«Днямі дачка падарыла букет кветак і сказала: «Мамачка, віншую цябе са святам». Спрабую зразумець, з якім. «Ну як, Дзень пажылых людзей», — падказвае. Гэта было забаўна», — са смехам расказвае пра дзіцячыя падарункі Ксенія КАЛЯДА. 12 гадоў таму яна прыехала ў Жыровіцы паступаць у семінарыю. Хацела стаць кіраўніком царкоўнага хору, як і мама. Ехала сюды па адукацыю, а знайшла каханне. У семінарыі пазнаёмілася з будучым мужам і засталася жыць у вёсцы. Думаеце, сумуе? Дзе там! Шматдзетная мама, яна ладзіць у Жыровіцах сустрэчы жаночага клуба і возіць на кірмашы свае нарыхтоўкі. Пра тое, ці ходзіць яна на рок-канцэрты, як рэагуе на заўвагі дзяцей і чаму не хоча вяртацца ў сталіцу, Ксенія расказала «Звяздзе».
«На канцэрце «Акіяна Эльзы» была два ці тры разы»
Мы сядзім у місіянерскім доміку. На белай печцы — выявы анёлкаў, на сценах — плакаты Чырвонага Крыжа. Ксенія ўваходзіць у ініцыятыўную групу па здаровым ладзе жыцця, разам з вяскоўцамі і гасцямі мястэчка ездзіць па веламаршрутах, некалькі разоў плавала на байдарках.
— Набяру яшчэ пару кіло — і мяне выганяць з групы, — іранізуе яна з сябе.
Пытанне пра тое, чым жыццё матушкі адрозніваецца ад звычайнага, яна часта чуе і кожны раз адказвае: амаль нічым. «Разумееце, я з сям'і святара, і для мяне гэта звыклы асяродак. Мне больш цікава, як у вас».
— Усіх матушак лічаць добрымі, спакойнымі...
— Праўда? Матушкі не прыляцелі з нябёсаў на парасонах. Гэта звычайныя людзі, такія ж, як і ўсе, са сваімі праблемамі і «тараканамі» ў галаве. У мяне вось дастаткова цяжкі, неўтаймаваны характар. Люблю, каб усё было па-мойму, і злуюся, калі робяць інакш.
— То-бок у сям'і галоўная вы?
— Не, вельмі стараюся, каб муж быў галоўны. Разумею, калі буду ўсё на сябе цягнуць, мужчына не зможа быць мужчынам, а мне гэта нявыгадна, бо хочацца быць як за сцяной. Такі меркантыльны інтарэс, — смяецца Ксенія.
І расказвае, што ў многіх ёсць стэрэатып, быццам матушка павінна заўсёды хадзіць у хустцы і перапісваць кніжкі. «Мяне часта называюць манашкай па няведанні. Нават некалькі разоў заўвагі рабілі. Іду неяк у бальніцы з распушчанымі валасамі, завушніцамі, у прыгожым уборы і добрым настроі, і мяне жанчына даганяе: «Ну вы ж матушка, так нельга». Я кажу: «А я і вам рэкамендую: расчашыцеся, надзеньце завушніцы. Вы ж жанчына!»
Кожную суботу матушка ходзіць на вячэрняе богаслужэнне, у нядзелю — на літургію. Штодзень адводзіць час на ранішнюю і вячэрнюю малітву. Тлумачыць, што для яе гэта хутчэй не правіла, а лад жыцця. «Як гігіена душы. Мы чытаем малітвы, каб наш дзень прайшоў больш набожна. Можна і не чытаць, але ты справішся без гэтага слова, сказанага на дарогу?»
— А пайсці на поп- ці рок-канцэрт вам можна?
— Калі гэта «Акіян Эльзы», то чаму не? Я на іх хадзіла два ці тры разы. Трэба глядзець, што за канцэрт: калі вакханалія на сцэне, то мне будзе проста непрыемна там знаходзіцца. Вось на Rаmmstеіn я б не пайшла, для мяне гэта нецікава. І на дыскатэку таксама. А на баль патанчыць — з задавальненнем.
«Стараюся даваць дзецям свабоду»
Дзяцей у Ксеніі пяцёра: чацвёра родных і прыёмная дачка. З ёй матушка пазнаёмілася, калі падчас вучобы ў семінарыі наведвала дзіцячыя дамы. Спачатку стала хроснай дзяўчынкі: брала да сябе на канікулы і выхадныя, падарункі перадавала.
— А потым дзіцячы дом хацелі закрыць, і яе маглі звезці невядома куды. Нам з мужам і прапанавалі стаць прыёмнымі бацькамі. Дзяўчынка тады ў восьмы клас пераходзіла, а пасля дзявятага паступіла ў каледж у Гродна — не так шмат з намі пажыла. Цяпер ёй 20 гадоў, яна замужам, але мы працягваем кантактаваць.
