына пакуль не.

Кансервуюцца фантаны і атракцыёны ў парках, стрыгуцца кусты і дрэвы, ацяпленне ўключана ва ўсіх сацыяльных аб'ектах, установах аховы здароўя і адукацыі рэгіёнаў Беларусі. Так краіна рыхтуецца да зімы. Толькі вось абаграваюць жыллё па-рознаму. Па звестках на ўчарашні дзень амаль поўнасцю дамы ацяплілі жыллёва-камунальныя службы Слуцка, Клецка, Смалявіч, Стоўбцаў і гаспадарка Мінскага раёна. Цяпло ў сталіцы прыйшло ўжо больш як у 70 % кватэр, у Магілёўскай вобласці — у 38 % жылля, у Мінскай — 32 %, Гродзенскай — 70 %, Віцебскай — 22 %, Брэсцкай — 4 %. А вось Гомельская вобласць дагэтуль не прыняла рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезона.


Пашпарты гатоўнасці, дровы і шчэпкі

У цэлым жыллёва-камунальныя аб'екты краіны гатовыя да асенне-зімовага ацяпляльнага сезона, расказалі спецыялісты. Падрыхтоўку камунальнікаў да яго па пэўных параметрах кантралявалі штодзённа і штомесячна. У выніку маніторынгу працы міністэрствам і іншымі ўпаўнаважанымі арганізацыямі выяўляліся негатыўныя факты падрыхтоўкі, аднак цяпер можна канстатаваць, што сёння работы па большасці паказчыкаў выкананы поўнасцю, заявіў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, прэс-сакратар Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Прынамсі, капітальны рамонт катлоў, прафілактычны рамонт абсталявання кацельных і цеплавых сетак, прафілактычны рамонт сістэм ацяплення, прафілактычны агляд цеплапунктаў выкананы на 100 %.

Па некаторых паказчыках камунальнікі перавысілі норму. Напрыклад, на 110 % адрамантавалі стыкі сценавых панэляў і на 102 % — дахі. Паліва да зімы таксама ёсць. Па словах прэс-сакратара міністэрства, поўнасцю назапашаны топачны мазут, падрыхтавана 1447 тысяч м3 дроў і 516 тысяч м3 шчэпак.

258 спажыўцоў цеплаэнергіі, якія абслугоўваюцца ЖКГ, атрымалі пашпарты гатоўнасці. 3501 пашпарт атрымалі і цеплакрыніцы, якія абслугоўваюцца камунальнікамі.

Абарона дрэў і пляцоўкі для снегу

Рыхтуюць да зімы не толькі аб'екты, але і расліны. Мяркуецца ўпарадкаваць каля 7000 гектараў тэрыторыі. Лістоту на вуліцах, бульварах і ў скверах прыбяруць поўнасцю. А ў лесапаркавых зонах падмятаецца адно прастора каля ўвахода, у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і пяціметровыя палосы ўздоўж сцежак. Астатняя лістота застаецца для захавання біяцэнозу.

Як добра пахаладае, мнагалетнія расліны прыкрыюць хваёвымі лапамі. А ў лістападзе ад негатыўнага ўплыву будуць абараняць дрэвы, што растуць уздоўж дарог, расказала Анжаліка ПУЗАНКОВА, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзялёнбуда». Ствалы закрыюць спанбондам, а лункі — ахоўнай плёнкай. Дзе неабходна — паставяць шчыты, каб салявыя рэагенты не траплялі на расліны.

Як расказаў Алег ЛУКАШЭНКА, намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання прадпрыемства «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама», прадпрыемствам на зіму папярэдне неабходна 54,8 тысячы тон супрацьгалалёдных матэрыялаў.

У Гаррамаўтадары падрыхтавалі для гэтага пясочна-салявыя сумесі на аснове галіту і галіту маркі А. Таксама вызначылі дзесяць асноўных і рэзервовых пляцовак для часовага складавання снегу зімой. Пазбаўляцца ад яго будуць і на снегаплавільным пункце.

— 784 адзінкі спецыялізаванай тэхнікі для працы ўзімку будуць гатовыя да работы ўжо 10 кастрычніка, — запэўніў ён. — Для абароны насельніцтва і аператыўнага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я, дзейнічае спецыяльны план «Пурга».

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Каму — горача, каму — не вельмі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».