Вы тут

Як не нашкодзіць сэрцу ў халодны перыяд


Людзі з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, у прыватнасці ішэмічнай хваробай сэрца, сардэчнай недастатковасцю, арытміяй, маюць асаблівую патрэбу ў вакцынацыі ад грыпу.


Як расказаў намеснік дырэктара РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр ПАЦЕЕЎ, міжнародныя даследаванні даказалі сувязь паміж вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і развіццём інфаркту міякарда. У сезоне, калі павялічваецца колькасць гэтых хвароб, назіраецца і рост выпадкаў інфаркту.

— Пасля вострай рэспіраторнай інфекцыі рызыка інфаркту павялічваецца ў чатыры разы, прычым найбольш небяспечнымі з'яўляюцца першыя трое сутак хваробы, — падкрэсліў Аляксандр Пацееў. — Таму рэкамендацыі амерыканскіх, еўрапейскіх, расійскіх і беларускіх кардыёлагаў супадаюць у тым, што людзям з сардэчна-сасудзістымі хваробамі неабходна праходзіць вакцынацыю ад грыпу. Сувязь менавіта гэтай інфекцыі з інфарктам з'яўляецца найбольш даказанай.

Аляксандр Пацееў дадаў, што грып можа выклікаць і парушэнні рытму сэрца. Такое захворванне, як арытмія, даволі распаўсюджана ў нашым рэгіёне, і прышчэпка ад грыпу гэтым пацыентам таксама паказана ў прафілактычных мэтах. Увогуле чым больш сталы чалавек, тым большая эфектыўнасць прышчэпкі ад грыпу.

А вось восеньскімі нарыхтоўкамі, саленнямі і квашаннямі людзям, якія маюць захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, занадта захапляцца не варта. Гэта адзначыла загадчык лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія», кандыдат медыцынскіх навук Вольга ПАЎЛАВА.

— Мы традыцыйна нарыхтоўваем агародніну на зіму — кансервуем, засольваем, квасім. І гэта вядзе да росту ўжывання паваранай солі, што, у сваю чаргу, на 20 % павялічвае рызыку развіцця інфаркту міякарда, — растлумачыла спецыяліст. — Беларусы ўжываюць 10 грамаў солі ў суткі пры норме да 5 грамаў. Для нармальнага функцыянавання сардэчна-сасудзістай сістэмы нашаму арганізму ўвогуле дастаткова ўсяго 1,5-2 грамы ў суткі. Змяншэнне солі ў штодзённым рацыёне на 2-2,5 грама садзейнічае зніжэнню рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў на 30 %. Таму людзям з сардэчна-сасудзістымі хваробамі, а таксама з атлусценнем, цукровым дыябетам кансерваваная агародніна не рэкамендуецца з-за вялікай солевай нагрузкі на арганізм.

Варта памятаць, што ўсяго 10 % солі мы атрымліваем з натуральнымі прадуктамі, яшчэ 10—15 % ужываем, падсольваючы ежу падчас гатавання. А 75 % паступае з прадуктамі, вырабленымі харчовай прамысловасцю. Таму варта таксама звяртаць увагу на тое, якія прадукты мы выбіраем у краме і рэгуляваць іх колькасць у сваім рацыёне.

Вольга Паўлава нагадала, што свежыя садавіна і агародніна неабходны нам у любы час года. Восенню яе павінна быць да 500—600 грамаў у суткі. А зімой замарожаная агародніна куды карыснейшая, чым марынаваная.

Таксама спецыяліст нагадала, што восенню традыцыйна падае фізічная актыўнасць. Але адмаўляцца ад яе нельга, летнія віды фізкультуры ў халодны час варта замяняць на іншыя даступныя. Так ці іначай, 30—40 хвілін дынамічнай нагрузкі проста неабходны кожнаму чалавеку, незалежна ад узросту. Разам з вакцынацыяй і рацыянальным харчаваннем яна памяншае рызыку вострых рэспіраторных інфекцый.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Зрабіць прышчэпку ад грыпу, адмовіцца ад марынадаў

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.