Вы тут

Якім чынам дзетдомаўскае дзіця можа трапіць на выхаванне ў сям'ю


Напярэдадні святкавання Дня маці мы хацелі б успомніць жанчын, якія, нават калі і не нарадзілі самі, усё роўна з'яўляюцца мамамі. Размова пойдзе пра тых, хто гадуе чужых дзяцей і любіць іх, як родных. Кожнае малое мае патрэбу ў сям'і і любові, але ў сілу розных абставін некаторыя не маюць гэтага. У Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення «Звяздзе» расказалі аб тым, якім чынам дзетдомаўскае дзіця можа трапіць на выхаванне ў сям'ю і чым адзін спосаб адрозніваецца ад іншага.


Згодна з нашым заканадаўствам існуюць наступныя віды ўладкавання гэтых дзяцей: усынаўленне, апякунская сям'я і прыёмная сям'я, дзіцячы дом сямейнага тыпу.

Усынаўленне

Усынаўленне лічыцца прыярытэтнай формай уладкавання дзіцяці-сіраты. Гэта асаблівы шлях бацькоўства, заснаваны на прыняцці чужога дзіцяці як свайго, роднага. У выніку ўсынаўлення паміж усынавіцелем і ўсыноўленым узнікаюць такія ж правы і абавязкі, як паміж кроўнымі бацькамі і іх дзецьмі.

Дзіця прымае вашае прозвішча і імя па бацьку. Пры жаданні можна памяняць нават дату нараджэння (але не больш чым на адзін год) і месца яго нараджэння (у межах Беларусі). Такое дзіця мае ўсе правы на спадчыну. А яго былыя родныя ніколі не даведаюцца, дзе яно.

Усынаўленне афармляецца праз суд. Пры гэтым розніца ва ўзросце паміж усынавіцелем і дзіцем павінна быць не менш за шаснаццаць і не больш за сорак пяць гадоў.

Упраўленне (аддзел) адукацыі па месцы жыхарства на працягу першых трох гадоў пасля ўсынаўлення кантралюе ўмовы жыцця і выхавання дзіцяці ў сям'і.

Апека і папячыцельства

Апека — гэта прыняцце ў дом дзіцяці на правах выхаванца.

Апека ўстанаўліваецца над дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў, а папячыцельства — над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Пад апеку (папячыцельства) дзяцей часта бяруць сваякі, якія маюць пераважнае права перад іншымі асобамі.

Апека можа быць прызначаная на пэўны тэрмін або без тэрміну. Афармляецца ў адміністрацыйным парадку. Дзіця пры гэтым не мяняе прозвішча, не лічыцца вашым і можа мець зносіны з былымі сваякамі.

Калі з'явяцца людзі, якія пажадаюць усынавіць гэта дзіця, яго забяруць. За працэсам выхавання сочаць органы апекі, якія праводзяць кантрольныя абследаванні ўмоў жыцця падапечных не радзей за два разы на год.

На апякаемае дзіця выплачваецца штомесячная дапамога. Сумы, што атрымлівае падапечны ў якасці пенсій, дапамог, аліментаў і іншых бягучых паступленняў, накіроўваюцца ў распараджэнне апекуна або папячыцеля і выдаткоўваюцца ім на ўтрыманне гэтага падапечнага.

Прыёмная сям'я

Прыёмная сям'я — форма выхавання дзіцяці (дзяцей) у сям'і дома ў прыёмнага бацькі (маці) — выхавацеля. Яе яшчэ часта называюць «сямейным дзіцячым домам».

Звычайна ў прыёмную сям'ю перадаюць дзяцей, якіх немагчыма перадаць на ўсынаўленне або пад апеку сваякам. Такая сям'я замяняе знаходжанне дзіцяці ў дзіцячым доме на хатняе выхаванне і ствараецца на аснове дагавора паміж прыёмнымі бацькамі і органамі апекі. Тэрмін змяшчэння дзіцяці ў такую сям'ю вызначаецца дагаворам і можа быць розны. На практыцы дагавор аб прыёмнай сям'і заключаецца да паўналецця дзіцяці.