Мы здзіўляемся, што Ксенія ў такім юным узросце вырашылася на дарослы і адказны крок, а яна тлумачыць: яна не пераследавала нейкую вялікую ідэю, проста адчувала, што так трэба.
Зараз у доме растуць Маша, Ваня, Глаша і Самсон. Малодшай два гады, старэйшаму — дзевяць. Цікава, што імя Самсон выбрала... жэрабя. Бацькі не маглі вызначыцца, як назваць сына, і пазначылі на паперках сем варыянтаў. «Самсона», якога запісалі толькі таму, што імя стаяла ў царкоўным календары, выцягнулі два разы запар. Усе былі ў шоку. Але цяпер іншага імя для хлопчыка нават не ўяўляюць.
Найлепшае выхаванне — гэта ўласны прыклад, упэўнена Ксенія.
— Мне не падабаецца, калі дзеці бясконца сядзяць у гаджэтах. Мульцікі ў нас дазіраваны, камп'ютарных гульняў наогул няма. Але калі я буду забараняць ім гэта, а сама ўвесь дзень праводзіць у «Фэйсбуку», мяне не будуць слухаць. Дзеці ж усё разумеюць. Сын часам робіць заўвагу: «Мама, нешта ты ў тэлефоне завісла». І замест таго каб адмахнуцца, я пагаджаюся: «Так, ты маеш рацыю, убіраю».
Дарэчы, самае страшнае пакаранне для малечы ў гэтай сям'і — адмена паабяцаных мульцікаў. Хоць, жартуе Ксенія, гэта больш на шантаж змахвае. Фізічнае пакаранне яна не ўхваляе: сілай прымушаць дзіця рабіць тое, што ты хочаш, непрадукцыйна.
Матушка стараецца даваць сынам і дочкам свабоду, каб яны самі маглі рабіць выбар. Праўда, прызнаецца, з яе характарам гэта не заўсёды атрымліваецца. І дадае, што бацькі не ўсёмагутныя — соцыум таксама моцна цісне на дзяцей.
— Яны вырастуць і не будуць пад маім кантролем. Пасля 18 гадоў як я насамрэч змагу на іх паўплываць? Як казаў адзін разумны чалавек, лепш не дзецям пра Бога казаць, а Богу пра дзяцей. Таму я малюся, каб яны былі добрымі людзьмі.
Цікавімся ў матушкі, ці расстройваецца яна з-за дрэнных адзнак у дзённіку.
— Я заўсёды казала, што мне яны без розніцы. І тут сын прыносіць першую адзнаку. Адкрывае сшытак — а там тлустая «чацвёрка». Я разрыдалася, як бялуга, — са смехам успамінае той выпадак Ксенія. — Муж глядзіць: «Што з табой?» «Ну як жа так, я дрэнная маці, што я няправільна зрабіла?» Але справа ж не ў гэтым. У майго дзіцяці, напрыклад, дыслексія — яму вучоба даецца вельмі складана, ён блытае літары. Пісаць і чытаць яму цяжка. Я ўпэўнена, што прыкладаю не менш сіл, чым іншыя маці. Дык навошта хвалявацца, што я дрэнна спраўляюся з абавязкамі? Прымай дзіця такім як ёсць, дапамагай чым можаш. Я зразумела, што адзнакі — гэта самалюбства бацькоў. Сто працэнтаў.
Муж Уладзімір таксама шмат часу ўдзяляе дзецям. Калі тата застаецца з малечай, то не будзе ляжаць на канапе, пакуль дзеці маюць магчымасць дзейнічаць самастойна. Разам ідуць з мячом на стадыён ці гуляюць у «настолкі».
«Пачастункі Матусі»
Аб тым, што прамяняла сталіцу на вёску, Ксенія не шкадуе. Хоць першыя гады два па Мінску сумавала. Прыязджала, глядзела з замілаваннем на вышынныя дамы... А цяпер, калі бывае там, думае: хутчэй бы ўжо дадому.
— Гэтая мітусня зусім не па мне. У вёсцы лягчэй пачуць сябе: тут ёсць час павольна прайсціся і падумаць. А ў горадзе метро, аўтобусы, машыны — я не паспяваю пра сябе ўспомніць. Напэўна, калі там жывеш, да гэтага прывыкаеш, але ў мяне не атрымліваецца. Яшчэ раздражняе агрэсіўная рэклама. Яна ўсюды! З вёскі прыязджаю, і на мяне гэты бургер з плаката наскоквае: «З'еш мяне!»
Пакуль сям'я занятая рамонтам, але налета, вырашыла матушка, агароду быць. Пасадзіць мускатныя гарбузы, зеляніны пабольш.
