Вы тут

Як утрымліваюцца нежылыя дамы і кінутыя будоўлі


Закінутыя дамы як магнітам цягнуць да сябе школьнікаў і людзей без пэўнага месца жыхарства. У ідэале яны павінны быць надзейна абгароджаны з-за таго, што ўяўляюць сабой крыніцу небяспекі. Але ў рэальнасці так не заўсёды. Толькі ў Фрунзенскім раёне мы патрапілі падчас рэйду з супрацоўнікамі Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на тэрыторыю трох такіх аб'ектаў.
Знаходзяцца яны ў «маладых» мікрараёнах з вялікай колькасцю дзяцей. І невядома, якія таямніцы могуць утойваць адселены прыватны дом ці прыпыненая будоўля — глыбокія правалы, арматуру, якая тырчыць, ці проста цэглу, што асыпаецца ад любога неасцярожнага дотыку.


Адэкалон на століку

Колішняя вёсачка Кунцаўшчына зараз актыўна зносіцца. Замест дыхтоўных катэджаў і вясковых хат вырастаюць новыя вышынныя дамы. Аднак не бывае, каб сям'я сёння пакінула прыватны дом і пераехала ў іншае жыллё, а назаўтра прыйшлі рабочыя і разабралі старую пабудову. Пэўны час адселены дом так і працягне стаяць. Колькі прадоўжыцца такі перыяд міжчасоўя — невядома. Затое лепшага аб'екта для таго, каб пераначаваць чалавеку без пэўнага месца жыхарства або паціху сабрацца маладзёжнай кампаніяй, шукаць не трэба.

— Сёлета ў сталіцы было ўжо 23 пажары ў такіх дамах, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Мінску Вольга Мельчанка. — А вось летась, напрыклад, адзін з дамоў «адзначыўся» ў зводцы МНС ажно тройчы. Самі колькі разоў бачылі, што адселеная хата як быццам зачынена. Але адкідваеш патаемны цвік — і дзверы гасцінна расчыняюцца. На тое, што ўнутры нехта жыве, паказваюць вопратка, цыгарэты, бутэлькі, спальнае месца.

...Калісьці на вуліцы Івянецкай стаяў дыхтоўны катэдж — два паверхі, прасторны падвал. Старыя гаспадары ўжо выехалі адсюль. Так, каля катэджа ёсць агароджа, але яна чыста сімвалічная — адкрываецца рукой на раз-два. Адразу відаць, што гэтым трукам карыстаемся не мы адны — вакол катэджа накіданы цэлыя горы смецця. Такое адчуванне, што дом пачыналі зносіць, але з нейкай прычыны гэта прыпынілася — на былым уваходзе ў падвал ляжыць груда бітай цэглы. Затое яго аблюбавалі мясцовыя падлеткі — сцены размаляваны графіці так, што жывога месца няма. Замест шыбаў ззяюць чорныя прагалы. Трапіць у катэдж нескладана — дастаткова толькі не зваліцца, караскаючыся па схіле на ўзровень другога паверха. Затое ўнутры чаго толькі няма — бітае шкло, бутэлькі, недакуркі... Пасярэдзіне ззяе прагал шырынёй каля метра, у які чалавеку лёгка праваліцца.

— Некалькі разоў супрацоўнікі сталічнага МНС накіроўвалі інфармацыю ў будаўнічую арганізацыю аб існуючых праблемах, — кажа Вольга Мельчанка. — І яны прымалі нашы заўвагі да ведама. Вось толькі праз некаторы час праблема зноў паўстала.

Побач з катэджам — яшчэ адзін прыватны дом. Знешне тут усё добра. Вокны старой драўлянай хаткі шчыльна забіты дошкамі, прычым так, што тут і кошка не пралезе. Тэрыторыя вакол таксама чысценькая — смецця тут няма. Але д'ябал, як гаворыцца, хаваецца ў дробязях.

І вось знаходзіцца тое, што мы шукалі. Акно ў прыбудове зусім не забіта, а закладзена кардонкай. Вольга Мельчанка здымае кардонку. З памяшкання пачынае несці амбрэ, у якім змяшаліся пах цвілі, застарэлай нямытай вопраткі, нейкай кісляціны. Але аказваецца, што ў гэтым адселеным доме нехта ўсё ж жыве. Ложак акуратна засланы, на століку побач стаіць некалькі сродкаў гігіены, сярод якіх трапляецца нават... адэкалон.