У прыёмных сем'ях можа выхоўвацца ад аднаго да васьмі дзяцей, уключаючы родных дзяцей. Прыёмным бацькам плаціцца заробак і залічваецца працоўны стаж. У адносінах да дзіцяці прыёмныя бацькі з'яўляюцца яму апекунамі.

На дзіця выплачваецца штомесячная дапамога, даюцца льготы па транспартным абслугоўванні. Пасля таго як яму міне 18 гадоў, вылучаецца жыллё, калі яго няма. Але органы апекі пастаянна кантралююць выхаванне і расходаванне сродкаў.

Ёсць і яшчэ адзін шлях — патранатнае выхаванне

Патранатнае выхаванне прадугледжвае ўдзел грамадзян у выхаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Яно падыходзіць тым, хто хоча паўдзельнічаць у жыцці дзіцяці, што расце без сям'і, стаць сябрам малому, якое жыве ў дзіцячым доме або інтэрнаце.

У гэтым выпадку можна:

наведваць дзіця ва ўстанове;

прымаць дзіця ў сваёй сям'і ў выхадныя і дні канікул;

даць магчымасць дзіцяці хоць на кароткі перыяд пажыць у клапатлівай сям'і, падзяліцца з ім сваім жыццёвым вопытам (навучыць гатаваць, рабіць пакупкі, дапамагчы ў выбары будучай прафесіі);

прыняць дзіця, якое часова мае патрэбу ў сям'і. Такому дзіцяці з розных прычын альбо немагчыма, альбо пакуль не ўдаецца знайсці сям'ю на больш доўгі тэрмін. Як правіла, гаворка ідзе пра дзяцей падлеткавага, магчыма, юнацкага ўзросту, альбо аб дзецях, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, ці аб тых, хто часова знаходзіцца ў дзіцячых інтэрнатных установах.

Абавязкі патранатнага выхавання выконваюцца на бязвыплатнай аснове. А апека, папячыцельства над такімі дзецьмі захоўваюцца за кіраўнікамі дзіцячых інтэрнатных устаноў, устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі (калі дзіця там вучыцца).

Кантроль за ўмовамі выхавання і ўтрымання такіх дзяцей ажыццяўляецца органамі апекі і папячыцельства.

І хоць збоку можа здацца, што гэта добры варыянт дапамагчы канкрэтнаму дзіцяці, калі з нейкіх прычын дарослы чалавек ці сям'я не можа ці не хоча даць яму большага, трэба адзначыць і падводныя камяні патранатнага выхавання, якія могуць праявіцца з цягам часу.

Так, можа здарыцца, што дзіця стане спадзявацца, што патранатны выхавальнік яго ў рэшце рэшт усынавіць, прыме ў сям'ю назаўсёды. Часта ў гэтым выпадку дзіця можа сумаваць, трапляючы ў сям'ю, нават у моманты агульнай весялосці. Так яно будзе перажываць хуткую перспектыву вяртання ў дзіцячы дом, расставання з ветлівай і вясёлай сям'ёй.

Ну і, вядома, дзіцяці можа быць балюча вяртацца назад у дзіцячы дом пасля добра праведзеных «сямейных вакацый» або «сямейных выхадных», і яно будзе цяжка перажываць расставанне. Так што тут таксама трэба ўзважыць усе «за» і «супраць» такой, на першы погляд, вельмі добрай справы.

У нашай краіне налічваецца 283 жанчыны, якія маюць прафесію «маці-выхавальніца» і працуюць у дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Гэта жанчыны, якія, акрамя выхавання родных дзяцей, дораць раўназначныя ўвагу і клопат дзецям, што страцілі апеку ўласных бацькоў. Кожная з іх выпускае ў дарослае жыццё дзясяткі дзяцей (адначасова ў доме сямейнага тыпу могуць выхоўвацца да дзесяці дзяцей, і калі яны пакідаюць яго сцены, пад крыло мамы-выхавальніцы трапляюць новыя).

Як нам паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена СІМАКОВА, у Беларусі з 2010 года амаль удвая зменшылася колькасць дзяцей, бацькі якіх пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Так, калі ў 2010 годзе гэтая лічба складала 2683 дзіцяці, то па выніках 2017 года — каля 1400.

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Мама павінна быць у кожнага!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.