Вы тут

Фіналісты конкурсу «Уладар сяла» здзівілі Слуцк


Шэсць маладых сем'яў з усіх абласцей краіны сабраў рэспубліканскі конкурс «Уладар сяла» ў мінулую суботу ў Слуцку.


Міншчыну на конкурсе прадстаўлялі Павел і Кацярына Шуцілы з аграгарадка Кухчыцы Клецкага раёна, Брэстчыну — Віталь і Алена Кавальчукі з аграгарадка Жамчужны Баранавіцкага раёна, Магілёўшчыну — Сяргей і Вольга Снігір з аграгарадка Ясень Асіповіцкага раёна, Віцебшчыну — ікалай і Іна Хацкевічы з вёскі Вяжышча Бешанковіцкага раёна, Гомельшчыну — Раман і Анастасія Патапенкі з вёскі Азяршчына Рэчыцкага раёна, Гродзеншчыну — Аляксей і Яна Бура з аграгарадка Ражанка Шчучынскага раёна.

Цырымонія ўрачыстага адкрыцця пачалася з парада, дзе фіналісты праекта прадэманстравалі свае сямейныя рэліквіі — саматканыя ручнікі. Вельмі цёплую атмасферу стварылі народны харэаграфічны ансамбль «Кордэс» Слуцкага гарадскога Дома культуры і папулярны беларускі спявак Валерый Скаражонак.

Пасля гэтага на імправізаваным «Маладзёжным двары» ў скверы ўдзельнікі конкурсу разгарнулі свае выстаўкі. Чаго тут толькі не было: прадметы сямейнага быту і творчасці, сурвэткі, пакрывалы, абрусы, сувеніры, нарыхтоўкі на зіму. Тут жа маладыя сем'і ў нацыянальных строях зладзілі цэлае тэатралізаванае прадстаўленне. Прысутныя і члены журы змаглі даведацца аб іх захапленнях, традыцыях, пакаштаваць беларускія стравы, прыгатаваныя імі. А частавалі гараджан і гасцей простай сялянскай, але даволі сытнай ежай: высмажанымі да залацістага колеру скваркамі, хатнім салам ды каўбасамі, пірагамі, дранікамі, квашанымі, салёнымі і марынаванымі нарыхтоўкамі, разнастайнай выпечкай, аладкамі. Адзін перад адным ветлівыя гаспадары запрашалі гасцей пачаставацца прысмакамі. І ад ахвотных не было адбою.

— Ніхто не ўмее так зладзіць пір, як вяскоўцы. Хочаце смачна паесці — калі ласка, да нас! — заклікалі на свой падворак Кацярына і Павел Шуцілы.

А Сяргей і Вольга Снігір частавалі ўсіх ахвотных свойскім сырам з малака ад Белкі. Яна, можна сказаць, карова № 1 у Беларусі. Яе шматдзетнай сям'і падараваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Нездарма па пачастункі выстраілася чарга. Дзе яшчэ давядзецца пакаштаваць прадукт ад такой знакамітасці? У сям'і гадуецца пяцёра дзяцей, карова была вельмі патрэбна. Цяпер малыя ўволю могуць ласавацца свежым малаком, смятанай, тварагом, сырам, маслам. А нядаўна карміліца прывяла прыплод — цялушку Стрэлку. Сяргея і Вольгу на конкурсе падтрымлівалі іх сыны і дачушка: Іван, Кірыл, Сяргей і двойня — Максім і Паліна.

Асаблівым выпрабаваннем для канкурсантаў стала прыгатаванне дранікаў у палявых умовах на драўлянай калодзе. Гэтую «печку» на пачатку працэсу трэба было распаліць. А падчас прыгатавання бульбяных бліноў важна было правільна размеркаваць абавязкі: пачысціць і падраць бульбу, пасмажыць. Прычым журы вызначала не толькі хуткасць прыгатавання, але і смакавыя якасці, знешні выгляд. І трэба сказаць, усе на выдатна справіліся з заданнем, бліны атрымаліся як на падбор, з залацістай, падрумяненай скарынкай.

Але, бадай, асноўнымі сталі спаборніцтвы ў сельскай эстафеце. Пілаваць дровы, рыбачыць, майстраваць лаўку — прывычны занятак для сельскага жыхара. А вось злавіць курыцу або зладзіць ралі на тачках — значна складаней. Ды ўсе ўдзельнікі годна справіліся з заданнем, паказалі спрыт і майстэрства.

У агульны залік кожнай сям'і пайшлі і вынікі інтэрнэт-конкурсу «Найлепшы сельскі падворак», дзе яны расказалі аб паўсядзённым жыцці, клопатах, агульных захапленнях. Аднак пераможцаў у ім вызначала не журы, а падпісчыкі суполкі «Моладзь Беларусі» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».

А вось вызначыць пераможцу па выніках конкурсу было не так і проста. Кожны з удзельнікаў прадэманстраваў спрыт, майстэрства, творчы падыход да справы. І да апошняга часу інтрыга захоўвалася: хто стане найлепшым? Таму кульмінацыяй свята стала ўшанаванне на галоўнай сцэне. Ніхто не застаўся неадзначаным. Усе фіналісты атрымалі дыпломы, падарункі і сертыфікаты на суму 80 базавых велічынь — 1960 рублёў. Уладальнікамі галоўнага прыза — мотакультыватара — стала сям'я Хацкевічаў з Віцебшчыны. Другое месца ў сям'і Шуцілаў з Міншчыны, ім дасталіся пральная машына і плазменны тэлевізар. Такія ж неабходныя ў жыцці бытавыя прыборы павезлі дадому і прадстаўнікі Магілёўшчыны — сям'я Снігір, якая заняла трэцяе месца.

Дадам, што гісторыя конкурсу вядзе пачатак з 2007 года. Тады ў Глыбоцкім раёне рэаліці-шоу доўжылася паўгода. У 2008-м маладзёжная ініцыятыва была падтрымана БРСМ на рэспубліканскім узроўні. З тых часоў рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла» працягваецца. Ён накіраваны на павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванне інстытута сям'і, папулярызацыю сямейных каштоўнасцяў, традыцый беларускай вёскі, замацаванне маладых кадраў на вёсцы. Гэты конкурс атрымаў пастаянную прапіску ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і штогод аб'ядноўвае сотні маладых сем'яў узростам да 31 года, што пражываюць і працуюць на вёсцы не менш як тры гады. У 2018-м у ім прынялі ўдзел 492 маладыя сям'і з усіх рэгіёнаў краіны.

Дарэчы, фіналісты ў Слуцку паўдзельнічалі не толькі ў конкурсе, але і ў свяце горада. Слуцку ў гэты дзень споўнілася 902 гады. Свята атрымалася відовішчным і масавым. Гасцям і гараджанам прапаноўвалася шмат мерапрыемстваў, выставак, канцэртаў, кірмашоў. Тым больш што добраму настрою спрыяла прыемнае надвор'е, не па-восеньску яркае сонца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Дранікі на драўлянай калодзе, ралі на тачках і паляванне на курэй

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.