Вы тут

Намеснік Генеральнага сакратара ААН мае агульныя карані з Прэзідэнтам


Гэта высветлілася падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам Генеральнага сакратара ААН, кіраўніком Контртэрарыстычнага ўпраўлення Уладзімірам Варанковым.


У пачатку сустрэчы беларускі лідар адзначыў, што для яго дзіўна і нечакана было даведацца, што бацька намесніка Генеральнага сакратара ААН нарадзіўся там, дзе прайшлі дзіцячыя гады Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дзе ён пазней працаваў кіраўніком некаторых арганізацый.

Дарэчы, у найбліжэйшыя дні плануецца, што Уладзімір Варанкоў наведае радзіму бацькі — вядомага савецкага гісторыка-славіста, прафесара МДУ, — які быў ураджэнцам вёскі Ржаўцы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што вельмі рады, што Уладзімір Варанкоў пабывае на яго радзіме. "Хоць я нарадзіўся ў Оршы, побач зусім, паміж Смаленскам і Магілёвам. Усё сваё жыццё свядомае, дзіцячае і юнацкае я правёў у Шклоўскім раёне. Адтуль мая мама, усе мае сваякі, — дадаў ён. — Таму перадавайце прывітанне нашай малой радзіме, не забывайце, прыязджайце. Няхай гэта сёння не цэнтр нейкай гаспадаркі, але вельмі перспектыўная, вельмі добрая вёсачка".

Акрамя таго, беларускі лідар папрасіў перадаць Генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрэшу самыя цёплыя і добрыя пажаданні ад яго. "Мы бліскучыя маем адносіны, вельмі сяброўскія, давяраем адзін аднаму", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён назваў Генеральнага сакратара ААН цікавым, вельмі памяркоўным, адкрытым, добрым і шчырым чалавекам. Акрамя таго, Прэзідэнт падзякаваў Уладзіміру Варанкову за ўдзел у арганізацыі канферэнцыі пад эгідай АБСЕ "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху". "Вядома, без падрыхтоўкі, без вашага ўкладу гэтая канферэнцыя не мела б такога поспеху", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ Прэзідэнт падзякаваў суразмоўніку за візіт у Мінск. На думку кіраўніка дзяржавы, яму, як вясковаму чалавеку, вядома, што людзям вельмі зручна жыць у горадзе, дзе чалавек бліжэй да прыроды, таму "шкельцамі" Мінск не забудаваны. У гараджан ёсць выдатныя месцы для адпачынку — напрыклад Камсамольскае возера, Мінскае мора. Ён дадаў, што кантралюе, каб сталіца была зручнай для жыцця народа і трымалася на еўрапейскім узроўні.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка не можа знаходзіцца ў Маскве больш за два дні — пра гэта ён часта кажа Уладзіміру Пуціну. На яго думку, не трэба збіраць усю Беларусь у Мінску, як з усёй Расіі з'язджаюцца ў Маскву."Я спрабую ўберагчы краіну ад такой шчыльнай забудовы, і вы можаце літаральна ўнутры кальцавой дарогі ўбачыць вельмі шмат палёў, на якіх вырошчваецца хлеб і іншыя сельскагаспадарчыя культуры. Гэта таксама вельмі важна, людзі павінны бачыць не проста хмарачосы і шкельцы або бетон", — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, унутры Мінскай кальцавой аўтадарогі можна сустрэць жывёл. Прэзідэнт дадаў, што раніцай ці вечарам у дарозе ён бачыць статкі аленяў. У Беларусі жорстка ставяцца да браканьераў, створана адпаведная служба, таму робіцца ўсё, каб наша краіна заставалася некранутай.

У адказ Уладзімір Варанкоў заявіў, што для яго гэта вельмі эмацыянальны дзень, паколькі ён не быў у Беларусі апошнія сем гадоў. Па словах намесніка Генеральнага сакратара, усё сваё дзяцінства ён правёў у вёсцы Ржаўцы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці: бегаў басанож, збіраў сена, капаў бульбу, займаўся сельскагаспадарчай працай.

У найбліжэйшы час ён наведае тыя гарады і пасёлкі, якія бачыў у дзяцінстве. Сярод іх Орша, Копысь, Александрыя, Шклоў. Уладзімір Варанкоў адзначыў, што беларускі народ вылучаецца гасціннасцю, якую ён заўсёды адчуваў, калі прыязджаў да сваякоў і сяброў.

Акрамя таго, на сустрэчы Уладзімір Варанкоў падзяліўся з Прэзідэнтам асаблівасцямі работы сакратарыята ААН, Контртэрарыстычнага ўпраўлення — новага органа, створанага ў рамках рэформаў.

Мэтай візіту Уладзіміра Варанкова ў Беларусь таксама з'яўляецца ўдзел у міжнароднай канферэнцыі "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху", якая ў гэтыя дні праходзіць у Мінску пад эгідай АБСЕ.