— Я вывучала сістэму — «не капаць, не палоць, не паліваць». Усё мульчыруецца па еўрапейскім стандарце. Сенам зямлю засыпаеш — і вільгаць трымаецца, і трава не расце. Можна з'язджаць надоўга і не хвалявацца за ўраджай, — дзеліцца планамі жанчына.
Сваю гаспадарку яна не трымае, затое дапамагае мясцовым бабулям прадаваць яйкі і сала — возіць прадукты ў Мінск, дзе яны разыходзяцца на ўра. Ад сябе прапануе выпечку і арыгінальныя нарыхтоўкі — напрыклад, цукровы сіроп з сасновымі парасткамі ад кашлю, соус з таматаў і сліў. Брэнд назвала «Пачастункі Матусі» (матусяй на Палессі клічуць хросную).
— Шукаю простыя спалучэнні з нашых сезонных прадуктаў і паказваю, што гатаваць гэта нескладана. Заўсёды дзялюся рэцэптамі.
— Самі дзе іх знаходзіце?
— Мая мама — геній гастраноміі, як я яе называю. Таму кулінарныя навыкі ў мяне ў крыві.
Тры гады таму Ксенія стварыла ў Жыровіцах жаночы клуб. Хацела, каб вяскоўцы больш пазнаёміліся і пасябравалі. З задавальненнем адзначае: мэта цалкам дасягнутая. Сустрэчы ў клубе праводзяцца на розныя тэмы — сёлета ўдзельніцы абменьваліся вопытам у ландшафтным дызайне, ферментаванні гарбаты, лепцы пельменяў. Прыязджалі псіхолагі з трэнінгамі па асабістым росце і кандытары з майстар-класамі.
Пры сцяне заўважаем скрынку ад батлейкі. Матушка расказвае: рабілі яе сваімі сіламі. Дэкарацыі змайстраваў адзін з мясцовых жыхароў, лялькі пашылі жаночым клубам. Сцэнарыі для спектакляў шукаюць у інтэрнэце і перарабляюць. З апошняй пастаноўкай — «Ефрасіння Полацкая» — нават удзельнічалі ў Міжнародным калядным фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы». На наступны год планы грандыёзныя.
— Хачу да мая зрабіць спектакль «З'яўленне іконы Жыровіцкай Божай Маці». Дык ніхто за сцэнарый не хоча брацца. А я не маю такога таленту, — уздыхае суразмоўніца.
«Цуды трэба ўмець бачыць»
Нядаўна Ксенія з мужам адзначалі дзясятую гадавіну шлюбу. Вечар правялі не ў рэстаране, а на выстаўцы, прысвечанай творчасці Толкіна — матушка аматар яго «Валадара пярсцёнкаў» і «Сільмарыліёна». На памяць засталіся фота ў казачных касцюмах і кулоны ў выглядзе дзвярэй у хобіцкую нару.
— Я вельмі люблю святы, мне здаецца, я магла б быць класным арганізатарам дзён нараджэння і вяселляў, — кажа жанчына.
У чым сакрэт трывалых адносін? Ксенія дзеліцца назіраннямі:
— Калі пасварыліся, трэба хутчэй мірыцца, каб расколіна не пераўтваралася ў прорву. Да ночы сказаць «прабач», прызнаць сваю віну. Я зразумела, што каханне — гэта дар і, калі яго не «падсілкоўваць», яно памірае. Патрэбны справы — напрыклад, не ленавацца зварыць мужу каву раніцай. У яго, дарэчы, дзень нараджэння ў лістападзе, ламаю галаву, што падарыць.
— Вашы жаданні муж угадвае?
— Я лічу, што мужчына не ўмее чытаць думкі. Таму, каб не скардзіцца потым, я яму проста кажу, што хачу ў падарунак. І заўсёды нагадваю. Мне не складана — у яго галава павінна быць занятая больш важнымі рэчамі, чым гэтыя даты.
Праз дарогу ад місіянерскага доміка ўзвышаецца манастыр. Туды з'язджаюцца з усёй Беларусі, каб папрасіць аб самым запаветным. Матушка не хавае: яна таксама верыць у цуды:
— Вось учора п'ю травяную гарбату, і скончыўся мёд. А без яго зусім не смачна. Думаю, калі ж яго куплю. Літаральна праз гадзіну прыязджае мая былая суседка па рэчы і прывозіць мёд у знак удзячнасці, — радуецца дробязям Ксенія. — У мяне ў жыцці заўсёды цуды, проста іх трэба ўмець бачыць. Тое, што дзеці нарадзіліся здаровыя, муж мяне любіць — гэта і ёсць цуды. Часам нават здзіўляюся: чаму ў мяне ўсё так добра?.. І слава Богу!
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Жыровіцы
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.