Вы тут

Эксперты: У сегменце электроннай камерцыі яшчэ няма ўстойлівых брэндаў


Эксперты ўпэўнены, што ў сегменце электроннай камерцыі ў нас яшчэ няма ўстойлівых брэндаў, хоць сітуацыя і пачала мяняцца ў лепшы бок.

Па даных Гандлёвага рэестра Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у нашай краіне 18 056 інтэрнэт-крам. У гэтым годзе МАРГ увёў спрошчаную сістэму падаткаабкладання для інтэрнэт-гандляроў. Што яшчэ на рынку электроннай камерцыі адбылося сёлета, мы запыталіся ў эксперта рынку — дырэктара правайдара электронных плацяжоў Аssіst Bеlаrus Вячаслава Сеніна.


— У інтэрнэт-гандлі пераважаюць безнаяўныя плацяжы або вялікая доля ўсё ж такі за «кэшам»?

— Калі ў звычайных крамах за апошні час удалося дамагчыся добрых вынікаў па пераходзе на безнаяўную аплату, то парадаксальна, але факт: у электроннай камерцыі каля 56 % пакупнікоў усё яшчэ аплачваюць заказы наяўнымі пры дастаўцы. Праўда, гэта на 8 % менш, чым годам раней, але ўсё ж... Сёння банкаўскай карткай пры аплаце карыстаюцца 12 % пакупнікоў і гэта на 36 % больш, чым у мінулым годзе. І правільна робяць: безнаяўны від аплаты надзейней абараняе правы спажыўца, таму што выразна прасочваецца шлях грошай ад спажыўца да суб'екта.

Як паказвае цяперашні вопыт, далёка не ўвесь гандаль бачыць прасоўванне бізнесу ў інтэрнэт-камерцыю. Гэтым у асноўным займаюцца буйныя сеткі. Між тым замежны вопыт сведчыць пра тое, што гэта выгадная і перспектыўная ніша для прадаўцоў. Па даных Гандлёвага рэестра, на 1 ліпеня гэтага года колькасць інтэрнэт-крам перавысіла 17 тысяч, іх прырост з пачатку года склаў 10 %.

— Большасць інтэрнэт-крам — каля 51 % — належаць індывідуальным прадпрымальнікам...

— Гэта так. Іх агульны тавараабарот за 2017 год склаў 3,4 % у агульным аб'ёме рознічнага тавараабароту. У той час як дзяржава рэгулюе і стымулюе павышэнне долі безнаяўных плацяжоў у звычайных крамах, буйны рытэйл не зацікаўлены ў інтэрнэт-краме выкарыстоўваць выключна «бязнал». Як толькі абодва бакі — і дзяржава, і рытэйлер — будуць працаваць разам, у нас з'явіцца яшчэ адзін перспектыўны канал для нарошчвання долі безнаяўных плацяжоў у краіне.

— Хто часцей за ўсё карыстаецца паслугамі інтэрнэт-крам? Якія праблемы сёння існуюць у такім гандлі?

— Ключавым пакупніком у інтэрнэт-крамах з'яўляецца сярэдні клас. Больш за 50 % — людзі з вышэйшай адукацыяй. У сярэднім такія пакупнікі маладзейшыя, чым усе карыстальнікі інтэрнэту, і ўжо тым больш, чым усё насельніцтва краіны. Палова з іх знаходзіцца ва ўзроставым дыяпазоне ад 25 да 40 гадоў. Звыш 53 % такіх спажыўцоў пражывае ў Мінску, на астатнія абласныя гарады прыходзіцца не больш чым па 5 % пакупнікоў.

Як і на суседніх рынках, беларусы больш актыўна купляюць электроніку, бытавую тэхніку, камп'ютары і камплектуючыя. Дык вось, менавіта катэгорыю гэтых тавараў набывалі больш за 70 % усіх пакупнікоў. На другім месцы знаходзяцца адзенне, абутак і аксесуары. Вопыт куплі такіх тавараў мае больш за траціну ўсіх беларускіх кліентаў інтэрнэт-крам. Істотным адрозненнем нашага рынку ад рынкаў суседніх краін з'яўляецца высокая доля пакупнікоў, якія набываюць білеты на культурныя мерапрыемствы — у кіно, тэатры, на канцэрты. Таксама цікавым стаў той факт, што «тавары для прыгажосці» абагналі тэхніку, але саступілі таварам для дома.

— Плюсы і мінусы гандлю праз глабальную «павуціну»?

— Больш за палову кліентаў інтэрнэт-крам выбіраюць такі метад шопінгу з-за выгады. Таксама адзначаюць, што, карыстаючыся такім спосабам куплі, не трэба нікуды ісці, ды і асартымент у такіх крамах значна большы. Галоўны сакрэт паспяховасці інтэрнэт-крамы — гэта магчымасць даць пакупнікам больш выбару і кругласутачная работа.

Негатоўнасць насельніцтва рабіць пакупкі ў інтэрнэце тлумачыцца іх сэрвісам. Па меры росту якасці і колькасці крам можна будзе бачыць пастаянны і планамерны рост інтэрнэт-гандлю ў краіне. У цэлым рынак інтэрнэт-гандлю ў Беларусі сёння праходзіць стадыю актыўнага развіцця. Пакупнікі ўсё часцей наведваюць інтэрнэт-крамы з мабільных прылад, і таму прывабнасць мабільнай версіі сайта мае вялікае значэнне.

— Канкурэнцыя ў сеціве іграе не апошнюю ролю?

— Галоўным трэндам з'яўляецца мультыканальнасць — мноства розных пляцовак і прылад, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца продаж. Не менш важным для такіх крам з'яўляецца брэндынг запамінальнасці. Толькі нешматлікія з беларускіх пакупнікоў, напрыклад, могуць успомніць, у якой менавіта краме яны набылі сваю апошнюю анлайн-пакупку. У нашай краіне на сённяшні дзень у сегменце электроннай камерцыі няма ўстойлівых брэндаў, хоць сітуацыя і пачала мяняцца ў лепшы бок. Стварэнне гандлёвай маркі дазваляе прадаўцам утрымліваць кліентаў, што значна менш затратна, чым прыцягваць новых.

Паколькі канкурэнцыя на беларускім рынку е-соmmеrсе ўзрастае даволі хутка, у тым ліку за кошт замежных прадстаўнікоў, можна чакаць энергічную адаптацыю інтэрнэт-гандляроў да сусветных стандартаў у барацьбе за пакупнікоў. У будучыні чакаецца, што ў сетку выйдуць буйныя афлайнавыя гульцы, аднак і невялікія крамы будуць упэўнена займаць там сваю нішу. Мяркую, што павысіцца якасць абслугоўвання ў інтэрнэт-крамах. Інтэрнэт дазволіць пашырыць геаграфію продажаў. З часам вырашыцца пытанне з лагістыкай, паколькі поспех многіх бізнесаў будзе залежаць ад наладжанай схемы дастаўкі.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: У гэтай «павуціне» камерцыя не загіне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?