У адпаведнасці з праграмай візіту Уладзімір Варанкоў сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі, міністрам замежных спраў, старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, дырэктарам Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААН у сферы барацьбы з тэрарызмам.

Таксама ён правёў лекцыю для студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а яшчэ наведаў прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Беларусі.


Голас Беларусі добра чуваць у хоры галасоў краін — удзельніц ААН

Пра гэта журналістам заявіў намеснік Генеральнага сакратара ААН, кіраўнік Контртэрарыстычнага ўпраўлення Уладзімір Варанкоў па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

"Сёння адбылася вельмі добрая, цікавая размова з Прэзідэнтам. Мы абмяркоўвалі пытанні развіцця сістэмы ААН, контртэрарыстычнай дзейнасці ААН, — падзяліўся падрабязнасцямі сустрэчы Уладзімір Варанкоў. — Тэрарызм — гэта глабальная пагроза, адказ ёй павінен быць, натуральна, глабальны. Беларусь падтрымлівае дзейнасць майго ўпраўлення. Мы атрымліваем шмат парад, рэкамендацый з боку дзяржаў — удзельніц ААН, працуем з імі па контртэрарыстычнай праблематыцы вельмі шчыльна, і голас Беларусі ясна чуваць у гэтым агульным хоры галасоў краін-удзельніц".

Ён адзначыў, што беларуская знешняя палітыка вельмі актыўная, яна накіравана на падтрымку ААН, што, зразумела, вітаецца. Па словах намесніка Генеральнага сакратара, зараз адбываюцца значныя перастаноўкі на міжнароднай сцэне, працэсы глабалізацыі набылі кірунак, які адрозніваецца ад папярэдняга, аднак сама глабалізацыя і міжнародныя арганізацыі застаюцца вельмі важным элементам сусветнай стабільнасці, парадку. Беларусь аказвае падтрымку ААН, гэта вельмі важная перадумова для таго, каб захоўваць стабільнасць і эфектыўна развіваць сусветную эканоміку, дадаў ён.

Уладзімір Варанкоў падкрэсліў: “Барацьба з тэрорам будзе заставацца адным з найважнейшых прыярытэтаў ААН. Мы разлічваем на тое, што наша супрацоўніцтва з Беларуссю ў гэтым напрамку будзе эфектыўна працягвацца", — сказаў ён.

На пытанне аб тым, ці варта рэфармаваць структуру ААН, якую ў апошні час крытыкуюць за лішні бюракратызм і непаваротлівасць, Уладзімір Варанкоў расказаў, што Генеральны сакратар ААН цяпер праводзіць сур'ёзныя рэформы, у прыватнасці, стварэнне ўпраўлення па контртэроры — адна з іх. Чаму гэтая рэформа адбылася? Ёсць праблема, якая пагражае стабільнасці і бяспецы. Першы крок Антоніу Гутэрэша на сваёй пасадзе — заснаванне такога ўпраўлення, сказаў ён.

Праводзіцца і шэраг іншых рэформаў — па кіраванні, менеджменце ААН, міратворчасці. Ён падкрэсліў, што такі комплексны падыход прымяняецца для таго, каб сістэма набыла вялікую эфектыўнасць і ўстойлівасць, працавала ў цеснай звязцы з дзяржавамі і іх прыярытэтамі.

Апошняе пытанне датычылася таго, якім чынам сёння ўзаемадзейнічаюць Беларусь і Расія ў ААН — асобна або адзіным фронтам. Па словах Уладзіміра Варанкова, цяпер гэтая тэма не адносіцца да яго мандата, але, па ранейшым досведзе працы (ён быў пастпрэдам Расійскай Федэрацыі пры міжнародных арганізацыях сістэмы ААН у Аўстрыі), нашы краіны не проста актыўна працавалі разам, але выступалі як прадстаўнікі Саюзнай дзяржавы на форумах МАГАТЭ, іншых арганізацый.

"Я не бачу ніякіх сведчанняў таму, што ёсць нейкія прынцыповыя разыходжанні ў лініі Беларусі і Расіі на пляцоўках ААН. Але, натуральна, у кожнай краіны ёсць свае нацыянальныя інтарэсы, яны не заўсёды могуць супадаць на 100 %, таму і нюансы ў пэўных падыходах. Але гэта логіка любой знешняй палітыкі, любых нацыянальных інтарэсаў, што ты падтрымліваеш адно аднаго па тых ці іншых пытаннях, дзе гэтыя пазіцыі сыходзяцца, і ты карэктна можаш выказаць іншы пункт гледжання па тых пытаннях, дзе поўнага супадзення не адбываецца", — дадаў ён.

Эфектыўнае, сяброўскае і нацэленае на вынік — так Уладзімір Варанкоў ахарактарызаваў двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. На яго думку, будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі — гэта адзін з прыкладаў вельмі паспяховага супрацоўніцтва дзяржаў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».