— Першы раз такое бачу, — здзіўляецца старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Фрунзенскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Туравец. — Нейкі «эстэт» пасяліўся. Але як жа ён сюды залазіць?

Дзверы ў дом зачынены наглуха. Разгадка знайшлася на заднім двары. Адна дошка прыбіта проста для бачнасці. Насамрэч яна ледзь трымаецца на адным цвічку. Лёгкім дотыкам рукі дошка адводзіцца ўбок. Зашчапка, на якой трымаецца рама, адводзіцца таксама лёгка. І аконны праём свабодны.

Дарэчы, у некаторых адселеных дамах вокны закладзены цэглай. Гэта зроблена ўжо для таго, каб стапрацэнтна туды ніхто не пралез. Але цэглы на ўсіх не хопіць. І таму вокны ў астатніх дамах закладзены дошкамі.

«Схованка» для прагульшчыкаў

Дзесьці на рубяжы дзесяцігоддзяў адразу за Сухараўскімі могілкамі пачалася рэканструкцыя будынка гаражоў з прыбудовай паркінга і адміністрацыйна-гандлёвых памяшканняў. Будаўніцтва аплочвалі дольшчыкі, быў створаны кааператыў. Але было выдадзена прадпісанне на прыпыненне работ. А зараз і генпадрадчык, і заказчык аб'екта праходзяць працэдуру банкруцтва. Сам жа паркінг «захрас» на ўзроўні чатырох паверхаў. Уверсе ён ашчэрыўся ў неба арматурай, нібы пікамі.

Аховы на аб'екце мы не заўважылі. Будоўля абнесена агароджай вышынёй у некалькі метраў. Пералезці цераз яе складана. Але стаіць яна не ўсюды, на што і паказвае добра пратаптаная сцежка. Так і ёсць — за метраў 10 да глухой бетоннай сцяны агароджа нечакана абрываецца.

Менавіта тут і ходзяць мясцовыя падлеткі. Яно і не дзіўна — ад суседняй школы да кінутай будоўлі не будзе і 200 метраў. Месцічы кажуць, што пабачыць іх там можна штодня. Так і адбылося — нават апоўдні мы ўбачылі спіну падлетка, які імкліва ўцякаў ад нас па лесвіцы.

— Скразныя шахты праходзяць праз усе чатыры паверхі недабуду, — заўважае Мікалай Туравец. — У падлозе ззяюць адтуліны розных памераў. Праваліцца туды ў цемры, як у колішняй тэлевізійнай гульні, — можна на раз-два. У адным з адсекаў плавае ў вадзе смецце. Якая там глыбіня — невядома. Усе сцены размаляваны графіці. Шмат дзе — аскепкі бітага шкла... А побач стаіць бытоўка, якая гарэла два тыдні таму.

Сітуацыю крыху праясніў кіраўнік у вытворчасці па справе аб банкруцтве жыллёвага кааператыва Аляксей Шыла.

— Агароджа з'явіцца тады, калі будуць сродкі. У банкрута на сёння такіх грошай няма. Пакуль што часова паставім ахову... Тут ёсць і свае нюансы — напрыклад, быў выпадак, калі мы а другой гадзіне дня паставілі пралёты, змацавалі іх дротам. Прыходзім праз дзве гадзіны і бачым, што дрот разарваны і людзі, у тым ліку і дарослыя, зноў на аб'екце. Наступным разам павесілі ланцуг. Дык нехта прыехаў з «балгаркай» і распілаваў яго. Таму трэба думаць, што рабіць з гэтым аб'ектам...

А вось у колішняй вайсковай часці ў мікрараёне Масюкоўшчына супрацоўнікі ЖРЭА № 2 Фрунзенскага раёна памылкі мінулых гадоў улічылі. Як і ў выпадку з адселенымі катэджамі, тэрыторыя рыхтуецца пад забудову. Але вокны старых казармаў закладзены цэглай як на першым, так і на другім паверсе, а для надзейнасці ў праёмах устаноўлены вельмі тоўстыя рашоткі. Адным словам, сюды ўжо бадзяга ці вучань проста так не трапіць. Як вынік — поўная адсутнасць пажараў у гэтых закінутых будынках. Хоць раней ратавальнікі прыязджалі сюды на баявыя выклікі некалькі разоў на год.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Вакантная» нерухомасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка. 

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.