Вы тут

Вечная адысея душы


Гукапіс, рытмапіс, узаемапранікненне і гульня сэнсаў, глыбіня, таямніца, што мае быць разгаданай, — усё гэта прысутнічае ў медытатыўна-настраёвых вершах-замовах Галіны Сіўчанкі, якая сёлета выдала зборнік вершаў пад назвай «Зоў звычаю» (Мінск, «Медысонт», 2018).


Час найноўшай паэзіі, здавалася б, даўно прывучыў нас да адсутнасці ў вершаваных тэкстах кропак і косак, якія ў кантэксце сучаснасці нібыта страцілі якуюкольвек актуальнасць. І ўжо ўспрымаюцца хутчэй як своеасаблівыя рудыменты, што замінаюць вольнай плыні свядомасці рухацца без абмежаванняў у любых напрамках. На першы погляд, Галіна Сіўчанка ў сваёй творчасці пайшла па шляху найменшага супраціву, наўмысна адмаўляючыся ў большасці сваіх вершаў і ад знакаў прыпынку, і ад вялікіх літар. Выключэнне з апошняга, бадай, складаюць тапонімы, каляндарныя назвы ды некаторыя загалоўкі.

Эпіграфам на пачатку кнігі нас сустракаюць радкі паэта Фелікса Аксёнцава:

Мой дом у вежы на высьпе,

 мяне чакае бясконцы шлях

вады з вытокаў ракі.

Эпіграфы не бываюць выпадковымі, і тут ёсць своеасаблівы «шыфр», які аўтарка прапануе дасведчанаму чытачу. Як вядома, Фелікс Аксёнцаў напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя пісаў тэксты для гурта «ULIS» і быў яго ўдзельнікам (для эпіграфа выкарыстаны фрагмент тэксту песні «Вада з вытокаў ракі» з альбома «Танцы на даху», 1993 г.). Падаецца, што назва гурта таксама была абрана невыпадкова, бо скразная тэма творчасці музыкаў — пошукі страчанай Радзімы, вечная адысея спакутаванай, знявечанай душы ў імкненні да сваёй Ітакі.

Як і гамераўскаму Улісу, чытачу наканавана падарожнічаць ад адной выспы-верша да другой, штораз патрапляючы ў слоўныя пасткі, а, вызваліўшыся, імкнуцца да новых даляглядаў. Дарэчы, першы раздзел зборніка так і называецца: «выспа», і кожны верш з раздзела мае адпаведныя назвы, як то: «выспаведзь», «выспакой», «выспаходня», «выспаслушніца» і г. д. Вобразныя і настраёвыя замалёўкі пакрысе прызвычайваюць нашае ўспрыманне да вершаў такога кшталту, і таму міжволі пачынаеш мысліць катэгорыямі аўтара:

скрасці ў ракі празрыстую жыццяроўнядзь

вецер на недакрылых адчуць руках

утаймавацца тоймамі і ня ўспомніць

назву таго што знішчыла сьмерцястрах

вызнаць на міг як поўнач глядзіць у твар і

як самацвет самоты расце ў грудзях

моўч раздзяліць з адтулінаю міжхмар’я

ціха ўцячы ў адгэтуліну быцця

Напэўна, такой — крыху няўцямнай, дзіўнай, незразумелай на першы погляд — мовай прамаўлялі старажытныя варажбіткі і піфіі, праз свае трызненні прадказваючы прышласць. Бо паэзія сама сабе — гэта зменены стан свядомасці. Кожны паэт ведае, што такое стыхія мовы, калі не ты кіруеш працэсам, а сам моўны Гальфстрым падхоплівае цябе і нясе праз акіян да сэнсавых выспаў. Таму алітэрацыі і неўтаймоўная словатворчасць, якімі прасякнуты зборнік, не выглядаюць надумана і штучна, яны фарміруюць і ўраўнаважваюць арганіку тэксту:

зерне цішы не ператворыцца

 ва ўмалот мы дагэтуль на розных мовах

з Табой маўчым супадзенні не напрарочаць нам

суўзыход выспатканні не абяцаюць нам выспачын

Няма нічога новага пад сонцам, і ў літаратуры — таксама: паэтка не вынайшла ровар, узбагаціўшы лексіку словамі кшталту «веляболь», «промнеспляценне», «гукакроплі», «імглебен» і г. д. Дастаткова прыгадаць класічнае хлебнікаўска-разанаўскае: «Чарот-вечарот на возераберазе / дзе векамань — каменем / каменне — векаманню» або не менш вядомае «крылцуючы золатапісьмом...», каб зразумець, якія традыцыі шануе Галіна Сіўчанка.

Падаецца, што словатворчасць у гэтым выпадку сведчыць пра дуалістычны светапогляд лірычнай гераіні, а кентаўрычнасць некаторых наватвораў каторы раз пераконвае чытача, што язычніцкі антураж зборніка ёсць сродак падкрэсліць сваю прыналежнасць і да політэізму, і да монатэізму адначасова, як бы парадаксальна гэта ні гучала. Як прыклад: «Сьвет наўкольны брыняе Богам», а ў іншым месцы: «...зроенымі зорамі з вышынь / глядзяць тысячавокія багі».

Наступныя раздзелы зборніка — «пярэспа», «звычай», «галасы» працягваюць тэмы бясконцасці, прыроды, нараджэння і смерці.

У раздзеле «звычай», тым не менш, Галіна Сіўчанка зноў збочвае з намацанай каляіны і, не хаваючы таго, наўпрост капіруе творчую манеру, стылістыку і вобразную сістэму Іосіфа Бродскага. Напрыклад, возьмем пачатак верша пад назвай «Канец прыўкраснага часу» (у Бродскага — «Конец прекрасной эпохи», 1969 г.):

Бродскі:

Потому что искусство поэзии требует слов,

я — один из глухих, облысевших, угрюмых послов

второсортной державы, связавшейся с этой,

— не желая насиловать собственный мозг,

сам себе подавая одежду, спускаюсь в киоск

за вечерней газетой.

 

Сіўчанка:

Бо вяртанне ў вечнасць ад нас вымагае слоў

я — адна з тых шукальніц, што плыні ўчынілі злоў

у сабе і цяпер не залежаць ад абалонкі, —

аддаюся пад вежай на высьпе сухому лаўжу,

як на новую свомасць Пачатку, бясьслёзна гляджу

на чужыя старонкі

Дзіўная сітуацыя: гэта нібыта і не пераклад, і не перастварэнне, але далей на працягу ўсяго верша пабудова страфы, рытміка, настраёвасць — усё супадае з вышэйназваным творам нобелеўскага лаўрэата. Амаль аналагічная сітуацыя — і з вершам «Я пачынаю год», які, па сутнасці, з’яўляецца вольным перакладам верша Бродскага «Я начинаю год, и рвет огонь...» (1969 г.). Узнікае законнае пытанне: калі тут мае месца наследаванне, своеасаблівая даніна павагі аўтаркі слыннаму паэту, чаму яна пра гэта ніяк не паведаміла чытачу, тым самым дазваляючы западозрыць сябе ў эпігонстве альбо нават у плагіяце? Спадзяюся, такога кшталту непаразуменні не будуць суправаждаць Галіну Сіўчанку на працягу далейшага творчага шляху.

 Бо перад намі — сапраўды яркая, самабытная паэтка, ставаральніца арыгінальных вобразаў-знаходкак, якая ў сваіх аўтарскіх вершах непадобная ні на кога і тым самым цікавая і запатрабаваная ўдумлівым чытачом.

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».